Logo Polskiego Radia
Print

За першыя суткі ў Польшчу ўехала каля 2 тыс. 900 украінцаў па бязьвізу

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 12.06.2017 19:02
11 чэрвеня пачаў дзейнічаць бязьвізавы рух для грамадзян Украіны, якія накіроўваюцца ў Эўразьвяз.
На польска-ўкраінскай мяжы: польскія памежнікі падчас службы 11 чэрвеня 2017 годаНа польска-ўкраінскай мяжы: польскія памежнікі падчас службы 11 чэрвеня 2017 годаPAP/Wojciech Pacewicz

З 23 тыс. грамадзян Украіны, якія за апошнія суткі перасеклі мяжу з Польшчай, каля 2 тыс. 900 чалавек уехалі на тэрыторыю Польшчы на падставе новых правіл, скарыстаўшыся бязьвізавым рухам. Гэта статыстычныя дадзеныя за першыя суткі дзеяньні бязьвізу для грамадзян Украіны, паведаміла прэс-сакратар Памежнай службы Польшчы падпаручнік Агнешка Гольяс.

Як паведамлялася, 11 чэрвеня пачаў дзейнічаць бязьвізавы рух для грамадзян Украіны, якія накіроўваюцца ў Эўразьвяз. Украінскія грамадзяне, якія маюць біямэтрычныя пашпарты, змогуць уяжджаць на тэрыторыю Эўразьвязу на адпачынак, у бізнэс-справах ды да сямʼі. Бязьвізавы рух не дае аўтаматычнага права на легальную працу: для гэтага неабходна надалей атрымаць спэцыяльны дазвол у краіне прабываньня ЭЗ.

Для паездкі ў бязьвізавым рэжыме грамадзянін Украіны павінен быць гатовы да прадастаўленьня памежным службам краін ЭЗ інфармацыі, у тым ліку дакумэнтальна пацьверджанай, наконт паездкі, наяўнасьці месца пражываньня, дастатковых фінансавых сродкаў на плянуемы пэрыяд знаходжаньня, а таксама пацьвярджэньня намеру вярнуцца ва Ўкраіну (напрыклад, зваротны білет).
Грамадзянам Украіны таксама неабходна будзе набыць поліс мэдыцынскага страхаваньня й страхаваньня грамадзянскай адказнасьці транспартнага сродку (у выпадку падарожжа на аўтамабілі).

Бязьвізавы рэжым дазваляе на кароткатэрміновае знаходжаньне ў членскіх дзяржавах ЭЗ (за выключэньнем Вялікабрытаніі й Ірляндыі) і іншых дзяржавах-удзельніцах Шэнгенскага пагадненьня да 90 дзён на працягу 180 дзён.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт