Logo Polskiego Radia
Print

Эўрадэпутаты папросяць Брусэль адмяніць візы для беларусаў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 22.07.2017 15:27
  • Эўрадэпутаты папросяць Брусэль адмяніць візы для беларусаў.mp3
Пра гэта ў інтэрвію Польскаму радыё заявіў кіраўнік Дэлегацыі Эўрапарлямэнту па кантактах зь Беларусьсю Богдан Здраеўскі.
Foto: Jacek Konceki/ Polskie Radio

Дэлегацыя Эўрапейскага парлямэнту па кантактах зь Беларусьсю зьвернецца да Эўрапейскай камісіі з прапановай скасаваць візы для беларускіх грамадзянаў. Пра гэта ў інтэрвію Польскаму радыё заявіў кіраўнік дэлегацыі, польскі эўрадэпутат Богдан Здраеўскі. Ініцыятыва адмены візаў стала адным з вынікаў нядаўняга візыту эўрапейскіх парлямэнтароў у Беларусь. Пра тэмы, якія эўрадэпутаты абмяркоўвалі зь беларускімі ўладамі, прадстаўнікамі апазыцыі й грамадзянскай супольнасьці, Богдан Здраеўскі расказаў Аляксандру Папко.

Дэлегацыя Эўрапейскага парлямэнту па кантактах зь Беларусьсю наведала Менск 18 і 19 ліпеня. У склад дэлегацыі ўваходзяць пяцёра дэпутатаў: прадстаўнікі Эўрапейскай народнай партыі Богдан Здраеўскі і Міхаэль Галер, дэпутат з Альянсу сацыялістаў і дэмакратаў Андрэй Мамыкін, прадстаўніца фракцыі «Зялёных» Тацьцяна Жданок, а таксама палітык з фракцыі Эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў Вальдэмар Тамашэўскі. Яны сустрэліся зь міністрам замежных справаў Уладзімерам Макеем, дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, лідарамі апазыцыі, а таксама прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў.

Абмяркоўваліся тры галоўныя тэмы – паведаміў старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту Богдан Здраеўскі. Першая – гэта гарманізацыя беларускай адукацыйнай сыстэмы з сыстэмамі эўрапейскіх краінаў і далучэньне Беларусі да Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Другая тэма – гэта правядзеньне выбараў у мясцовыя саветы, якія адбудуцца ў лютым 2018 году. Трэцяя тэма перамоваў – гэта вайсковыя манэўры «Захад-2017», якія пройдуць у Беларусі ў верасьні.

Эўрапейскі парлямэнт лічыць, што ўвядзеньне эўрапейскіх стандартаў у беларускую адукацыйную сыстэму ідзе занадта павольна. Богдан Здраеўскі прыгадаў, што больш за 2000 беларускіх студэнтаў ужо атрымалі магчымасьць вучыцца ў краінах Эўразьвязу, дзякуючы праграме Ersamus+. Брусэль мае яшчэ больш выгадныя прапановы для беларусаў, але для гэтага патрэбныя зьмены ў заканадаўстве аб адукацыі. Пра гэта эўрадэпутаты размаўлялі з чыноўнікамі з Міністэрства адукацыі і беларускімі парлямэнтарамі.

Богдан Здраеўскі: Разыходжаньне ў ацэнках паміж нашым і беларускім бокам даволі вялікае. Беларускі бок лічыць, што каля 70% неабходных зьменаў у адукацыйнае заканадаўства ўжо ўведзена. Аднак, згодна з нашымі падлікамі, уведзена толькі 27%-28% неабходных нормаў. Мы размаўлялі пра канкрэтныя рэчы: пра абавязковае разьмеркаваньне студэнтаў, якое павінна быць скасаванае, пра пашырэньне аўтаноміі ўнівэрсытэтаў.

Прадстаўнікам беларускага Цэнтарвыбаркаму, а таксама дэпутатам Палаты прадстаўнікоў сябры Дэлегацыі Эўрапарлямэнту нагадалі пра неабходнасьць зьменаў у выбарчым заканадаўстве.

Богдан Здраеўскі: Мы гаварылі пра неабходнасьць спрасьціць працэс рэгістрацыі палітычных партыяў. Цяпер гэты працэс ідзе вельмі павольна, нават можна сказаць, што яго проста блякуюць. Мы размаўлялі пра неабходнасьць павялічыць прысутнасьць апазыцыйных кандыдатаў у СМІ падчас выбарчай кампаніі. Ну і канешне, мы закраналі традыцыйную тэму непразрыстасьці выбарчага працэсу, а асабліва працэдуры падліку галасоў.

Эўрапейскіх дэпутатаў таксама цікавіла магчымасьць назіраць за ходам расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017». Пра гэта Богдан Здраеўскі з калегамі размаўляў з міністрам замежных справаў Беларусі.

Богдан Здраеўскі: Мы атрымалі пацьверджаньне таго, што заходнія назіральнікі будуць на манэўрах, што вучэньні будуць насіць абаронны, а не наступальны характар. Ацэнку вучэньняў мы атрымаем ад назіральнікаў ад NATO, яна зьявіцца прыкладна праз паўтара гады.

Акрамя прадсаўнікоў уладаў, Дэлегацыя Эўрапарлямэнту па кантактах зь Беларусьсю сустрэлася з прадстаўнікамі беларускіх праваабарончых арганізацыяў, дасьледчых цэнтраў, а таксама апазыцыйных партыяў і рухаў. Яны абмяркоўвалі сытуацыю з правамі чалавека, эканамічныя праблемы, свабоду СМІ.

Перамовы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў не азначаюць, што Эўрапейскі зьвяз прызнаў яе легітымнасьць. Беларускі парлямэнт ня быў абраны ў дэмакратычных выбарах – падкрэсьліў Богдан Здраеўскі.

Богдан Здраеўскі: Беларускі парлямэнт не прызнаецца Эўрапейскім парлямэнтам. Гэта вынікае з аналізаў, якія мы праводзілі раней. Канешне, цяпер у Палаце прадстаўнікоў ёсьць дзьве дэпутаткі ад апазыцыі. Аднак беларускія выбары не адпавядалі стандартам АБСЭ, таму Палата прадстаўнікоў не прызнаецца легітымным парлямэнтам. Пры гэтым на працягу апошніх тыдняў мы ўжо прынялі ў Эўрапейскім парлямэнце ў Брусэлі дзьвюх дэпутатак, якія прадстаўляюць беларускую апазыцыю. Таму цяпер нам патрэбна сустрэцца з шэфамі камісіяў Палаты прадстаўнікоў, якія адпавядаюць за тэмы, агучаныя Эўрапейскай камісіяй і АБСЭ. Гаворка ідзе пра мясцовыя выбары й далучэньне Беларусі да Балёнскага працэсу.

На сустрэчах з міністрам замежных спрваваў, беларускімі парлямэнтарамі і прадстаўнікамі трэцяга сэктару эўрадэпутаты абмяркоўвалі спрашчэньне візавага рэжыму. Дэлегацыя па сувязях зь Беларусьсю зьвернецца да ўладаў Эўразьвязу з прапановай адмяніць візы для грамадзянаў Беларусі. Ініцыятарам гэтай ідэі быў нямецкі хрысьціянскі дэмакрат Міхаэль Галер, які засядае ў камітэце па замежных справах Эўрапейскага парлямэнту, а таксама ў падкамітэце па бясьпецы і абароне.

Богдан Здраеўскі: Мы абмяркоўвалі дзьве прапановы. Першая заключаецца ў тым, каб мы пераканалі Брусэль адступіць ад вельмі высокіх патрабаваньняў, якія эўрапейскія памежныя службы прад’яўляюць да беларускіх пашпартоў для ўвядзеньня бязьвізавага рэжыму. Эўрапейскія патрабаваньні вельмі суровыя, і беларускі бок ня хоча іх прымаць, згаджаючыся толькі на агульнапрызнаныя стандарты бясьпекі пашпартоў. З другога боку, можна часова зьнізіць кошты візаў альбо як мінімум часова ўвесьці зь Беларусьсю бязьвізавы рух – так, як гэта ўжо зроблена ў выпадку Ўкраіны. Уся Дэлегацыя Эўрапарлямэнту па кантактах зь Беларусьсю напрыканцы жніўня альбо пачатку верасьня прадставіць гэтую прапанову адпаведным эўрапейскім інстытутам, у тым ліку Эўрапейскай камісіі. У дэлегацыі пануе агульнае перакананьне аб тым, што Беларусь трэба ўключыць у праграму бязьвізавага руху.

Удзельнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту, сябра Выбарчай акцыі палякаў Летувы Вальдэмар Тамашэўскі запытаў беларускія ўлады пра бясьпеку атамнай элекрастанцыі, якая будуецца ў Астраўцы.

Богдан Здраеўскі: Мы патрабавалі дзьвюх рэчаў: па-першае, каб спэцыялісты з Заходняй Эўропы атрымалі магчымасьць спраўдзіць правільнасьць выкананьня будаўнічых працаў, а па-другое, каб сховішчы вады для ахалоджваньня рэактара ня зьнішчылі экасыстэмы мясцовай ракі. Былі і іншыя патрабаваньні, часткова яны ўжо былі выкананыя. Мы ведаем, напрыклад, што сэйсьмічныя тэсты электрастанцыі пройдуць пры ўдзеле экспэртаў з Заходняй Эўропы.

Большасьць прадстаўнікоў беларускай апазыцыі й няўрадавых арганізацыяў ня супраць інтэнсыфікацыі стасункаў паміж Менскам і Брусэлем – зазначыў Богдан Здраеўскі. Пры гэтым прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў папярэдзілі эўрапейскіх палітыкаў «ня быць наіўнымі і ўсьведамляць, што кантакты з эўрапейскімі дыпляматамі, палітыкамі й чыноўнікамі могуць быць выкарыстаныя Менскам ў прапагандысцкіх мэтах», – паведаміў польскі эўрадэпутат.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт