Logo Polskiego Radia
Print

Польскі Сэнат спрачаецца пра рэформу судоў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 14.07.2017 11:06
Сэнат унёс у парадак дня закон пра Нацыянальную судовую раду ды закон пра сыстэму агульных судоў.
Foto: PAP/Jacek Turczyk

Польскі Сэйм прыняў папраўкі ў закон аб Нацыянальнай судовай Радзе. Гэтыя папраўкі вынесены на галасаваньне ў Сэнаце.

Нягледзячы на пратэсты сэнатараў з апазыцыйнай партыі Грамадзянская плятформа, Сэнат унёс у парадак дня закон пра Нацыянальную судовую раду ды закон пра сыстэму агульных судоў. Кіраўніцтва Сэнату заявіла, што адхілены заявы, каб скіраваць папраўкі на разгляд прэзыдыюма Сэнату ды камісію па заканадаўстве. Замест гэтага законапраекты выносяцца сёньня на галасаваньне.

Маршалак Сэнату Станіслаў Карчэўскі паведаміў, што ўсе працэдуры зьвязаныя з унясеньнем законапраектаў у парадак дня выкананыя.

У сваю чаргу кіраўнік сэнацкай фракцыі ГП Богдан Кліх заявіў, што будзе ўсімі сіламі старацца не дапусьціць унясеньня законапраектаў у парадак дня. Апазыцыйны палітык заявіў, што кіроўная партыя імкнецца правесьці без разгляду неканстытуцыйныя законы праз Сэнат.

Папраўкі ў закон аб Нацыянальнай судовай радзе прадугледжваюць скарачэньне тэрміну паўнамоцтваў цяперашніх 15 чальцоў рады ды выбар новых чальцоў парлямэнтам краіны, а не судзьдзямі, як было раней.

Папраўкі ў закон аб сыстэме агульных судоў уносяць зьмены ў працэдуры прызначэньня ды звальненьня старшыняў судоў міністрам юстыцыі.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт