Logo Polskiego Radia
Print

У горадзе Катавіцэ пачаўся IX Эўрапейскі эканамічны кангрэс

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 10.05.2017 14:12
  • У горадзе Катавіцэ пачаўся IX Эўрапейскі эканамічны кангрэс.mp3
8 тысячаў палітыкаў і прадпрымальнікаў абмяркоўваюць важнейшыя для ЭЗ тэмы: інвэстыцыі, рэформы, стасункі з Кітаем і Ўсходняй Эўропай.
Мікулаш Дзурында, Ян Фішар, Андрус Кубілюс, Конрад Шыманьскі і Ежы Бузэк падчас дыскусіі на адкрыцьці ІХ Эўрапейскага эканамічнага кангрэсу ў Катавіцэ. Мікулаш Дзурында, Ян Фішар, Андрус Кубілюс, Конрад Шыманьскі і Ежы Бузэк падчас дыскусіі на адкрыцьці ІХ Эўрапейскага эканамічнага кангрэсу ў Катавіцэ. Aliaksandr Papko/radyjo.net

Галоўнымі выклікамі для Эўрапейскага зьвязу зьяўляюцца рознагалосьсі ў пытаньнях эканамічнага разьвіцьця, павольны эканамічны рост, праблемы ўнутранай бясьпекі, а таксама зьнешнія пагрозы, якія сыходзяць ад Расеі і войнаў у Паўночнай Афрыцы. Эўразьвяз перажывае сур’ёзныя праблемы, аднак яго чальцы гатовыя размаўляць і супрацоўнічаць, каб выйсьці з чарговага крызысу яшчэ больш аб’яднанымі.

Пра гэта заявілі ўдзельнікі інаўгурацыйнай дыскусіі IX Эўрапейскага эканамічнага кангрэсу, які пачаўся ў сераду ў горадзе Катавіцэ ў паўднёвай Польшчы. У дыскусіі ўдзельнічалі экс-прэм’ер Польшчы й былы старшыня Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэк, дзяржаўны сакратар Польшчы па пытаньнях эўрапейскай інтэграцыі Конрад Шыманьскі, а таксама экс-прэм’еры Чэхіі, Летувы ды Славакіі Ян Фішар, Андрус Кубілюс і Мікулаш Дзурында.

Экс-старшыня
Экс-старшыня Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэк на адкрыцьці ІХ Эўрапейскага эканамічнага кангрэсу ў Катавіцэ.

Выхад з эканамічных праблемаў Эўрапейскага зьвязу вядучыя палітыкі краінаў Цэнтральнай Эўропы бачаць ва ўзмацненьні эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі, якое, аднак, не азначае большай цэнтралізацыі і бюракратызацыі Эўрапейскага зьвязу. Палітыкі Польшчы, Чэхіі, Славаччыны і Летувы выступаюць за ўзмацненьне зьнешняй і абароннай палітыкі Эўразьвязу. Пры гэтым краіны рэгіёну па-ранейшаму маюць розныя погляды на ўвядзеньне агульнай валюты эўра.

Трохдзённы эканамічны форум у Катавіцэ сабраў каля 700 экспэртаў і 8000 гасьцей. Гэта палітыкі, прадпрымальнікі і журналісты з краінаў Эўропы, Азіі, Афрыкі і Паўночнай Амэрыкі. Галоўнымі тэмамі дыскусіяў падчас IX Эўрапейскага эканамічнага кангрэсу зьяўляюцца рэформы Эўрапейскага зьвязу і Брэксіт, эўрапейскія інвэстыцыі ў краінах Азіі і Афрыкі, эканамічныя адносіны паміж краінамі Эўразьвязу і Кітаем, Індыяй ды Ўсходняй Эўропай.

/

ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт