Logo Polskiego Radia
Print

Алексіевіч і Бяляцкі расказалі эўрапейцам, куды рухаецца Беларусь (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 28.06.2017 13:00
  • Алексіевіч і Бяляцкі расказалі эўрапейцам, куды рухаецца Беларусь.mp3
У Эўрапейскім парлямэнце адбылася шырокая дыскусія пра сытуацыю ў Беларусі.
Эўрадэпутатка Агнешка Казлоўска-Раевіч, пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч і эўрадэпутатака Сандра Калніэтэ падчас дыскусіі ў Эўрапарлямэнце ў Брусэлі, 2017 г.Эўрадэпутатка Агнешка Казлоўска-Раевіч, пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч і эўрадэпутатака Сандра Калніэтэ падчас дыскусіі ў Эўрапарлямэнце ў Брусэлі, 2017 г.Aliaksandr Papko/radyjo.net

Якія настроі пануюць сёньня сярод беларусаў, і што можна зрабіць, каб беларускае грамадзтва больш прыхільна ставілася да збліжэньня з Эўропай і дэмакратыі? На гэтыя пытаньні ў Брусэлі спрабавалі адказаць беларускія праваабаронцы й палітыкі. Спэцыяльным госьцем дыскусіі пад назвай «Беларускае грамадзтва: да сучаснай палітычнай і нацыянальнай ідэнтычнасьці?» была ляўрэатка нобэлеўскай прэміі, беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч. На сустрэчы ў Эўрапейскім парлямэнце пабываў Аляксандар Папко.

У дыскусіі «Беларускае грамадзтва: да сучаснай палітычнай і нацыянальнай ідэнтычнасьці?», якая прайшла ў аўторак у Эўрапейскім парлямэнце ў Брусэлі, удзельнічалі праваабаронца Алесь Бяляцкі, дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая, сустратршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч.

Прадстаўнікі
Прадстаўнікі беларускай апазыцыі й грамадзянскай супольнасьці на дыскусіі ў Эўрапарлямэнце. Брусэль, 27 чэрвеня 2017 г.

Беларусь зьяўляецца непасрэдным суседам Эўрапейскага зьвязу і ўдзельнікам Усходняга партнэрства, таму эўрапейскія палітыкі ня могуць не цікавіцца настроямі ў Беларусі. Які шлях разьвіцьця выбірае грамадзтва – дэмакратычны ці недэмакратычны – у вялікай ступені залежыць ад самаідэнтыфікацыі народу. Так прычыны правядзеньня дыскусіі растлумачыла адна зь яе арганізатараў, дэпутатка Эўрапейскай народнай партыі Сандра Калніэтэ.

/

Сандра Калніэтэ: Ідэнтычнасьць заўсёды важная. Людзі павінныя ўсьвядоміць, да якога кола каштоўнасьцяў яны належаць, адкуль яны прыйшлі і куды яны ідуць. І таму дыскусія пра постсавецкую ці дэмакратычную грамадзянскую самасьвядомасьць беларусаў вельмі важная. Правядзеньне такога роду дыскусіі ў Эўрапейскім парлямэнце важнае ня столькі для эўрапейцаў, колькі для саміх беларусаў. А нам гэта дазваляе зразумець, наколькі складанае пытаньне ідэнтычнасьці ў Беларусі.

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч папярэдзіла эўрадэпутатаў, што зьбядненьне беларускіх грамадзянаў і адсутнасьць нацыянальнай і грамадзянскай ідэнтыфікацыі робіць іх вельмі падатлівымі на ўплывы расейскай нацыяналістычнай, аўтарытарнай і антыэўрапейскай прапаганды, якую распаўсюджвае Крэмль.

/

Сьвятлана Алексіевіч: Маленькі чалавек азлоблены, абкрадзены, яго дзеці пазбаўленыя шанцаў. Гэтыя людзі аказаліся падманутымі й ад гэтага сталі вельмі агрэсіўнымі. Мілітарысцкая ідэя Пуціна прапанавала ім выхад, які заўсёды ёсьць у Расеі – ваеннае мысьленьне й патрыятызм. Людзям падаецца, што гэты патрыятызм іх ураўноўвае. Усё гэта накрыла й нас – беларусаў. Нашае грамадзтва ня мае праграмы будучыні, таму існуе небясьпека, што ў галовы нашых людзей можна ўкласьці ўсё, што заўгодна.

Насамрэч на дыскусіі абмяркоўвалася ня толькі, кім беларусы адчуваюць сябе больш: эўрапейцамі ці часткай «рускага сьвету». Гаворка ішла й пра сакавіцкія рэпрэсіі ў Беларусі, і пра эканамічны крызыс, і пра магчымасьці рэформаў – кажа праваабаронца Алесь Бяляцкі.

/

Алесь Бяляцкі: Мы закранулі вельмі шырокае кола пытаньняў: і праваабарончае, і пытаньне нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, і пытаньне пагрозы для беларускай дзяржаўнасьці з боку ўсходняга суседа, і пытаньне тых рэпрэсіяў, якія адбыліся ў Беларусі гэтай вясной. Мы размаўлялі таксама пра пэрспэктывы супрацоўніцтва. Беларускае пытаньне, нягледзячы на іншыя праблемы, якія стаяць перад Эўразьвязам, не сыходзіць з павесткі дня ЭЗ.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім заклікала Эўрапейскі зьвяз падтрымаць стварэньне нацыянальнага ўнівэрсытэту на беларускай мове, а таксама дапамагчы пашырыць тэлевяшчаньне па-беларуску.

/

Алена Анісім: У Беларусі трансьлююцца ня толькі расейскія, але й заходнія тэлеканалы, такія, як Euronews, Discovery, Animal Planet ды іншыя. Вельмі хацелася б задзейнічаць гэтую прастору для пашырэньня беларускай мовы. Каб перадачы гэтых каналаў трансьляваліся па-беларуску.

Напрыканцы сустрэчы Сандра Калніэтэ заклікала ўлады Эўразьвязу пашыраць кантакты зь беларускімі навукоўцамі, грамадзянскай супольнасьцю, спрыяць студэнцкім абменам, дапамагчы рэфармаваць адміністрацыйны апарат і заканадаўства. На думку эўрапейскага палітыка, гэта дапаможа беларусам лепш зразумець, што такое Эўрапейскі зьвяз, што «мы ня монстры, якімі нас малююць некаторыя непрыязныя дзяржавы».

Пры гэтым эўрадэпутатка падкрэсьліла, што звонку ніхто ня можа і ня будзе зьмяніць беларускага грамадзтва. «Будучыня народу заўсёды залежыць толькі ад самога народу», – зазначыла Сандра Калніэтэ.

Аляксандар Папко, Брусэль

Сьвятлана
Сьвятлана Алексіевіч і дасьледчык праблемаў Чарнобыля прафэсар Юры Бандажэўскі.

Беларуская
Беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч падпісвае кнігу дэпутату Эўрапарлямэнту. Брусэль, 27 чэрвеня 2017 г.
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт