Logo Polskiego Radia
Print

Польскія кампаніі выходзяць на сусьветную арэну

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 11.05.2017 06:57
Польскі бізнэс настолькі ўзмацніўся, што пачынае заваёўваць замежныя рынкі – Мэксыку, Сынгапур, Іран і… Беларусь.
Удзельнікамі дыскусіі «Замежныя інвэстыцыі польскіх фірмаў» на ІХ Эўрапейскім эканамічным кангрэсе ў Катавіцэ сталі ўрадавыя экспэрты й буйныя бізнэсоўцы.Удзельнікамі дыскусіі «Замежныя інвэстыцыі польскіх фірмаў» на ІХ Эўрапейскім эканамічным кангрэсе ў Катавіцэ сталі ўрадавыя экспэрты й буйныя бізнэсоўцы.Aliaksandr Papko/radyjo.net

Польшча – гэта ня толькі краіна, у якую актыўна прыходзяць заходнія інвэстыцыі. Польскі бізнэс усё часьцей інвэстуе за мяжой – у тым ліку і ў Беларусі. Якія польскія фірмы ўжо сталі сусьветна вядомымі брэндамі? Чаму «маладыя тыгры» польскага бізнэсу зь цікавасьцю глядзяць на беларускі рынак? Дзе яны намераныя адчыняць новыя вытворчасьці? Пра гэта нам расказваюць удзельнікі ІХ Эўрапейскага эканамічнага кангрэсу, які праходзіць у польскім горадзе Катавіцэ.

Мінулі тыя часы, калі Польшча на замежных рынках асацыявалася толькі з мясам, малаком і яблыкамі. Усё больш польскіх вытворцаў машынаў, абутку, касмэтыкі, мэблі ці кампутэрных праграмаў становяцца вядомымі ў замежжы брэндамі. Прыклады такіх брэндаў прывяла гасьцям дыскусіі «Замежныя інвэстыцыі польскіх фірмаў» Івона Хайноўска-Гапонік (Iwona Chojnowska-Haponik). Яна ўзначальвае адзін з дэпартамэнтаў Польскага агенцтва інвэстыцыяў і гандлю – установы, якая падтрымлівае замежных інвэстараў у Польшчы й польскіх – за мяжой.

/

Івона Хайноўска-Гапонік: Сярод вядомых брэндаў можна назваць фірму INGLOT. Гэта вытворца цудоўнай жаночай касмэтыкі. Фірма ўклала шмат сродкаў у прасоўваньне сваёй маркі на амэрыканскім рынку. Іншы прыклад – фірма PESA, якая выпускае лякаматывы; трактарны завод Ursus; вытворца сокаў, джэмаў і сухіх супоў Maspex, які стаў безумоўным лідарам у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Яшчэ адным вядомым брэндам зьяўляецца IT-кампанія COMARCH, якая заваёўвае амэрыканскі рынак. Наступны прыклад – вытворца абутку CCC, які выйшаў на вядучыя пазыцыі ў Цэнтральнай Эўропе. На спэцыялізаваных рынках такіх брэндаў яшчэ больш.

Польшча экспартуе тавараў на 180 мільярдаў эўра ў год – паведаміў кіраўнік Дэпартамэнту эканамічнага супрацоўніцтва Міністэрства замежных справаў Польшчы Цэзарыюш Кватэрскі (Cezariusz Kwaterski).

Амаль 80% гэтай лічбы палякі зарябляюць у краінах Эўрапейскага зьвязу. Польскія бізнэсмэны ўжо ўмацавалі сваю пазыцыю ў Эўропе й пачалі шукаць менш вядомыя, але больш пэрспэктыўныя рынкі. У апошняе дзесяцігодзьдзе асабліва хутка рос экспарту ў Расею ды Украіну. Польскія фірмы пачалі ўкладваць грошы й будаваць там свае прадпрыемствы.

Аднак эканамічны крызыс у Расеі, а затым разьвязаная Крамлём вайна ў Данбасе спынілі экспансію польскіх фірмаў ва ўсходнім накірунку. Выключэньнем стала Беларусь. У апошні год-два цікавасьць да беларускага рынку расьце – кажа Цэзарыюш Кватэрскі.

/

Цэзарыюш Кватэрскі: У выпадку Расеі ці Ўкраіны мы ўсьведамляем усе складанасьці, якія вынікаюць з канфлікту ва Ўкраіне альбо абмежаваньняў у гандлі з Расеяй. У выпадку Беларусі такіх абмежаваньняў няма. Аднак ёсьць складанасьці хутчэй палітычнага характару. Тым ня менш, мы маем інфармацыю пра тое, што польскія фірмы актыўна стараюцца ўвайсьці на беларускі рынак, шукаюць кантакты. Прыкладам можа паслужыць кампанія UNIBEP, якая будуе гандлёвыя цэнтры й гатэлі. Польскія прадпрымальнікі цікавяцца гэтым рынкам, бо стараюцца знайсьці новыя абшары для сваёй дзейнасьці.

Рынкі краінаў Паўднёвай Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі лічацца «цяжкімі». Прабіцца на іх перашкаджаюць культурныя бар’еры, вялікія адлегласьці, высокія палітычныя і эканамічныя рызыкі, часта нярыначны характар эканомікі. Аднак польскі бізнэс паволі пачынае экспартаваць і нават інвэстваць у аддаленыя краіны – распавядае Цэзарыюш Кватэрскі.

Цэзарыюш Кватэрскі: У якасьці прыклада прывяду польскую фабрыку вінілавых шпунтавых сваяў (бар’ераў, што выкарыстоўваюцца пры земляных працах), якая нядаўна адкрылася на Філіпінах. Сёньня ў дыскусіі прымалі ўдзел прадстаўнікі польскай горназдабываючай кампаніі KGHM, фірмаў FAMUR і KOPEX, якія займаюцца праектаваньнем шахтаў і кар’ераў, а таксама і вырабам абсталяваньня для іх. Гэтыя фірмы прысутнічаюць на вельмі далёкіх рынках – ад Інданэзіі па Аргентыну. Яны працуюць паўсюль, дзе вядзецца здабыча карысных выкапняў.

Традыцыйна краінамі, дзе польскія прадпрымальнікі набываюць фірмы альбо ствараюць новыя прадпрыемствы, зьяўляюцца Чэхія, Нямеччына й Вялікабрытанія. Але краіны Эўразьвязу ўжо не знаходзяцца ў сьпісе прыярытэтных накірункаў экспансіі. На эўрапейскіх рынках польскія фірмы працуюць даўно і ўжо выкарысталі іх магчымасьці – тлумачыць Івона Хайноўска-Гапонік.

Польскія кампаніі цікавяцца краінамі Афрыкі. Посьпеху дасягнуў вытворца трактароў Ursus, які адчыніў фабрыку ў Этыёпіі і падпісаў кантракт на пастаўку некалькіх тысячаў машынаў у Замбію. Бізнэсмэнаў цікавяць патрабавальныя, але шматабяцальныя рынкі Ірану, Сінгапуру, краінаў Лацінскай Амэрыкі. Нядаўна Польскае агенцтва інвэстыцыяў і гандлю адчыніла свае прадстаўніцтвы ў Віетнаме й Мэксыцы. Аднак самым першым замежным бюро польскага агенцтва стала прадстаўніцтва ў Сіліконавай даліне ў ЗША. «Мы робім стаўку таксама на разьвітыя рынкі, дзе ведаем, што прыбытак гарантаваны», – кажа Івона Хайноўска-Гапонік.

/

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт