Logo Polskiego Radia
Print

70 гадоў таму Польшча адмовілася ад Пляну Маршала (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 09.06.2017 07:03
  • Плян Маршала.mp3
Ад Пляну Маршала адмовілася таксама капіталістычная Фінляндыя, якая таксама была ў сфэры ўплываў Крамля.
Аўстрыйскія сяляне працуюць на камбайне, купленым за сродкі Пляну МаршалаАўстрыйскія сяляне працуюць на камбайне, купленым за сродкі Пляну МаршалаPublic Domain

5 чэрвеня 1947 году дзяржсакратар ЗША Джордж Маршал прадставіў плян эканамічнай дапамогі для зьнішчанай вайной Эўропы. Польшча, як і іншыя краіны Ўсходняй Эўропы, што былі пад уплывам Савецкага Саюзу, адмовіліся ад удзелу ў амэрыканскай праграме.

Агулам на дапамогу Эўропе Вашынгтон прызначыў 17 млрд даляраў. На той час гэта былі агромністыя грошы, дзякуючы якім можна было даць эканамічны штуршок зьнішчанай ваеннымі дзеяньнямі Эўропе. Амэрыканцы мелі таксама іншы намер: праз эканамічныя дзеяньні яны хацелі дасягнуць сваіх мэтаў у геапалітычнай канкурэнцыі з Крамлём.

Джордж Маршал - амэрыканскі генэрал, ён браў таксама ўдзел у Другой сусьветнай вайне, хоць у якасьці военачальніка ён дасягнуў нашмат меншых посьпехаў у параўнаньні з палітычнай кар’ерай.

Прапагандысцкі
Прапагандысцкі грузавік з лёзунгам супраць Пляну Маршала на вуліцы Варшавы, 1 мая 1948 году, PAP

Дарэчы, нягледзячы на тое, што Плян Маршала быў эканамічна-палітычным праектам, то яго аўтар стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі ў галіне міру ў 1953 годзе менавіта за праграму эканамічнай дапамогі Эўропе. “Палітыка ЗША не накіраваная супраць нейкай краіны ці дактрыны, яна накіраваная супраць голаду, бядоты, роспачы й хаосу”, - казаў Джордж Маршал на прэзэнтацыі свайго пляну ў Гарвардзкім унівэрсытэце 5 чэрвеня 1947 году. Гаворыць гісторык, прафэсар Войцех Рашкоўскі.

В.Рашкоўскі: На пачатку 1947 году амэрыканская дыпляматыя імкнулася да таго, каб паставіць свайго роду сьцяну савецкай экспансіі ў Эўропе. Гэтым пытаньнем Вашынгтон заняўся пасьля таго, як дзяржсакратаром ЗША стаў Джордж Маршал. У сакавіку 1947 году прэзыдэнт Гары Трумэн выступіў з прамовай, у якой распавёў пра замежную палітыку ЗША. Гэтую палітыку пазьней назвалі “дактрынай Трумэна” - яна была скіраваная ў вялікай ступені да Эўропы. Вашынгтон быў занепакоены ўплывамі камуністычных партый у Італіі й Францыі, якія атрымлівалі ўсё большую падтрымку сярод насельніцтва. ЗША таксама назіралі за Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропай, дзе камуністы альбо ўжо здабылі ўлады, альбо да гэтага імкнуліся.

Адным з элемэнтаў амэрыканскай замежнай палітыкі была эканамічная дапамога. Плян дапамогі падрыхтаваў менавіта дзяржсакратар Джордж Маршал. На пачатку ліпеня 1947 году Вашынгтон накіраваў ва ўсе эўрапейскія краіны запрашэньне для ўдзелу ў канфэрэнцыі ў Парыжы, датычнай амэрыканскай эканамічнай дапамогі. Запрашэньне атрымалі, у прыватнасьці, Варшава, Прага, Бялград, а таксама Масква. Самае цікавае тое, што польскі ўрад Юзэфа Цыранкевіча прыняў запрашэньне й плян ацаніў пазытыўна, а Варшава плянавала накіраваць дэлегацыю ў Парыж. Аднак усё зьмянілася цягам наступных бліжэйшых дзён: Польшча пад ціскам Крамля адмовілася ад удзелу ў канфэрэнцыі. Такім чынам, пра няўдзел Польшчы ў Пляне Маршала вырашыў міністар замежных справаў СССР Вячаслаў Молатаў. Акрамя Польшчы, адмовіліся Чэхаславакія й Югаславія, якая тады яшчэ знаходзілася ў арбіце савецкіх уплываў.

Прыбыцьцё
Прыбыцьцё ў францускі порт Бардо судна з амэрыканскай пшаніцай, май 1948 год, Public Domain

Краіны Заходняй Эўропы, якія прынялі амэрыканскую праграму, атрымалі крэдыты на пакупку амэрыканскіх тавараў у памеры 1,5 млрд даляраў (Германія) і 3 млрд тагачасных даляраў (Вялікабрытанія).

Агулам ЗША прызначылі пасьляваеннай Эўропе 17 млрд даляраў дапамогі ў выглядзе крэдытаў ды беззваротных пазык. Эўропа выкарыстала ня ўсе грошы, а толькі 13,5 млрд. Найбольш сродкаў паступіла ў Вялікабрытанію, Францыю, Італію й Заходнюю Нямеччыну.

Дарэчы, ад Пляну Маршала адмовілася таксама капіталістычная Фінляндыя, якая таксама была ў сфэры ўплываў Масквы.

Валеры Саўко

слухайце гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт