Logo Polskiego Radia
Print

Трэньні на лініі Варшава-Вільня, на гэты раз з-за праекту польскага пашпарту

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 03.08.2017 17:33
Палякі хочуць зьмясьціць у новым польскім пашпарце выяву віленскай Вострай брамы.
Фота: MSWiA RP

Чарговае напружаньне на лініі Варшава-Вільня, а яго прычынай зьяўляецца праект новага польскага пашпарту.

На 100-годзьдзе незалежнасьці, якое будзе адзначацца ў 1918 годзе, Польшча пастанавіла ўвесьці новыя пашпарты. Пры гэтым выявы, якія будуць на старонках, могуць выбраць грамадзяне ў віртуальным галасаваньні. Галасаваньне трывае (павінна завяршыцца 10 верасьня бягучага года), але ўжо цяпер другое месца сярод прапаноў, дарэчы, высунутых Міністэрствам унутраных спраў Польшчы, займае выява віленскай Вострай брамы.

Афіцыйная Вільня выказала востры пратэст, выклікаўшы ў МЗС намесьніка амбасадара Польшчы ў Летуве. Намесьнік міністра замежных спраў Летувы Нерыс Германас (Neris Germanas) сказаў карэспандэнту Польскага радыё, што “Вострая брама з вобразам Маці Божай знаходзіцца на тэрыторыі Летувы, і іх выявы не павінна быць на афіцыйных дакумэнтах іншых дзяржаў”. Віцэ-міністар выказаў спадзяваньне, што Варшава возьме пад увагу заўвагі Вільні.

Вострая брама зьяўляецца адным з 13-і матываў, запрапанаваных МУС Польшчы ў якасьці выяваў, якія будуць у новым польскім пашпарце.

Сярод іншых – Могілкі Львоўскіх арлянят, якія зьяўляюцца часткай вядомых Лычакоўскіх могілак у Львове. Пакуль што Польшча не атрымала рэакцыі з боку Ўкраіны.

Міністэрства ўнутраных спраў тлумачыць выбар выявы Вострай брамы тым, што гэтае месца глыбока зьвязанае з польскай гісторыяй і дзяржаўнасьцю.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт