Logo Polskiego Radia
Print

Польшча заклікае постсавецкія краіны супрацоўнічаць з Цэнтральнай Эўропай

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 11.07.2017 15:19
  • Польшча заклікае постсавецкія краіны супрацоўнічаць з Цэнтральнай Эўропай.mp3
Пра гэта заявіў кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Польшчы на адкрыцьці Варшаўскай усходнеэўрапейскай канфэрэнцыі.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Больш за 100 навукоўцаў двух дзесяткаў краінаў сьвету прыехалі ў сталіцу Польшчы, каб абмеркаваць праблемы вайсковай бясьпекі, гістарычнай памяці, эканамічнага супрацоўніцтва, нацыянальных канфліктаў у рэгіёне Цэнтральнай Эўропы й на постсавецкім абшары. У Варшаўскім унівэрсытэце пачала сваю працу XIV Варшаўская ўсходнеэўрапейская канфэрэнцыя. На адкрыцьці навуковага форуму выступіў кіраўнік Канцылярыі прэзыдэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі. На ўрачыстасьці пабываў Аляксандар Папко.

Тэмай XIV Варшаўскай усходнеэўрапейскай канфэрэнцыі зьяўляецца «Цэнтральная і Ўсходняя Эўропа перад абліччам глябальных выклікаў». Як тлумачыць адзін з арганізатараў форуму, дырэктар Інстытуту Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту Ян Маліцкі (Jan Malicki), выклікамі гэтымі зьяўляюцца некантраляваная міграцыя на эўрапейскі кантынэнт, аслабленьне Эўрапейскага зьвязу, а таксама агрэсія Расеі, якая парушыла прынцыпы мірнага суіснаваньня ў Эўропе.

/

Ян Маліцкі: Выбіраючы гэтую назву, мы хацелі падкрэсьліць, што Цэнтральная і Ўсходняя Эўропа ў апошнія гады апынуліся ў цэнтры гістарычных падзеяў. Яна надалей будзе знаходзіцца ў вельмі небясьпечным пэрыядзе часу і заставацца небясьпечным рэгіёнам.

У рамках канфэрэнцыі пройдуць тры круглыя сталы, прысьвечаныя вайсковай бясьпецы ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, сытуацыі на Блізкім усходзе, а таксама кітайскаму праекту Новага шаўковага шляху. Вядомыя навукоўцы прачытаюць лекцыі на тэму польска-ўкраінскіх адносінаў, замежнай палітыкі Нямеччыны, нацыянальнага будаўніцтва ва Ўсходняй Эўропе.

Больш за сотню навукоўцаў прадставяць свае даклады на 17 сэкцыях канфэрэнцыі – кажа адзін з яе арганізатараў, шматгадовы выкладчык Інстытуту Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту і Калюмбійскага ўнівэрсытэту Джон Міцгель (John Micgiel).

/

Джон Міцгель: Падчас гэтых сэкцыяў мы будзем абмяркоўваць такія тэмы як кібэрбясьпека й гібрыдная агрэсія, адносіны Расеі зь яе суседзямі, рэформы ва Ўкраіне. У гэтым годзе ўдзел навукоўцаў з Ўкраіны й Беларусі асабліва значны. Калі казаць пра Беларусь, то на канфэрэнцыі выступяць 9 беларускіх навукоўцаў з вельмі рознымі дакладамі. Іх дасьледаваньні датычаць беларускай гісторыі, сучаснай палітыкі, настрояў беларускага грамадзтва.

Галоўным выклікам, які стаіць перад рэгіёнам Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, зьяўляецца «вяртаньне геапалітыкі» – заявіў на адкрыцьці Варшаўскай усходнеэўрапейскай канфэрэнцыі кіраўнік Канцылярыі прэзыдэнта Польшчы палітоляг Кшыштаф Шчэрскі (Kszysztof Szczerski).

«Пасьля расейска-грузінскай вайны 2008 году сьвет зьмяніўся – упершыню ў XXI стагодзьдзі. Гэта была першая клясычная геапалітычная вайна стагодзьдзя. Межы Грузіі былі парушаныя ў выніку агрэсіі. Наш рэгіён – гэта рэгіён, дзе межы да сёньняга дня могуць зьмяніцца выніку агрэсіі», – падкрэсьліў Кшыштаф Шчэрскі.

Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Польшчы зазначыў, што Варшава прыкладае вялікія намаганьні, каб «узмацніць суб’ектнасьць рэгіёну Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і зрабіць яго больш бачным». З гэтай мэтай Польшча разьвівае эканамічнае супрацоўніцтва ў рамках Ініцыятывы трох мораў. Саміт гэтай новай арганізацыі прайшоў нядаўна ў Варшаве.

Кшыштаф Шчэрскі заклікаў Украіну ды іншыя постсавецкія дзяржавы актыўней разьвіваць свае адносіны з краінамі Цэнтральнай Эўропы.

/

Кшыштаф Шчэрскі: Гэта адзіны рэгіён, для якога адносіны з Украінай, Грузіяй, Малдовай, Беларусьсю іншымі краінамі не стаяць на другім месцы пасьля адносінаў з Расеяй. Гэта нашыя прыярытэты, таму, што гэтыя краіны знаходзяцца ў нашым непасрэдным палітычным суседзтве. І мы лічым, што патэнцыял нашага супрацоўніцтва не выкарыстоўваецца да канца.

Адказваючы на пытаньні журналістаў, Кшыштаф Шчэрскі заявіў, што ня лічыць, што супрацоўніцтва Польшчы й Ўкраіны значна пагоршылася ў апошнія гады. Ён падкрэсьліў, што дыпляматычныя адносіны Кіева і Варшавы надзвычай актыўныя. Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Польшчы нават выказаў шкадаваньне, што ў свой час Варшава не далучылася да Менскіх перамоваў па ўрэгуляваньні канфлікту ў Данбасе.

Кшыштаф Шчэрскі: У пятніцу ў Варшаве я сустракаюся з маім сябрам і блізкім супрацоўнікам – палітычным дарадцам прэзыдэнта Парашэнкі. Мы абмяняемся інфармацыяй і абмяркуем супольную стратэгію па выніках візыту прэзыдэнта Ўкраіны ў Вашынгтон і прэзыдэнта ЗША ў Польшчу. Мы не збаўляем тэмпаў й рангу нашых сустрэчаў. У гэтым годзе прэзыдэнты сустракаліся два разы. Мы вельмі добра супрацоўнічаем з украінскім міністэрствам замежных справаў. Нам не хапае толькі адной рэчы – Польшча не зьяўляецца ўдзельнікам Менскага перамоўнага працэсу. Але гэта не нашая памылка, а памылка папярэдняга кіраўніцтва Польшчы.

Пра пагрозы для заходняга дэмакратычнага сьвету казаў і другі прамоўца, які адкрыў Варшаўскую ўсходнеэўрапейскую канфэрэнцыю. Пагрозамі зьяўляецца аслабленьне NATO і Эўрапейскага зьвязу – заявіў экспэрт Джэймстаўнскага фонду й былы амбасадар ЗША ў Азэрбайджане Мэцью Брыза (Matthew Bryza).

/

Мэцью Брыза: Падставай бясьпекі ў Эўропе зьяўляецца трансатлянтычнае адзінства. Яго элемэнтамі зьяўляецца NATO з яго артыкулам аб калектыўнай абароне, а таксама эканамічныя інстытуты – Сусьветны банк і Міжнародны валютны фонд. Другой апорай міру ў Эўропе зьяўляецца Эўрапейскі зьвяз. І я занепакоены што падставы міру ў Эўропе пахіснуліся. Унутры Эўразьвязу ёсьць лідары, якія ставяць пад сумнеў неабходнасьць эўрапейскай інтэграцыі. У Злучаных Штатах прэзыдэнт Трамп з цяжкасьцю прызнае неабходнасьць абараняць саюзьнікаў па NATO, а таксам ня мае геапалітычнай стратэгіі. Нарэшце, Кітай стварае ўласныя фінансавыя ўстановы, якія даюць грошы, не патрабуючы рынкавых рэформаў, каторыя зьяўляюцца зарукай доўгатэрміновага дабрабыту.

Нягледзячы на ўсю сур’ёзнасьць пагрозаў, якія стаяць перад Эўропай, Мэцью Брыза застаецца аптымістам. «На працягу сваёй трагічнай гісторыі мы вывучылі ўрок, які заключаецца ў тым, што мы жывем у бясьпецы і дабрабыце толькі тады, калі трымаемся разам. І мы будзем трымацца разам», – заявіў былы дыплямат.

XIV Варшаўская ўсходнеэўрапейская канфэрэнцыя скончыцца ў сераду 12 ліпеня лекцыяй знакамітага чэскага дасьледчыка нацыянальных рухаў Міраслава Гроха, а таксама выступам былога памочніка дзяржсакратара ЗША Дэніэла Фрайда. Дыплямат выступіць з прамовай «Абараняючы свабодны сьвет».

/

/

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт