Logo Polskiego Radia
Print

Сьвятлана Алексіевіч выступіла ў Эўрапарлямэнце (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 27.06.2017 21:49
  • Сьвятлана Алексіевіч выступіла ў Эўрапарлямэнце.mp3
Нобэлеўская ляўрэатка папярэдзіла пра небясьпеку пуцінскага мілітарызму і распавяла, што можа дапамагчы пераменам у Беларусі.
Эўрадэпутаткі Сандра Калніэтэ, Рэбэка Хармс, нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч і старшыня ПЭН-клюбу Бэльгіі Жан Жано. Эўрадэпутаткі Сандра Калніэтэ, Рэбэка Хармс, нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч і старшыня ПЭН-клюбу Бэльгіі Жан Жано. Aliaksandr Papko/radyjo.net

У аўторак 27 чэрвеня ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі, беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч упершыню выступіла ў Эўрапейскім парлямэнце ў Брусэлі. На сустрэчы са Сьвятланай Алексіевіч прысутнічалі каля 500 чалавек з 50 краінаў сьвету. Сярод іх былі дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту, дэпутаты вярхоўнай Рады Ўкраіны, амбасадар Украіны ў Брусэлі, былыя прэм’ер-міністры Летувы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Мадэравалі дыскусію эўрадэпутаткі Рэбэка Хармс і Сандра Калніэтэ.

Сьвятлана Алексіевіч распавяла эўрапейскай публіцы пра небясьпечныя працэсы, якія адбываюцца на постсавецкай парсторы.

«Я ўражана, як вар’яцтва ахоплівае людзей, і здавалася б, адукаваных людзей», – заявіла нобэлеўская ляўрэатка пра Расею пад кіраўніцтвам Уладзімера Пуціна.

Сьвятлана Алексіевіч: Чаму на доме, дзе працаваў Сталін, вісіць мэмарыяльная дошка? Чаму адкрыліся дзесяткі музэяў Сталіну? Чаму расейскі народ, адказваючы на пытаньне, хто галоўная асоба ў расейскай гісторыі, на першае месца паставіў Сталіна, на другое – Пуціна, на трэцяе – Пушкіна? Чаму гэта ў нашай гісторыі так агідна паўтараецца?

"На
"На руінах сацыялізму": дыскусія ў Эўрапейскім парлямэнце з удзелам ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі Сьвятланы Алексіевіч.

Незадоўга да выступу перад шырокай аўдыторыяй Сьвятлана Алексіевіч прыняла ўдзел у дыскусіі «Беларускае грамадзтва: да сучаснай палітычнай і нацыянальнай ідэнтычнасьці?», якая таксама адбылася ў Эўрапейскім парлямэнце.

Пісьменьніца зьвярнула ўвагу на тое, што беларускае грамадзтва вельмі падатлівае на аўтарытарную нацыяналістычную рыторыку, якая ідзе з Крамля. «Расейскі мілітарызм накрыў і нас, бо беларускае грамадзтва ня мае праграмы будучыні, а таму існуе небясьпека, што ў галовы гэтых людзей можна ўкласьці ўсё, што заўгодна», – заявіла Сьвятлана Алексіевіч.

/

На думку Сьвятланы Алексіевіч, дэмакратычныя перамены ў беларускім грамадзтве адбудуцца ў выніку эвалюцыі, а не рэвалюцыі, а ключавую ролю ў пераменах у Беларусі можа адыграць Украіна, калі яна будзе пасьпяхова разьвівацца.

Сьвятлана Алексіевіч: Калі Ўкраіна пераможа, гэта стане самай вялікай перамогай, якая можа быць на постсавецкай прасторы, і гэта спрацуе лепш за ўсе апазыцыі ў сьвеце – калі Ўкраіна стане нармальнай, пасьпяховай краінай».

Візыт Сьвятланы Алексіевіч у Брусэль быў арганізаваны правацэнтрысцкай Эўрапейскай народнай партыяй – буйнейшай палітычнай сілай Эўрапарлямэнту.

Аляксандар Папко, Брусэль

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт