Logo Polskiego Radia
Print

У Сочы прайшла сустрэча Ангелы Мэркель і Ўладзіміра Пуціна

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 02.05.2017 17:59
На сустрэчы закраналіся пытаньні двухбаковых адносін, а таксама Ўкраіны, Сырыі й правоў чалавека ў Расеі.
PAP/EPA/YURI KOCHETKOV

У Сочы прайшла сустрэча Ангелы Мэркель і Ўладзіміра Пуціна. Канцлер Нямеччыны й прэзыдэнт Расеі размаўлялі амаль дзьве гадзіны, паведамляе з Масквы карэспандэнт Польскага радыё.

Пуцін паведаміў, што акрамя двухбаковых пытаньняў закраналіся тэмы канфлікту ва Ўкраіне й Сырыі.

Ангела Мэркель зазначыла, што пытаньне Данбасу неабходна вырашыць як мага хутчэй, у тым ліку даць магчымасьць Кіеву доступу да тэрыторый, падкантрольных сэпаратыстам.

У сваю чаргу Ўладзімір Пуцін зазначыў, што за сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны адказнасьць нясуць улады ў Кіеве. Расейскі лідар лічыць, што ў дадзены момант самае важнае – гэта тое, каб бакі канфлікту селі за стол перамоваў. Паводле Пуціна, урэгуляваньне канфлікту трэба надалей праводзіць у гэтак званым «нармандзкім фармаце» і ў рамках «менскіх пагадненьняў».

Са словамі Пуціна не згадзілася Ангела Мэркель. Яна лічыць, што ўлады ў Кіеве выбраныя дэмакратычным шляхам і што яны маюць поўнае права праводзіць сваю палітыку ў межах сваёй жа дзяржавы.

Расейскі прэзыдэнт сказаў на прэс-канфэрэнцыі пасьля сустрэчы, што сырыйскі канфлікт можна вырашыць выключна мірным шляхам і пад эгідай ААН.

У сваю чаргу Ангела Мэркель закранула пытаньне парушэньня правоў чалавека й грамадзянскіх свабод у Расеі, у тым ліку перасьледу геяў у Чачні.

Візыт канцлера Нямеччыны ў Расею быў першай паездкай Мэркель цягам апошніх двух гадоў у гэтую краіну.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт