Logo Polskiego Radia
Print

«Гэта выглядае як доўгатэрміновае пакараньне»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 03.08.2017 19:43
  • Гэта выглядае як доўгатэрміновае пакараньне.mp3
Санкцыі, адобраныя Трампам, могуць пахаваць пляны Расеі на пабудову Nord Stream 2, а іх дзеяньне можа доўжыцца дзесяцігодзьдзямі.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/Public Domain/CC0

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сераду падпісаў «Закон аб супрацьдзеяньні непрыяцелям Амэрыкі шляхам санкцыяў». Новы закон, які тыдзень таму пераважнай большасьцю галасоў зацьвердзіў амэрыканскі Кангрэс, узмацняе санкцыі супраць Расеі. Якім чынам закон аб санкцыях адаб’ецца на эканоміцы Расеі, бясьпецы ў Эўропе й сьвеце? Пра гэта Аляксандар Папко запытаўся ў міжнародных экспэртаў.

2 жніўня прэзыдэнт Злучаных Штатаў сваім подпісам надаў сілу закону цэламу шэрагу абмежавальных мераў супраць расейскага бізнэсу й кіраўніцтва, якія былі ўведзеныя яшчэ прэзыдэнтам Баракам Абамам. Акрамя санкцыяў супраць Расеі, закон кадыфікуе абмежаваньні, уведзеныя супраць урадаў Ірану й Паўночнай Карэі.

Вялікае значэньне закону аб санкцыях заключаецца менавіта ў тым, што гэта...закон – тлумачаць экспэрты. Калі раней абмежаваньні супраць Крамля мог уводзіць, зьмяняць і адмяняць сваім указам прэзыдэнт, то цяпер на любое паслабленьне санкцыяў будзе патрэбная згода Кангрэсу. Дональд Трамп ня зможа іх скасаваць – кажа рэдактар аддзелу палітыкі расейскай «Новой газеты» Андрэй Ліпскі.

Андрэй Ліпскі: Характэрнай рысай закону зьяўляецца тое, што ў ім хоць і вядзецца гаворка аб выкананьні Менскіх пагадненьняў і паводзінах Расеі ў Сірыі, але выглядае ён як доўгатэрміновае пакараньне, а ня нешта, прывязанае да выкананьня канкрэтных умоваў.

Расейскі публіцыст параўноўвае новы закон аб санкцыях са знакамітай папраўкай Джэксана-Вэніка. Уведзеная ў 1974 годзе папраўка да закону ЗША аб гандлі, абмяжоўвала эканамічныя стасункі Злучаных Штатаў з краінамі, якія не дазвалялі габрэям выяжджаць за мяжу. Папраўка, уведзеная супраць СССР, надоўга перажыла як праблему габрэйскай эміграцыі, так і сам Савецкі Саюз. Яна была скасаваная толькі ў 2012 годзе.

Новы закон пераводзіць на сталую аснову санкцыі, уведзеныя супраць расейскай абароннай прамысловасьці, банкаўскага сэктару й нафтагазавай галіны, якія былі ўведзеныя ў адказ на анэксію Крыму й распальваньне Крамлём вайны ў Данбасе. Дакумэнт уводзіць і шэраг навінак. Ён значна скарачае час, на які амэрыканскія фірмы могуць пазычаць грошы расейскім банкам і нафтагазавым кампаніям, а таксама загадвае прыцягнуць да адказнасьці грамадзянаў Расеі, якія зьдзяйсьнялі кібэратакі супраць ЗША. Самае галоўнае – новы закон аб санкцыях забараняе амэрыканскім кампаніям інвэставаць у пабудову расейскіх газаправодаў і нафраправодаў.

Гэта можа пахаваць пляны Крамля пабудаваць газаправод Nord Stream 2 – кажа аналітык Польскага інстытуту міжнародных справаў Анджэй Дамброўскі (Andrzej Dąbrowski).

Анджэй Дамброўскі: Плянаваны газаправод Nord Stream 2 гэты закон вызначае як пагрозу для энэргетычнай салідарнасьці Захаду. Таму мы мяркуем, што «Газпрому» ня ўдасца рэалізаваць гэты праект. Амэрыканскі закон выклікае непакой у некаторых эўрапейскіх краінах, бо іх кампаніі хацелі б удзельнічаць у будаўніцтве гэтага газаправоду. Акрамя гэтага праекту, цяжка ацаніць, ці закон акажа на расейкаю эканоміку нейкі большы ўплыў, чым той, які гэтыя санкцыі ўжо аказалі.

Закон ЗША аб санкцыях ужо выклікаў трывогу ў прадстаўнікоў расейскага нафтагазавага бізнэсу і ўладных элітаў – камэнтуе расейскі публіцыст Андрэй Ліпскі.

Якія крокі Расея прыме ў адказ? Пакуль што гучным, але адзіным крокам Крамля стала патрабаваньне скараціць пэрсанал амэрыканскіх дыпляматычных прадстаўніцтваў. У бліжэйшы час амбасаду і консульствы ЗША ў Расеі пакінуць 755 чалавек. Значная частка зь іх – гэта расейскія грамадзяне, якія працуюць па найму. Экспэрты асьцерагаюцца, што такое скарачэньне штату значна падоўжыць час выдачы амэрыканскіх візаў.

Патрабаваньне зраўняць колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Расеі з колькасьцю расейскіх дыпляматаў у ЗША – гэта, насамрэч, адказ на дзеяньні Вашынгтону больш як паўгадовай даўніны. У студзені мінулага году Барак Абама загадаў выслаць са Злучаных Штатаў 35 супрацоўнікаў расейскай амбасады, падазраваных у шпіянажы.

Расея ня можа нанесьці эканамічнай шкоды Злучаным Штатам, таму, магчыма, яна будзе шукаць асымэтрычнага адказу – мяркуе аналітык лёнданскага дасьледчага цэнтру Эўрапейская рада замежных стасункаў (ECFR) Эндру Ўілсан (Andrew Wilson).

Эндру Ўілсан: Расея можа спрабаваць умешвацца ў выбары на эўрапейскім кантынэнце, аднак умяшаўшыся ў выбары ў ЗША, яна толькі нашкодзіла сабе. Расея можа спрабаваць зрабіць нейкія крокі на Блізкім Усходзе, але гэта вельмі малапраўдападобна. У сусьветнай эканоміцы Расея – даволі малы гулец. Яна вельмі залежыць ад заходніх рынкаў, куды яна прадае нафту й газ. Магчыма, Крэмль захоча адпомсьціць нейкім іншым чынам, але ў кожным разе, ён атрымаў зусім ня тое, на што спадзяваўся, калі Дональда Трампа абралі прэзыдэнтам ЗША.

Расея можа пастарацца дэстабілізаваць сытуацыю ва Ўкраіне ці Сірыі, аднак гэтыя дзеяньні не нанясуць шкоды Амэрыцы – мяркуе аналітык Польскага інстытуту замежных справаў Анджэй Дамброўскі.

«Я ня думаю, што амэрыканцы баяцца адказу Расеі й нейкім чынам зьменяць курс, вызначаны новым законам», – падсумоўвае польскі экспэрт.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт