Logo Polskiego Radia
Print

Мастакі з Францыі, Канады й Польшчы шукаюць натхненьня ў Белавескай пушчы

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 15.07.2017 19:37
  • Мастакі з Францыі, Канады й Польшчы шукаюць натхненьня ў Белавескай пушчы.mp3
Восем артыстаў наведваюць польскую й беларускую частку запаведніка, а вынікі іх працы будуць прадстаўленыя на выставах у Польшчы й Францыі.
Удзельнікі праекту "Мастацкая Белавежа": Зузана Банасіньска, Эліза Аляб, Франсуа Брыян, Гіём Жэзі, Адам Жондла, Жэрэмі Кнэз, Мікаэль Браншу і Жэнеўева Кадзьё-Лянглюа. Удзельнікі праекту "Мастацкая Белавежа": Зузана Банасіньска, Эліза Аляб, Франсуа Брыян, Гіём Жэзі, Адам Жондла, Жэрэмі Кнэз, Мікаэль Браншу і Жэнеўева Кадзьё-Лянглюа. Aliaksandr Papko/radyjo.net

Восем мастакоў з Францыі, Канады й Польшчы прыехалі ў Белавескую пушчу, каб стварыць творчы праект, прысьвечаны стасунку чалавека да прыроды, узаемаадносінам людзей розных культураў і жыцьцю на мяжы. Удзельнікі праекту «Мастацкая Белавежа» наведаюць як польскую, так і беларускую частку запаведнага лесу, а вынікі іх працы будуць прадстаўленыя на выставах у Польшчы й Францыі. З удзельнікамі творчага праекту з трох краінаў размаўляў Аляксандар Папко.

Праект «Мастацкая Белавежа» (Artistic Białowieża forest) сабраў артыстаў, якія працуюць у розных сфэрах: скульптура, відэа, кампутарная графіка, інсталяцыя, пэрформанс. Яго рэалізуе група францускіх мастакоў у супрацоўніцтва зь Беларускім домам у Варшаве.

Пазнаёміўшыся зь беларусамі на форуме міжнароднага супрацоўніцтва моладзі ў францускім Нанце, мастакі загарэліся ідэяй прыехаць на польска-беларускае памежжа, кажа адна з арганізатараў праекту графік Эліза Аляб (Elise Hallab).

/

Эліза Аляб: Мы распрацавалі праект разам з артыстам і філёзафам Мікаэлем Браншу, а таксама беларускімі дасьледчыцамі Веранікай Лапуцькай і Вольгай Алешкай. Мы ўсе сустрэліся на форуме Nantes Creative Generations і вырашылі стварыць мастацкі праект, арганізаваны вакол Белавескай пушчы, таму, што гэты запаведны лес выклікае мноства асацыяцыяў.

Мастакі з Францыі, Канады й Польшчы хочуць адлюстраваць усю складанасьць сацыяльных, экалягічных, палітычных і культурных праблемаў, якія ўзьнікаюць у памежным рэгіёне. Сымбалем, які спалучае гэтыя шматлікія сэнсы, стане лес. Аднак мастацкі праект выходзіць па-за рамкі польска-беларускага памежжа. Ён будзе мець глябальны кантэкст – кажа куратар праекту мастак і філёзаф Мікаэль Браншу (Michaël Branchu).

/

Мікаэль Браншу: Цяпер мы толькі пачынаем вызначаць галоўную вось нашага праекту. Адпраўной кропкай для нас стане лес, аднак нас цікавіць ня проста яго эканамічнае, палітычнае ці культурнае значэньне. Мы хочам паглядзець на яго ў шырэйшым кантэксьце – у кантэксьце адносінаў паміж прасторай прыроды й цывілізацыяй. Лес – гэта месца, якое заўсёды не адпавядала нашым спадзяваньням, уцякала ад іх. Цяпер людзі вядуць гарачыя дыскусіі наконт таго, як можна ўмяшацца ў жыцьцё Белавескай пушчы, і ці можна ўмешвацца ўвогуле. Лес – гэта месца, якое ўцякае ад цывілізацыі, якое жыве паводле сваёй лёгікі, якую так і ня могуць зразумець людзі.

Кожны ўдзельнік праекту «Мастацкая Белавежа» прадстаўляе асобны від мастацтва, працуе ў індывідуальнай тэхніцы, таму выстава, якая зьявіцца ў выніку паездкі ў запаведнік, абяцае быць разнастайнай. Кожны мастак глядзіць на пушчу з уласнай пэрспэктывы, таму адрозьнівацца будуць і ідэі, увасобленыя ў творах.

Польскую артыстку Зузану Банасіньску (Zuzanna Banasińska), якая працуе ў сфэры новых мэдыя, цікавіць канфлікт паміж лесьнікамі й эколягамі, які ўжо год цягнецца ў Белавескай пушчы. Дзяржаўныя службы сьцьвярджаюць, што дзеля таго каб спыніць распаўсюджаньне шашаля-тыпогрпфа, які зьнішчае елкі, інфэкаваныя дрэвы неабходна пілаваць. Эколягі лічаць гэта грубым ўмяшальніцтвам у экасыстэму пушчы, якая не раз перажывала нашэсьце караеда.

/

Зузана Банасіньска: Мяне зацікавіла тая сытуацыя, якая склалася цяпер на польскім баку Белавескай пушчы, а менавіта высечка дрэваў. На мой погляд, мастацтва ў стане расказаць больш, чым пратэсты на вуліцах. Я хацела б таксама ўбачыць, ці зьменіцца лес пасьля таго, як мы перасячэм мяжу зь Беларусьсю. Паводле нармальнай лёгікі, лес – гэта лес, і мяжа не павінна на яго ўплываць. Пакуль я ня ведаю, што стане вынікам гэтага мастацкага праекту, але я хацела б дасьледаваць, як чалавек «прыватызуе» прыроду, хоць прырода ня мае ніякага гаспадара.

Артыстка ў галіне пэрформансу й інсаляцыі Жэнеўева Кадзьё-Лянглюа (Geneviève Cadieux-Langlois) глядзіць на Белавескую пушчу вачыма чалавека зь іншага кантынэнту. У Польшчу й Беларусь яна прыехала з канадзкага Монрэалю.

/

Жэнеўева Кадзьё-Лянглюа: Для мяне было вельмі цікава пашырыць свае межы й выйсьці з зоны камфорту. У сваіх творах я хацела б усталяваць дыялёг паміж прыродай, якую я ведаю ў Канадзе, і прыродай, якая ёсьць тут. Мяне таксама цікавіць тэма мяжы – як яна ўплывае на паводзіны людзей. Яшчэ адна цікавая тэма – самаідэнтыфікацыя людзей і іх пачуцьцё прыналежнасьці да той ці іншай нацыянальнай групы. Мне хочацца паглядзець, якія сувязі ўдасца ўсталяваць замежным артыстам з жыхарамі мястэчка Белавежа ў Польшчы.

Пасьля паездкі ў Белавескую пушчу артысты будуць працаваць самастойна. «Вынікам праекту павінныя стац дзьве экспазыцыі, якія прадставяць розныя індывідуальнасьці й розныя мастацкія сфэры», – кажа Мікаэль Браншу.

З 27 ліпеня па 7 жніўня першыя вынікі вынікі калектыўнай працы будуць прадстаўленыя ў «Беларускім доме» у Варшаве. А ў сакавіку будучага году фінальная выстава праекту «Мастацкая Белавежа» адбудзецца ў горадзе Нант у Францыі.

Аляксандар Папко

Удзельнікі
Удзельнікі праекту "Мастацкая Белавежа" правядуць у пушчы каля тыдня.

/

/

/

Уздоўж
Уздоўж дарогі з Белавежы ў Гайнаўку ляжаць сотні забітых шашалем, а затым сьпілаваных елак.

Вуліца
Вуліца ў Белавежы

/

/

/
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт