Logo Polskiego Radia
Print

«Мы дапамагаем рэфармаваць рэжым»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 30.06.2017 15:50
  • «Мы дапамагаем рэфармаваць рэжым».mp3
Сябра камітэту па міжнародных справах Эўрапарлямэнту Сандра Калніэтэ расказвае пра мэты палітыкі ў стасунку да Менска.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Эўрапейскі зьвяз стараецца рэфармаваць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, аднак не адмаўляецца ад падтрымкі прадэмакратычных сілаў у Беларусі. Пра гэта ў інтэрвію Польскаму радыё заявіла дэпутатка Эўрапейскага парлямэнту, сябра камітэту па міжнародных справах Эўрапарлямэнту і былая міністар замежных справаў Латвіі Сандра Калніэтэ. Яна зьяўляецца адной з арганізатараў дыскусіі «Беларускае грамадзтва: да сучаснай палітычнай і нацыянальнай ідэнтычнасьці?», якая нядаўна прайшла ў Брусэлі. Спэцыяльным госьцем дыскусіі стала нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч. Як зьмянілася стаўленьне Эўрапейскага зьвязу да Менску? Пра што прадстаўнікі Эўразьвязу размаўляюць на сустрэчах зь беларускімі ўладамі? Як ЭЗ хоча заваяваць сымпатыі беларусаў? На гэтыя тэмы з Сандрай Калніэтэ ў Брусэлі размаўляў Аляксандар Папко.

Спадарыня Сандра, скажыце, калі ласка, чым Беларусь важная для Эўрапейскага зьвязу? Відавочна, што сёньня яна стварае менш праблемаў для Эўропы, чым Расея, і менш важная, чым Украіна.

Сандра Калніэтэ: Беларусь мае мяжу з Эўразьвязам. Гэта наш непасрэдны сусед. Таксама Беларусь – гэта адзіная краіна Ўсходняга партнэрства, дзе няма замарожаных канфліктаў. І гэта вельмі важна. Мы зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь заставалася стабільнай краінай, і каб яна рухалася ў бок пашырэньня дэмакратыі, таму што цяпер дэмакратыя ў Беларусі даволі абмежаваная.

Чаму дэпутаты Эўрапарлямэнту выбралі тэмай для дыскусіі нацыянальную й грамадзянскую ідэнтычнасьць беларусаў? Гэта ня вельмі звычайная тэма для абмеркаваньня ў палітычных колах. Чаму самасьвядомасьць беларусаў вы лічыце настолькі важнай?

Сандра Калніэтэ: Самасьвядомасьць мае вялікае значэньне. Людзі павінныя ўсьведамляць, да якога кола каштоўнасьцяў яны належаць, адкуль яны прыйшлі й куды ідуць. Па гэтай прычыне дыскусія наконт таго, да якіх каштоўнасьцяў – сучасных дэмакратычных ці постсавецкіх – адносяць сябе беларусы, вельмі важная. І важная яна, перш за ўсё, для саміх беларусаў. Я б не сказала, што яна настолькі істотная для эўрапейцаў. Мы ведаем, хто мы такія. А вось для беларусаў правесьці такую дыскусію ў Эўрапейскім парлямэнце з удзелам ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятланы Алексіевіч – вельмі важна. Дыскусія таксама дапамагае нам, дэпутатам Эўрапарлямэнту, зразумець, наколькі складанае пытаньне ідэнтычнасьці ў Беларусі.

І да якіх высноваў вы прыйшлі? У беларускім грамадзтве шырыцца прадэмакратычная, праэўрапейская грамадзянская сьвядомасьць, альбо сярод беларусаў узмацняецца прарасейская аўтарытарная й нават мілітарысцкая самаідэнтыфікацыя?

Сандра Калніэтэ: Я маю ўражаньне, што Беларусь стаіць на ростанях. І Эўрапейскі зьвяз павінны аказаць дапамогу грамадзянскай супольнасьці, актывізаваць абмен студэнтамі, каб дапамагчы беларусам зразумець Эўрапейскі зьвяз. Мы ня ставім перад сабой пытаньня: «Куды пойдзе Беларусь?» Ніхто ня можа гэта вырашыць, акрамя саміх беларусаў. Адзінае, што мы можам зрабіць – гэта будаваць масты й быць добрымі суседзямі.

Цяпер Эўрапейскі зьвяз разьвівае «прагматычнае супрацоўніцтва» з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Улады ЭЗ вырашылі, што Лукашэнка хоць і аўтарытарны кіраўнік, але ён запэўнівае стабільнасьць. Таму лепш разьвіваць эканамічнае ды палітычнае супрацоўніцтва зь Менскам і пакуль забыцца пра апазыцыю й падтрымку незалежных СМІ. ЦІ згодныя вы з такой ацэнкай і ці эфэктыўная такая стратэгія?

Сандра Калніэтэ: Не, я ня згодная з такой ацэнкай сытуацыі. Эўрапейскі зьвяз дапамагае рэфармаваць рэжым у Беларусі, адначасова прымаючы існаваньне гэтага рэжыму. Ведаеце, адміністрацыйныя рэформы, прававыя рэформы ствараюць новую рэальнасьць. Яны ўзмацняюць ціск грамадзтва на ўладныя эліты. Мы бачым сваю ролю ў гэтым. Мы працягваем узмацняць нашыя кантакты з грамадзянскай супольнасьцю, мы высока цэнім намаганьні дэмакратычнай апазыцыі, і яны карыстаюцца нашай безумоўнай падтрымкай.

У Беларусі працягваецца палітычна матываваны справы перасьлед. Апошні прыклад – так званая «справа патрыётаў». У краіне выконваецца сьмяротнае пакараньне, узьнікаюць пытаньні з правамі нацыянальных і іншых мяншыняў. Ці гэтыя праблемы абмяркоўваюцца падчас сустрэчаў зь беларускімі ўладамі? Ці аказваеце вы на іх ціск?

Сандра Калніэтэ: Па-першае, хацела б сказаць, што мы надзвычай рэдка сустракаемся з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. У апошняй рэзалюцыі, якую прыняў Эўрапейскі парлямэнт, было яснае патрабаваньне вызваліць палітычных зьняволеных. І гэтае пытаньне заўсёды было ў нашай павестцы дня. Тыя палітзьняволеныя, якіх выпусьцілі два гады таму, былі вызваленыя, дзякуючы націску ўладаў Эўрапейскага зьвязу і Эўрапейскага парлямэнту. Мы ніколі не здаваліся. Мы таксама пераконваем беларускія ўлады адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня. І нам у гэтым дапамагаюць нашыя добрыя партнэры з самой Беларусі. Тэма правоў меншасьцяў таксама пастаянна гучыць, але на сёньняшні дзень гэта не самае прыярытэтнае пытаньне.

Якім чынам Эўрапейскі парлямэнт і іншыя эўрапейскія інстытуты хочуць узмацніць праэўрапейскія настроі ў беларускім грамадзтве? Як зрабіць грамадзянскую ідэнтыфікацыю беларусаў больш прадэмакратычнай і праэўрапейскай?

Сандра Калніэтэ: Трэба даваць больш інфармацыі пра Эўрапейскі зьвяз і ствараць больш магчымасьцяў для кантактаў паміж жыхарамі Эўразьвязу і беларусамі. Іншых шляхоў зьмяніць грамадзкія настроі няма.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт