Logo Polskiego Radia
Print

Ці ўдасца спыніць моўную катастрофу ў Беларусі?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 05.06.2017 18:44
  • Ці ўдасца спыніць моўную катастрофу ў Беларусі.mp3
Многія школьнікі ніколі ня чулі жывой беларускай мовы, і таму не разумеюць яе.
Фота: Радыё "Свабода"Фота: Радыё "Свабода"svaboda.org

У Беларусі адбываецца моўная катастрофа – канстатуе газэта «Наша Ніва». На нацыянальнай мове ў краіне вучыцца толькі 13% вучняў, і за апошнія 10 гадоў іх колькасьць скарацілася ўдвая. Што стала прычынай рэзкага зьмяншэньня колькасьці школьнікаў, якія навучаюцца ў беларускамоўных клясах? Ці магчыма выправіць драматычную сытуацыю? На гэтыя пытаньні нам адказваюць старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў і заснавальнік курсаў «Мова нанова» Глеб Лабадзенка.

Калі ў 2006/2007 навучальным годзе ў клясах зь беларускай мовай выкладаньня вучылася 245 тысячаў дзяцей, то праз 10 гадоў іх засталося толькі 129 тысячаў. У агульных суадносінах доля дзяцей, якія вучацца ў беларускамоўных клясах упала з 21% да 13%.

Некаторыя беларусы думаюць, што беларуская мова адсутнічае толькі ў Менску, але надалей існуе недзе ў правінцыі. Лічбы ацьвярэзьваюць і кажуць, што гэта ня так – кажа заснавальнік курсаў «Мова нанова» журналіст і літаратар Глеб Лабадзенка. Нацыянальная мова знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Кіраўніцтва краіны на чале з Аляксандрам Лукашэнкам працягвае палітыку русыфікацыі, пачатую яшчэ ў савецкія часы. Тады беларускай мове бала адведзеная роля мовы калгасьнікаў, сацыяльных нізоў. Адукаваная частка грамадзтва, жыхары гарадоў павінныя былі размаўляць толькі па-расейску. Ужываньне беларускай мовы ў гарадзкім асяродзьдзі ўспрымалася як выклік, выразная прыкмета нязгоды зь дзяржаўнай палітыкай.

Аляксандар Лукашэнка, улада якога ў вялікай ступені трымаецца на савецкіх ідэалягічных догмах, таксама вельмі доўга меркаваў, што ляяльны да ўладаў беларускі грамадзянін павінен размаўляць выключна па-расейску.

Падчас яго кіраваньня практычна зьнікла як беларуская вёска, так і беларускамоўнае навучаньне. За апошнія 25 гадоў вясковае насельніцтва Беларусі скарацілася ўдвая. У правінцыі радыкальна зьменшылася колькасьць дзяцей, а сотні вясковых школаў, якія традыцыйна былі беларускамоўнымі, зачыніліся – кажа старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

Алег Трусаў: У савецкія часы беларуская адукацыя ў гарадах была забаронена, а ў вёсках для калгасьнікаў засталася. А цяпер вёска зьнікла, там няма каго вучыць. Таму працэс зьніканьня беларускамоўных школаў ідзе нібыта з-за «аб’ектыўных» прычынаў. Няма дзяцей, школы зачыняюцца. А ў гарадах за гэтыя гады не было створана аніводнай беларускамоўнай школы ці гімназіі.

Пры гэтым якасьць вывучэньня беларускай мовы ў тых вясковых школах, якія засталіся, зьяўляецца даволі нізкай – прызнаецца Алег Трусаў. Ня лепш сытуацыя з вывучэньнем беларускай мовы выглядае ў адзінкавых сталічных гімназіях, дзе выкладаньне вядзецца па-беларуску, кажа публіцыст Глеб Лабадзенка.

Глеб Лабадзенка: Большасьць настаўнікаў беларускай мовы, калі зьвініць званок, адразу ж забывае, якую мову яны выкладаюць. Так жа сябе паводзяць і настаўнікі ў беларускамоўных школах і гімназіях. Добра, калі яны на занятках гавораць па-беларуску...

Вырасла пакаленьне беларускіх дзяцей, якія ня мелі беларускамоўных бабуляў і дзядуляў. Многія школьнікі ніколі ня чулі жывой беларускай мовы, і таму не разумеюць яе – кажа Глеб Лабадзенка.

Глеб Лабадзенка: Год таму я быў у Воршы, у школе, дзе навучаўся Ўладзімер Караткевіч. Мы рабілі там культурную прэзэнтацыю. У мяне было ўражаньне, што школьнікі не да канца разумелі, што мы ім казалі. І настаўнікі пацьвярджаюць, што такая праблема існуе. Дзеці, якія прыходзяць у першы кляс, не разумеюць, што ім гавораць па-беларуску.

Да нядаўняга часу ў вялікай колькасьці беларускіх школаў заняткаў па беларускай мове й літаратуры было ўсяго каля 2 на тыдзень – дакладна столькі ж, колькі й замежнай мовы. Заняткаў жа па расейскай мове было ў два разы больш.

Задумацца над зьменамі ў моўнай палітыцы беларускія ўлады прымусілі трагічныя падзеі ва Украіне, дзе Расея паспрабавала ўзяць пад кантроль усю расейскамоўную частку краіны. З 2016/2017 навучальнага году беларускія ўлады вырашылі зраўняць колькасьць гадзінаў вывучэньня беларускай і расейскай мовы ў школах.

Пакаленьне, якое пачало вывучаць беларускую й расейскую мову нароўні, толькі скончыла другі кляс. Таму ці стануць маленькія беларусы лепш ведаць беларускую мову, мы даведаемся не раней, чым праз 6-10 гадоў. Аднак мэханічнае павелічэньне гадзінаў мовы не зматывуе беларусаў загаварыць па-беларуску – лічыць Глеб Лабадзенка. Неабходна, каб на дзяржаўнай мове пачалі гаварыць чыноўнікі і ўнівэрсытэцкія выкладчыкі.

Глеб Лабадзенка: Ад таго, што ўрок беларускай мовы быў адзін на тыдзень, а яго стане два, нічога не памяняецца. Таму, што стаўленьне да беларускай мовы ўжо даўно як да нечага факультатыўнага. Настаўнікі кажуць: «Ведаеце, дзеці, вам усё роўна яна не спатрэбіцца – ні пры паступленьні ў ВНУ, ні ў далейшай працы, таму, што ў нашай цудоўнай дзяржаве ўсё можна па-расейску». А дзеці настроеныя на здачу цэнтралізаваных тэстаў, на паступленьне ў ВНУ. А для ўсяго гэтага беларуская мова ім проста не патрэбная.

Што можна рабіць, ведаючы, што стаўленьне ўладаў да мовы наўрад ці зьменіцца? Самае галоўнае – не наракаць на цяжкі лёс, не спрабуючы нічога зрабіць – кажа арганізатар курсаў «Мова нанова». Кожнаму, хто жадае, каб беларуская мова жыла, трэба шукаць аднадумцаў і аб’ядноўвацца.

У апошнія тры гады цікавасьць да беларускай мовы расьце менавіта сярод гарадзкой студэнцкай моладзі – зазначае Глеб Лабадзенка. Гэта тыя людзі, якія ня мелі кантакту з беларускай мовай, але адчуваюць сябе беларусамі.

Глеб Лабадзенка: У студэнцкім асяродзьдзі няма грэблівасьці да беларускай мовы. Ёсьць адчуваньне таго, што гэта нешта «трушнае», нешта моднае, нешта правільнае. А па-другое, да беларускай мовы пацягнуўся бізнэс. Гэта вельмі прыемныя званочкі, якія абяцаюць нам, што ня ўсё так хутка скончыцца.

З думкай Глеба Лабадзенкі згодны й старшыня таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. У грамадзтве ідуць паралельныя працэсы – кажа навуковец. З аднаго боку ў школах мова зьнішчаецца, а з другога боку эліта, адукаваныя людзі актыўна цікавіцца беларускай мовай. «Адносіны да беларускай мовы ў грамадзтве ніколі не былі такімі станоўчымі ў апошнія 70 гадоў», – заяўляе Алег Трусаў.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт