Logo Polskiego Radia
Print

«Гэта эпапэя, ня горшая за «Ціхі Дон»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 04.05.2017 21:20
  • «Гэта эпапэя, ня горшая за «Ціхі Дон».mp3
Ігар Мельнікаў прадставіць у Менску «Адысею Палешука» – ўспаміны беларуса, які вызваляў Эўропу ў шэрагах арміі заходніх саюзьнікаў.
Фота са старонкі Ігара Мельнікава ў FacebookФота са старонкі Ігара Мельнікава ў Facebookfacebook.com/ihar.melnikau

11 траўня ў Галерэі TUT.BY ў Менску адбудзецца прэзэнтацыя кнігі «Адысея палешука». Кніга расказвае пра пакручасты лёс беларуса, які прайшоў ГУЛАГ, эвакуяваўся на Захад разам з польскай арміяй генэрала Андэрса, вызваляў Галяндыю, удзельнічаў у баях у Нямеччыне, але пасьля вайны так і ня змог вярнуцца дадому. «Адысея палешука» – гэта гатовы сцэнар для мастацкага фільму, эпапэя ня горшая за «Ціхі Дон» – кажа складальнік кнігі Ігар мельнікаў. Пра галоўнага героя «Адысеі», гісторыю стварэньня кнігі й тое, дзе кнігу можна набыць, Ігар Мельнікаў расказвае Аляксандру Папко.

«Адысея палешука» – гэта ўжо сёмая кніга аўтарства Ігара Мельнікава, прысьвечаная гісторыі заходнебеларускіх земляў. 300-старонкавае выданьне пабачыла сьвет, дзякуючы грошам звычайных грамадзянаў, сабраным праз краўдфаўндынгавую плятформу Ulej.by. У кнізе прадстаўленыя ўспаміны Паўла Нічыпарука – жаўнера, які ваяваў у складзе Польскіх узброеных сілаў на Захадзе й вызваляў Заходнюю Эўропу.

Гісторык Ігар Мельнкаў падкрэсьлівае, што хацеў, каб «Адысея палешука» была апублікаваная менавіта напярэдадні 9 траўня. «Гэта сьвята заканчэньня вайны, сьвята маёй сям’і, дзень калі мы прыгадваем ня толькі жаўнераў савецкай арміі, а ўсіх, хто змагаўся з нацыстамі падчас Другой сусьветнай», – кажа аўтар. Выданьне атрымалася аб’ёмным і багата аздобленым.

Ігар
Ігар Мельнікаў. Фота са старонкі гісторыка ў Facebook

Ігар Мельнкаў: Кніга атрымалася вялікая – больш за 300 старонак. Ян багата аздобленая архіўнымі здымкамі, матэрыяламі з маёй калекцыі. Першыя ўдзельнікі краўдфаўндынгавага праекту ўжо атрымалі гэтую кнігу. Учора адзін з такіх людзей у захапленьні нават пацалаваў яе. Мне было вельмі прыемна. Ён сказаў: «Я паверыў у беларусаў: людзі скідваюцца грашыма бо жадаюць ведаць сваю гісторыю».

Падчас Другой сусьветнай вайны да 6 тысячаў беларусаў змагаліся ў шэрагах Польскіх узброеных сілаў на Захадзе. Касьцяк гэтай арміі складалі грамадзяне міжваеннай Польшчы, якіх пасьля 1939 году савецкія ўлады адпраўвілі ў лягеры ці дэпартавалі ў Сыбір. У 1941 годзе, пасьля нападу Нямеччыны на СССР, яны былі амніставаныя. З былых вязьняў і «спецпасяленцаў» была сфармаваная армія пад камандаваньнем генэрала Ўладзіслава Андэрса. Праз Паволжа ды Іран яна была выведзеная на Блізкі Ўсход і ў складзе брытанскіх войскаў прыняла ўдзел у вызваленьні Заходняй Эўропы.

Жаўнеры 2 Польскага корпусу генэрала Андэрса ваявалі ў Італіі, прынялі ўдзел у маштабнай бітве пад Монтэ-Касіна. Байцы 1 Асобнай парашутна-дэсатнай брыгады вызвалялі Галяндыю й ваявалі ў Нямеччыне. Нямала беларусаў было й сярод лётчыкаў польскіх авіячастак, якія змагаліся ў шэрагах ваенна-паветраных сілаў Вялікабрытаніі.

Асабістыя
Асабістыя рэчы беларускага "андэрсаўца". Фота са старонкі Ігара Мельнікава ў Facebook

Адным зь беларускіх «андэрсаўцаў» быў і галоўны герой кнігі – ураджэнец Кобрыншчыны Павал Нічыпарук. Яго трагічная гісторыя даволі тыповая для жыхара Заходняй Беларусі – кажа Ігар Мельнкаў.

Ігар Мельнкаў: У 1941 годзе ён быў арыштаваны і апынуўся ў ГУЛАГу. Павал Нічыпарук падрабязна апісвае ўсе этэпы свайго жыцьця пасьля арышту – турму, лягер, затым бадзяньні па Савецкім Саюзе ў пошуках арміі Андэрса. Калі мы з рэдактаркай працавалі над гэтымі ўспамінамі, яна прызналася, што тэкст чытаецца як прыгодніцкі раман. З тым адрозьненьнем, што гэта сапраўдная гісторыя жыцьця. Нічыпарук піша пра сваё імкненьне вярнуцца ў Беларусь, пра тое, што ён перажывае ў эміграцыі. Дзякуючы гэтай кнізе, сучасныя беларусы могуць зразумець, праз што прыйшлося прайсьці звычайнаму чалавеку ў 30-40-я гады.

Кніга складаецца з дзьвюх часткак. У першай публікуюцца ўспаміны Паўла Нічыпарука, а ў другой – артыкулы аўтарства Ігара Мельнікава, якія расказваюць пра гістарычныя падзеі й месцы, у якіх апынуўся паляшук. Ігар Мельнікаў пастараўся максымальна захаваць стыль арыгіналу – простую мову беларускага селяніна з Заходняй Беларусі.

Ігар Мельнкаў: Тэкст насамрэч напісаны на беларуска-польска-расейскай «трасянцы». Я зрабіў яго аднастайна-беларускамоўным. Аднак я максымальна стараўся захаваць стыль, простую мову жывога чалавека. Тэкст апісвае падзеі ад мірных 1930-х гадоў да канца жыцьця Паўла Нічыпарука. І вось гэтую гісторыю я падрыхтаваў і выдаў разам са сваімі камэнтарамі.

Ігара Мельнікава ўразіла геаграфія месцаў, адкуль на выданьне «Адысеі палешука» прыходзілі грошы. На кнігу ўспамінаў беларускага «андэрсаўца» ахвяравалі як з суседніх краінаў, так і далёкага замежжа.

Ігар Мельнкаў: На выданьне высылалі грошы людзі з Крыму, якія шануюць гісторыю Беларусі й гісторыю Ўкраіны. Былі людзі з Расеі, якія цікавяцца гісторыяй Другой сусьветнай вайны. Безумоўна, было шмат беларусаў, палякаў. Я рады, што праект з задавальненьнем падтрымалі беларусы, якія жывуць у Нямеччыне, у Італіі. Часта людзі высылалі нават мінімальную суму – два рублі, пяць рублёў. Я рады заявіць, што гэтую кнігу мы выдалі ўсе разам.

«Я лічу, што гэтую кнігу чакае добры лёс», – кажа Ігар Мельнікаў. На яго думку, «Адысея палешука» – гэта гатовы сцэнар для дакумэнтальнага й нават мастацкага фільму.

Новая кніга Ігара Мельнікава будзе ўпершыню прадстаўлена публіцы 11 траўня ў Менску. Прэзэнтацыя адбудзецца а 19 гадзіне ў Галерэі TUT.BY на праспэкце Дзяржынскага 57. Кніга будзе прадавацца ў кнігарнях Менска. Кошт – 40 беларускіх рублёў. Аднак наклад «Адысеі» невялікі – усяго 300 экзэмпляраў, таму аматарам гісторыі варта пасьпяшацца.

Ігар Мельнікаў прадставіць сваю новую кнігу і ў Варшаве. Прэзэнтацыя заплянаваная на 19 траўня – дзень завяршэньня бітвы пад Монтэ Касіна.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт