Logo Polskiego Radia
Print

Эўракамісія хоча ўвесьці санкцыі супраць Польшчы за адмову прыняць уцекачоў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 13.06.2017 19:16
Працэдурай увядзеньня санкцый ахопленыя таксама Вугоршчына й Чэхія.
www.pixabay.com

Эўрапейская камісія пачала працэдуру ўвядзеньня санкцый супраць Польшчы, Вугоршчыны й Чэхіі за адмову прыняць уцекачоў.

Нагадаем, восеньню 2015 года Польшча разам зь іншымі краінамі Эўразьвязу абавязалася прыняць і разьмеркаваць у сябе 160 тыс. уцекачоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Грэцыі й Італіі. Тагачаснае рашэньне было прынятае большасьцю галасоў, супраць прагаласавалі Чэхія, Славаччына, Вугоршчына й Румынія.

Тагачасны ўрад пад кіраўніцтвам Эвы Копач згадзіўся разьмясьціць у Польшчы каля 6 тыс. уцекачоў з Блізкага Ўсходу. Аднак, нягледзячы на абавязацельствы, Варшава й Будапэшт не прынялі ані аднаго эмігранта, а Чэхія – 20 чалавек. На днях афіцыйная Прага заявіла, што пакідае праграму па разьмяшчэньні ўцекачоў.

Эмігрантаў таксама не прыняла Аўстрыя, аднак улады ў Вене нядаўна ўсё ж згадзіліся разьмясьціць 50 чалавек.

З дакумэнту Эўракамісіі вынікае, што свае абавязацельствы поўнасьцю выканалі толькі чатыры краіны Эўразьвязу: Мальта, Фінляндыя, Латвія й Эстонія. Са 160 тыс. эмігрантаў удалося разьмясьціць у розных краінах толькі 20 тыс. чалавек.

За адмову Польшчы, Вугоршчыны й Чэхіі на пачатку пагражаюць адміністрацыйныя санкцыі, у канчатковым варыянце – фінансавыя. Поўная працэдура ўвядзеньня санкцый можа заняць некалькі гадоў.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт