Logo Polskiego Radia
Print

Эўрапарлямэнт пагадзіўся зьнізіць бар’еры для ўкраінскіх тавараў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 01.06.2017 19:13
Новыя гандлёвыя прэфэрэнцыі дапамогуць Ўкраіне пераадолець наступствы эмбарга, накладзенага Масквой.
pixabay.com/CC0 Creative Commons

Эўрапейскі парлямэнт пагадзіўся павялічыць квоты на імпарт украінскіх сельскагаспадарчых прадуктаў і панізіць мыты на прамысловыя тавары. Эўрапарлямэнт ухваліў рэкамэндацыі, апублікаваныя ў дакладзе, падрыхтаваным польскім эўрадэпутатам Яраславам Валэнсам.

Новыя гандлёвыя прэфэрэнцыі павінны стаць дапаўненьнем да Дамовы аб вольным гандлі паміж Украінай і Эўразьвязам, якая дзейнічае зь мінулага году. Іх мэта – дапамагчы ўкраінскай эканоміцы справіцца з эканамічнымі праблемамі, выкліканымі ваенным канфліктам з Расеяй і эмбарга, накладзеным на ўкраінскія прадукты Масквой. Галоўнай мэтай гандлёвых прэфэрэнцыяў зьяўляецца дапамога не алігархічнаму буйному бізнэсу, а малым і сярэднім фірмам – падкрэсьліў Яраслаў Валэнса.

Абараняючы інтарэсы вытворцаў харчаваньня з Эўразьвязу, эўрадэпутаты прапанавалі выключыць са сьпісу гандлёвых прэфэрэнцыяў пшаніцу, вырабы з таматаў і мачавіну – сыравіну для вытворчасьці ўгнаеньняў.

Цяпер Эўрапейскі парлямэнт чакае рэакцыі ўрадаў краінаў Эўразьвязу. Пасьля таго, як яны вышлюць адказ на прапановы Эўрапарлямэнту, пачнуцца перамовы, якія вызначаць канчатковы памер гандлёвых прэфэрэнцыяў для Ўкраіны.

IAR/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт