Logo Polskiego Radia
Print

NATO павялічвае выдаткі на абарону і ўключаецца ў барацьбу з ІД

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 26.05.2017 16:46
  • NATO павялічвае выдаткі на абарону і ўключаецца ў барацьбу з ІД.mp3
На сустрэчы ў Брусэлі краіны Альянсу таксама пацьвердзілі, што батальёны NATO застануцца ў Балтыі і Польшчы да 2022 году.
PAP/Jacek Turczyk

У чацьвер у Брусэлі адбыўся самы кароткі саміт ў гісторыі Паўночнаатлянтычнага альянсу. Кіраўнікі дзяржаваў-удзельніцаў NATO сабраліся ў бэльгійскай сталіцы ўсяго на некалькі гадзінаў. Гэта, аднак, не перашкодзіла ім прыняць рашэньні пра павелічэньне выдаткаў на абарону і далучэньне NATO да барацьбы супраць так званай Ісламскай дзяржавы.

Мерапрыемства, якое прайшло ў чацьвер Брусэлі, афіцыйна называецца «Сустрэча галоваў дзяржаваў і ўрадаў краінаў NATO». Ад паўнамаштабных самітаў NATO, якія адбываюцца кожныя два гады, такія сустрэчы адрозьніваюцца тым, што на іх абмяркоўваюць больш вузкае кола пытаньняў і доўжацца яны значна менш.

У сталіцы Бэльгіі сабраліся прэзыдэнты, кіраўнікі ўрадаў і прадстаўнікі міністэрстваў абароны 28 краінаў-удзельніцаў Паўночнаатлянтычнага альянсу. Польшчу на сустрэчы прадстаўлялі прэзыдэнт Анджэй Дуда і міністар абароны Антоні Мацярэвіч.

Адной з галоўных тэмаў сустрэчы ў Брусэлі былі выдаткі на абарону. Пакуль што толькі 5 з 28 краінаў NATO вылучаюць на армію 2% свайго ВУП. Гэта ЗША, Польшча, Вялікабрытанія, Эстонія й Грэцыя. За нежаданьне фінансаваць свае войскі, саюзьнікаў востра раскрытыкаваў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

У сваёй прамове амэрыканскі лідар таксама пералічыў пагрозы, якім, на яго думку, павінна супрацьстаяць NATO.

Фота:
Фота: PAP/EPA/ARMANDO BABANI

Дональд Трамп: NATO будучыні павінна канцэнтраваць сваю ўвагу на праблемах тэрарызму і міграцыі, а таксама на пагрозах, якія сыходзяць ад Расеі ды ўсходніх і паўднёвых суседзяў Альянсу.

Фінансаваньне арміі на ўзроўні 2% валавага ўнутранага прадукту – гэта абавязацельства, якое ўзялі на сябе ўсе краіны-удзельніцы NATO падчас саміту ва Ўэльсе ў 2014 годзе. І яно будзе выкананае – заявіў у Брусэлі генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг.

Енс Столтэнбэрг: Саюзьнікі па NATO заявілі, што павялічаць выдаткі на абарону. Да сьнежня гэтага году яны падрыхтуюць нацыянальныя пляны, дзе будзе пазначана, якім чынам яны зьбіраюцца дасягнуць мэты ў 2% ВУП. Гэтыя пляны будуць ацэненыя ў лютым міністрамі абароны.

Таксама генсек NATO аб’явіў, што Паўночнаатлянтычны альянс далучыцца да міжнароднай кааліцыі, якая змагаецца ў Іраку і Сірыі з тэрарыстамі так званай Ісламскай дзяржавы. Дагэтуль NATO толькі супрацоўнічала з краінамі, якія наносяць удары па баевіках. Далучэньне да міжнароднай кааліцыі, аднак, не азначае, што войскі NATO непасрэдна прымуць удзел у баявых дзеяньнях.

Енс Столтэнбэрг: Нашыя самалёты-разьведчыкі AWACS дапамогуць антытэрарыстычнай кааліцыі кантраляваць паветраную прастору. Некалькі краінаў згадзіліся прадставіць паслугі запраўкі самалётаў у паветры. Такім чынам, мы будзем абменьвацца інфармацыяй, палётаў у зоне канфлікту будзе больш, а таксама будзе забясьпечана дазапраўка ў паветры.

Удары па Ісламскай дзяржаве ў Сірыі ды Іраку з жніўня 2014 году наносяць Злучаныя Штаты, Вялікабрытанія, Францыя і яшчэ каля 10 краінаў. Акрамя таго, дзяржавы кааліцыі займаюцца падрыхтоўкай мясцовых паліцыянтаў і вайскоўцаў. Нядаўна да антытэрарыстычнай кааліцыі далучылася Польшча.

Варшава хоча выслаць сваіх вайскоўцаў у Ірак, але не для ўдзелу ў баявых дзеяньнях, а ў якасьці інструктараў – паведаміў у Брусэлі міністар абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч.

Антоні Мацярэвіч: Яны будуць вучыць мясцовых тэхнікаў рамантаваць, мадэрнізаваць старое савецкае ўзбраеньне, якога ў Іраку вельмі многа. Гэта тысячы баявых машынаў і танкаў савецкай вытворчасьці, якія могуць адыгрываць істотную ролю ў забесьпячэньні міру ў Іраку.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў у Брусэлі, што міжнародныя батальёны NATO застануцца ў Польшчы і краінах Балтыі прынамсі да 2022 году. Такія гарантыі ён атрымаў падчас сустрэчы. Раней плянавалася, што міжнародныя сілы будуць стаяць на ўсходніх рубяжах Паўночнаатлянтычнага альянсу да 2018 году, аднак краіны NATO вырашылі працягнуць тэрмін іх знаходжаньня – заявіў Анджэй Дуда.

Фота:
Фота: PAP/Jacek Turczyk

Анджэй Дуда: Усе бачаць, што актыўнасьць з боку Альянсу патрэбная і сытуацыя бясьпекі зьмяняецца. Пэрыяд міру і бясьпекі, якім мы насалоджвалася раней, цяпер заканчваецца. Патрэбны новы погляд на бясьпеку. Гэтага рашэньня ніхто не аспрэчваў.

Рашэньні, прынятыя на сустрэчы галоваў дзяржаваў NATO ў Брусэлі не зьяўляюцца сэнсацыйнымі – камэнтуе яе вынікі дырэктар Інстытуту прагнозаў і міжнародных дасьледаваньняў Павал Флэйшар. Павялічыць выдаткі на абарону і ўзмацніць вайсковую прысутнасьць на Блізкім усходзе краіны Альянсу абяцалі й раней. Кіраўнікі краінаў NATO перш за ўсё хацелі даведацца, якую палітыку ў стасунку да сваіх саюзьнікаў зьбіраецца праводзіць прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. І яго пазыцыя была даволі крытычнай – лічыць Павал Флэйшар.

Павал Флэйшар: Пэўны непакой выклікае тое, што падчас учорашняй сустрэчы Дональд Трамп не пацьвердзіў, што Злучаныя Штаты выступаць у абарону любога сябра Паўночнаатлянтычнага альянсу, калі на яго нападуць. Падчас свайго выступу ён толькі прыгадаў, што 5 Артыкул Вашынгтонскай дамовы быў упершыню прыменены пасьля таго, як тэрарысты атакавалі Злучаныя Штаты ў верасьні 2001 году.

На думку аналітыка, крытыка Трампа падштурхне эўрапейскія краіны да павышэньня выдаткаў на абарону й больш актыўнага супрацоўніцтва ў рамках NATO. Ствараць уласныя вайсковыя структуры Эўропа ня будзе – мяркуе Павал Флэйшар.

Аляксандар Папко

Фота:
Фота: PAP/Jacek Turczyk
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт