Logo Polskiego Radia
Print

Сьвятлана Алексіевіч: «Беларусі трэба ісьці ў Эўропу»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 29.06.2017 13:13
  • Сьвятлана Алексіевіч «Беларусі трэба ісьці ў Эўропу».mp3
«Беларусі патрэбная эўрапеізацыя. Асабліва цяпер, калі мы маем Расею ў яе сёньняшнім варыянце».
Сьвятланы АлексіевічСьвятланы АлексіевічАляксандр Папко/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

27 чэрвеня ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі, беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч упершыню выступіла ў Эўрапейскім парлямэнце. Яна прыняла ўдзел у экспэртнай дыскусіі, прысьвечанай грамадзянскай і нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў, а пасьля выступіла перад шырокай аўдыторыяй з больш як 50 краінаў сьвету. Аўтарка кніг, якія тлумачаць сьветапогляд савецкага чалавека, распавяла, чаму ў Расеі адрадзіўся імпэрскі нацыяналізм, а Беларусь застаецца пад уладай прасавецкага аўтарытарнага рэжыму. З чаго беларусам трэба пачаць пабудову свабоднага грамадзтва? Дзе месца Беларусі – у Эўропе ці «русском мире»? У чым беларусам можа быць карысны досьвед Украіны? На гэтыя тэмы са Святланай Алексіевіч у Брусэлі размаўляў Аляксандар Папко.

Спадарыня Сьвятлана, падчас дыскусіі ў Эўрапарлямэнце вы зазначылі, што адсутнасьць нацыянальнай ідэнтычнасьці, сярод іншага, перашкодзіла беларусам выбраць дэмакратычны шлях разьвіцьця ў 90-я гады. Вы заявілі пра тое, што беларусам, як і ўкраінцам, трэба будзе прайсьці гэты шлях. Што трэба зрабіць беларусам, каб стаць паўнавартасным, салідарным народам?

Сьвятлана Алексіевіч: Я думаю, пачаць трэба з дэмакратыі. Некалі ў мяне была спрэчка з Пазьняком. Ён казаў, што спачатку трэба адрадзіць мову, і толькі затым – дэмакратыю. Я казала: «Калі вы будзеце казаць толькі пра мову, а не пра дэмакратыю, уладу падбяруць іншыя». Так яно і здарылася: уладу сапраўды падабралі іншыя. Я прыхільніца таго, што спачатку трэба будаваць дэмакратыю. А затым мы ўжо будуем нацыянальную дзяржаву на дэмакратычных падмурках.

Таксама вы неаднаразова заяўлялі, што беларусам трэба вызначыцца, дзе іх месца ў сьвеце. Дык дзе ж месца беларусаў, на вашую думку?

Сьвятлана Алексіевіч: На маю думку, беларусы нікуды не сыдуць ад гэтага славянскага братэрства: Расея, Украіна й Беларусь. Яно сапраўды пакінула глыбокі адбітак у нашай гісторыі. Але цяпер час крыўдаў, і кожны з нас, напэўна, пройдзе свой уласны шлях. А пазьней, думаю, будзе аб’яднаньне. Усё ж-такі, у нас шмат агульнага. Але цяпер аб’яднаньне немагчымае – цяпер занадта многа крыві.

/


Скажыце, калі ласка, колькі пераход ад аўтарытарнага савецкага чалавека да чалавека свабоднага зойме, напрыклад, у Беларусі?

Сьвятлана Алексіевіч: Цяжка сказаць. Павінна прайсьці многа пакаленьняў – пакаленьні 3-4, я думаю. Савецкая ідэя – вельмі магутная. Па вялікім рахунку, з таго часу памянялася вельмі няшмат. Нават капіталізм, які мы пабудавалі, ён зусім не такі, я капіталізм францускі ці нямецкі. Гэта жорсткі, пячорны капіталізм. Праца па будове новага чалавека так і не пачалася. Яна ўвесь час адкладваецца.

І значыць, што на гарызонце нават ня бачна, калі грамадзтва стане дэмакратычным і свабодным?

Сьвятлана Алексіевіч: Думаю, патрэбна яшчэ вельмі многа часу. Спачатку патрэбная палітычная дэмакратыя – дэмакратычны ўрад, дэмакратызацыя ўладнай эліты, дэмакратызацыя дзяржаўных інстытутаў, у тым ліку адміністрацыі й судоў, а затым трэба пачаць вучыць людзей – пачынаючы з дзіцячага садка. Гэта акурат тое, што сёньня робіць Украіна. Там усе вучаць украінскую мову й ангельскую.

Мы з вамі знаходзімся ў Брусэлі, сэрцы Эўропы, месцы рэалізацыі іншай вялікай ідэі – ідэі адкрытых межаў, агульнага рынку, дэмакратыі. Беларусам трэба сюды імкнуцца, ці лепш трымацца ад Эўразьвязу на адлегласьці?

Сьвятлана Алексіевіч: Беларусь – гэта занадта малая нацыя. Гэта не паўтарамільярдны Кітай, які можа быць сьветам сам у сабе й жыць адасоблена. Мы – малая нацыя. Мы павінныя быць з кімсьці, быць дзесьці. Існуе ўсяго два выбары: альбо Эўропа, альбо Расея. Я думаю, што Беларусі, усё ж-такі, патрэбная эўрапеізацыя. Асабліва цяпер, укалі мы маем Расею ў яе сёньняшнім варыянце. Нам трэба ісьці ў Эўропу.

Эўрадэпутатка
Эўрадэпутатка Агнешка Казлоўска-Раевіч, пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч і эўрадэпутатака Сандра Калніэтэ падчас дыскусіі ў Эўрапарлямэнце ў Брусэлі, 27 чэрвеня 2017 г.


Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт