Logo Polskiego Radia
Print

Беларуская царква прызнаная найлепшым новым будынкам Лёндану (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 06.07.2017 18:59
  • Беларуская царква прызнаная найлепшым новым будынкам Лёндану.mp3
«Гэты храм не падобны на ніякі іншы», – кажа ўладальнік узнагароды New London Architecture аўтар праекту архітэктар Со Цзыўай.
Беларуская мэмарыяльная капліца ў Лёндане. Фота: Joakim BorenБеларуская мэмарыяльная капліца ў Лёндане. Фота: Joakim BorenJoakim Boren

Найлепшым новым будынкам Лёндану прызнаная Беларуская грэка-каталіцкая царква сьвятога Кірылы Тураўскага, асьвечаная напрыканцы мінулага году. Узнагароду New London Architecture атрымала драўляная царква ў беларускім стылі, створаная архітэктарам ганконскага паходжаньня Со Цзыўаем. «Лёнданцы выбралі пераможцам у катэгорыі «Народны выбар» маленькую драўляную капліцу, пабудаваную ў памяць аб ахвярах Чарнобыльскай катастрофы», – зазначана ў прэс-рэлізе конкурсу. Чаму архітэктар кітайскага паходжаньня стварыў царкву для беларусаў? Чаму мэмарыяльную капліцу лёнданцы палічылі ўнікальным будынкам? На гэтыя тэмы мы размаўляем з аўтарам праекту і ўладаром узнагароды – кіраўніком архітэктурнага бюро Spheron Architects Со Цзыўаем (So Tszwai).

Спадар Со, раскажыце, калі ласка, як пачалося вашае супрацоўніцтва зь беларускай суполкай у Лёндане. Чаму вы вырашылі зрабіць ёй такі падарунак – пабудаваць царкву?

Со
Со Цзыўай. Фота: Sasha Belavokaya

Со Цзыўай: Гэтая гісторыя пачалася ў 2007 годзе. Я, як архітэктар, працаваў для будаўнічай фірмы, якая набыла нерухомасьць непадалёк ад месца, дзе знаходзіўся дом беларускай суполкі. Я вельмі люблю Лёндан – гэта сапраўдная мазаіка людзей розных культураў, і беларуская – адна зь іх. Беларуская суполка малая, але вельмі прывязаная да сваіх традыцыяў. Гэта вельмі цёплыя й гасьцінныя людзі, я шмат пра іх даведаўся. Суполка ўзьнікла адразу пасьля Другой сусьветнай вайны. Многія беларусы змагаліся ў арміях заходніх саюзьнікаў альбо проста ўцякалі ад камуністаў, таму пасьля вайны яны апынуліся ў Лёндане. Яны нават заснавалі школу, дзе вучылі сваіх дзяцей беларускай мове. Многія з гэтых людзей былі каталікамі. Пасьля Другой сусьветнай вайны сябры беларускай суполкі набылі дом у паўночным Лёндане й выкарыстоўвалі гэты будынак як царкву. Аднак яны заўсёды хацелі пабудаваць сапраўдны храм. У іх нічога не атрымалася ані ў 70-я, ані ў 80-я, ані ў 90-я гады. І толькі 7 гадоў таму гэтая ідэя ўзьнікла зноў. Нам удалося знайсьці адпаведнае месца, зрабіць праект і давесьці справу да канца.

Інтэр'ер
Інтэр'ер беларускай мэмарыяльнай капліцы. Фота: Joakim Boren


Узнагароды даюцца за ўнікальныя архітэктурныя праекты. Чым малая беларуская драўляная царква настолькі вылучаецца на фоне іншых лёнданскіх будынкаў?

Со Цзыўай: У апошнія 300 гадоў у Лёндане не будавалі драўляных дамоў. У гэтым пляне беларуская мэмарыяльная царква ўжо ўнікальная. І арганізацыя, якая ўручае ўзнагароды – New London Architecture – нават адзначыла гэты факт, калі агучыла намінантаў на перамогу. У прэс-рэлізе было напісана, што гэта першы цалкам драўляны будынак з часоў Вялікага пажару ў XVII стагодзьдзі. Дызайн будынку – вельмі этнічны й разам з тым непаўторны. Царква не выглядае як звычайная каталіцкая царква, але яна не выглядае як расейская праваслаўная царква. Пры гэтым яна мае заходнеэўрапейскі выгляд. Правобразам для гэтага храму паслужылі беларускія цэрквы XVIII стагодзьдзя ў стылі барока. Храм вылучаецца, таму што ён не падобны на ніякі іншы.

Скажыце, калі ласка, ці былі вы ў Беларусі й ці плянуеце туды паехаць?

Со Цзыўай: Так, канешне, я быў у Беларусі. Перад тым, як я стварыў праект, я шмат падарожнічаў па Беларусі, наведваў драўляныя цэрквы XVIII-XIX стагодзьдзя, якія захаваліся. Я пляную прыехаць у Беларусь яшчэ. Гэта вельмі цікавая краіна.

Адна
Адна з замалёвак, зробленых Со Цзыўаем у Беларусі.


Я таксама ведаю, што вы былі знаёмыя са шматгадовым лідарам беларускай суполкі ў Англіі айцом Аляксандрам Надсанам. Ці гэта ён натхніў вас на стварэньне царквы?

Со Цзыўай: Як я ўжо казаў, пляны пабудаваць царкву беларусы Вялікабрытаніі выношвалі на працягу многіх гадоў. Але галоўным ініцыятарам будовы быў айцец Сяргей Стасевіч – малады сьвятар, які дапамагаў айцу Аляксандру Надсану. Менавіта дзякуючы яму будова распачалася. Зразумела, мы трымалі айца Аляксандра ў курсе справаў. Ён быў вельмі рады таму, што царкву пачалі будаваць, але, на вылікі жаль, ён не дажыў да дня, калі царква была асьвечаная.

Над якімі праектамі вы працуеце цяпер як архітэктар? Ці зьбіраецеся вы яшчэ ствараць будынкі, зьвязаныя зь Беларусьсю?

Со Цзыўай: Хто ведае, што сустрэне мяне ў будучыні? (сьмяецца) Я быў бы рады ўдзельнічаць у праектах, зьвязаных зь Беларусьсю – альбо ў самой Беларусі, альбо ў Вялікабрытаніі. Але гэта ўжо залежыць не ад мяне, а ад кліентаў. Калі зьявіцца замова – я з радасьцю за яе вазьмуся. Калі казаць пра іншыя праекты, над якімі мы працуем цяпер, то ў нас іх шмат. Мы працуем для Біркбэк-Унівэрсытэту Лёндана, Лёнданскага ўнівэрсытэту каралевы Марыі. Мы праектуем унівэрсытэцкія корпусы, рэстаўруем гістарычныя будынкі, будуем жытло. У нас вельмі шматплянавая дзейнасьць. Але, паўтаруся, калі прадставіцца магчымасьць, я хацеў бы яшчэ паўдзельнічаць у праектах, зьвязаных зь Беларусьсю.

Узнагарода
Узнагарода New London Architecture. Фота: So Tszwai


Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт