Logo Polskiego Radia
Print

З жывых пайшоў выдатны польскі музыка Збігнеў Вадэцкі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 23.05.2017 12:09
  • ВАДЭЦКІ.mp3
Аўтар шэрагу хітоў, віртуоз скрыпкі, трубы й фартэпіяна, выбітны сьпявак.
Foto: Wojciech Kusiński/PR

Збігнеў Вадэцкі быў усебаковым музыкантам – віртуозам скрыпкі, трубы і фартэпіяна, таксама гэта быў выбітны сьпявак з выключнымі галасавымі ўмовамі. Ляўрэат многіх конкурсаў і фэстываляў.
Вадэцкі супрацоўнічаў і выступаў з культавым кабарэ „Piwnica pod Baranami” ў Кракаве, са славамі польскай музычнай сцэны як Эва Дэмарчык (Ewa Demarczyk), Ірэна Сантар (Irena Santor), Марэк Грэхута (Marek Grechuta), а таксама з сімфанічным аркестрам Польскага радыё. І сам таксама стаў вялікай зоркай.

Збігнеў Вадэцкі дэбютаваў у 1972 годзе на Фэстывалі польскай песьні ў Аполі. З таго часу музыка часта атрымліваў узнагароды на гэтым прэстыжным конкурсе. Ён сам расказваў, што лічыў сорамам для сябе прымаць удзел у гэтым фэстывалі і не атрымаць узнагароды.

З.Вадэцкі: Так, я страціў крыху нэрваў у гэтым Аполі. Нямала! Заўсёды, калі я праяжджаў міма і глядзеў на гэтую апольскую вежу, ў мяне быў стрэс. Калі табе 20 гадоў, то хочаш атрымаць нейкую ўзнагароду ў тым жа Аполі. На шчасьце, некалькі разоў пашанцавала. Але бывала, што вяртаўся ні з чым. Было жахліва сорамна.

Збігнеў Вадэцкі заваёўваў узнагароды таксам за мяжой - у Нямеччыне ў Растоку, Чэхаславакіі - у Празе, у Сонечным Беразе ў Балгарыі. Пераломным момантам у кар’еры музыкі быў першы выступ на Польскім радыё. Летась у эфіры ён згадваў той дзень.

З.Вадэцкі: У студыі С1 грае аркестар Анджэя Тшаскоўскага, сабраліся ўсе топавыя польскія музыканты. А я прыехаў са сваёй песьняй, якую напісаў алоўкам на кавалку паперы „Пачні з Баха”. І як я зайграў гэтага „Баха” тут для запісу, я сам зразумеў, што ён вельмі добра гучыць. Ня буду фальшыва скромнічаць, бо так было.

Мілагучная песьня „Пачні з Баха”, запісаная з гуртом „Алібабкі”, была адным зь першых твораў Вадэцкага. Вадэцкі быў вясёлым чалавекам, з гумарам ставіўся да сябе, быў адкрыты і шчыры. Дзе ні зьявіўся, уносіў энэргію, гумар і аптымізм.Шматгадовая сяброўка музыкі, таксама сьпявачка, Эва Бэм падкрэсьлівае: нягледзячы на тое, што Вадэцкі быў знакамітым артыстам і кожную кампазыцыю замяняў у хіт, то ён ніколі ня быў ганарлівым.

Э.Бэм: Ён страшна многа працаваў, усе яго хацелі, і ўсе яго любілі. Ніколі не канфліктаваў, заўсёды з усьмешкай, заўсёды пунктуальны, заўсёды са сваімі пышнымі валасамі, за якія ўсе яго цягалі, бо мы не маглі паверыць, што мужчына ў такім узросьце мае такія валасы. Заўсёды стыльна, але свабодна апрануты. Гэта быў вельмі прыемны мужчына.

Музычны журналіст Польскага радыё Павэл Штомпкэ падкрэсьлівае, што пайшоў з жывых чалавек, які меў талент сусьветнага маштабу.

П.Штомпкэ: Да інфармацыі пра магчымую сьмерць Вадэцкага, нас крыху рыхтавалі апошнімі днямі, але ўвесь час нам здавалася, што гэтага ня будзе, што Збышэку пашанцуе, што ён ня можа ўжо цяпер спыніць свой зямны шлях, бо ў яго яшчэ столькі песень, столькі эмоцый, усьмешкі, столькі вялікай музыкальнасьці, можа нават найбольш сярод усіх пасьляваенных польскіх артыстаў. Гэта быў вялікі артыст.

Павэл Штомпкэ мяркуе, што калі б Збігнеў Вадэцкі жыў дзесьці ў сьвеце, стаў бы сусьветнай зоркай. Але на шчасьце, ён застаўся ў Польшчы і сьпяваў нам цудоўныя песьні, - кажа музычны крытык.

6 траўня Збігневу Вадэцкаму споўнілася 67 гадоў. Пасьля некалькіх дзён пасьля гэтага ён перанёс інсульт і трапіў у бальніцу. Памёр 22 траўня.

Збігнеў Вадэцкі летась атрымаў польскую музычную ўзнагароду „Фрыдэрык” у дзьвюх катэгорыях: „Альбом поп-музыкі году” і „Песьня году”.

У 2011 годзе выйшла кніга «Пчала, Бах і скрыпка», у якой музыка з вялікай дыстанцыяй распавёў пра сваё жыцьцё. Ён расказваў пра шоў-бізнэс, аб кулісах «Танцаў з зоркамі», дзе быў у журы. Кніжка, поўная гумару і анэкдотаў, зьяўляецца запісам некалькіх інтэрвію са Збігневам Вадэцкім. Зьмяшчае таксама ўспаміны сяброў музыканта.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт