Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь – небясьпечнае месца для палітуцекачоў з Расеі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 04.08.2017 15:20
  • Беларусь – небясьпечнае месца для палітуцекачоў з Расеі.mp3
За апошні час Менск перадаў Маскве двух дысыдэнтаў, якія накіроўваліся ва Ўкраіну.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Расейскі дысыдэнт Андрэй Ягораў, які накіроўваўся ва Ўкраіну, каб папрасіць палітычнага прытулку, быў затрыманы беларускімі сілавікамі й перададзены расейскаму боку. Гэта ўжо ня першы выпадак, калі беларускія праваахоўныя ворганы перадаюць Расеі тых, хто спрабуе схавацца ад палітычнага перасьледу. Наколькі законныя дзеяньні беларускай міліцыі? Што рабіць замежніку, які намераны атрымаць прытулак у краінах Эўразьвязу ці ва Ўкраіне, але воляй лёсу апынуўся на тэрыторыі Беларусі? Акалічнасьці справы Ягорава паведамляюць расейскія й беларускія праваабаронцы.

Актывіст партыі «Яблоко» Ўладзімер Ягораў, якога пры загадкавых абставінах затрымалі ў Беларусі, знаходзіцца ў сьледчым ізалятары горада Тарапец Цьвярской вобласьці. Яго арыштавалі па абвінавачаньні ў тэрарызьме – паведаміў 3 жніўня расейскі партал «Медиазона».

Па словах адвакаткі Ўладзімера Ягорава, падставай для абвінавачаньня паслужыў пост у сацыяльнай сетцы «Вконтакте», у якім грамадзкі актывіст крытыкаваў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.

Ягораў, які змагаўся з карупцыяй у Цьвярской вобласьці, пакінуў Расею ў сярэдзіне чэрвеня пасьля таго, як яго дом у горадзе Тарапец некалькі разоў спрабавалі падпаліць. Актывіст папрасіў прытулку ва Ўкраіне, але на мяжы нявысьветленыя асобы, якія прадставіліся супрацоўнікамі СБУ, заявілі, што Ягораву забаронены ўезд у іх краіну. Пры гэтым, адказваючы на запыт журналістаў Hromadskie.tv, Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што ніякай забароны не ўезд Ягорава не існуе.

Уладзімер Ягораў накіраваў афіцыйны запыт украінскім уладам і стаў чакаць адказу на свой зварот у Менску. Аднак, як паведамляе Радыё «Свабода», 29 ліпеня ў хостэл, дзе жыў расейскі актывіст, прыйшлі супрацоўнікі беларускага КДБ.

Пасьля гэтага грамадзянін Расеі зьнік. Толькі праз 2 дні зьявілася інфармацыя, што Ягорава зьбіраюцца судзіць па абвінавачаньні ў дробным хуліганстве. Судовы працэс адбыўся без прысутнасьці абвінавачанага. Ўладзімера Ягорава пакаралі 2 днямі арышту, пасьля чаго расейскі дысыдэнт раптоўна апынуўся ў расейскім СІЗА.

Прысуд мог быць толькі нагодай, каб пратрымаць Ягорава за кратамі і, згодна з негалоснай дамоўленасьцю паміж сілавікамі дзьвюх краінаў, перадаць яго Расеі – мяркуе супрацоўніца праваабарончага цэнтру Human Constanta Наста Лойка.

Наста Лойка: Хутчэй за ўсё, гэта быў дадатковы мэханізм, каб легалізаваць утрыманьне Ягорава за кратамі на той час, пакуль прымаюць рашэньне аб яго перадачы. Магчыма, існаваў запыт наўпрост з расейскага ФСБ.

Беларускія праваабаронцы цяпер рыхтуюць афіцыйны зварот у КДБ Беларусі. Яны хочуць даведацца, на якой падставе Ўладзімер Ягораў быў перададзены расейскім сілавікам. Пакуль беларускія ворганы адмаўляюцца тлумачыць, хто перадаў Ягорава расейскаму боку.

Наста Лойка: Ніякі беларускі ворган ня ўзяў на сябе адказнасьці за перадачу. Ніхто нічога ня ведае. Нам застаецца толькі зьвязвацца з адвакатам Ягорава і накіроўваць афіцыйныя звароты ў беларускія ворганы.

Гэта ня першы выпадак, калі Беларусь у выніку хуткай і непразрыстай працэдуры перадае Расейскай Фэдэрацыі асобу, якая шукае прытулку. 7 чэрвеня на беларуска-ўкраінскай мяжы быў затрыманы, а затым выдадзены Расеі ўцякач з Чачні Мурад Амрыеў – расказвае супрацоўніца польскага Хэльсінскага фонду правоў чалавека расейская праваабаронца Вольга Саламатава.

Вольга Саламатава: Мурад Амрыеў патрабаваў сабе адваката, ён на камэру заяўляў, што просіць прытулку ў Беларусі. Аднак беларускія праваахоўныя ворганы заяўляюць, што Амрыеў прытулку не прасіў. Працэдура так званай «высылкі» замежнага грамадзяніна – непразрыстая. Яе рэалізацыя супярэчыць нормам, якія мы можам знайсьці ў беларускім заканадаўстве.

Паміж Беларусьсю й Расеяй існуе пісьмовая дамоўленасьць аб перадачы грамадзянаў, якія знаходзяцца ў вышуку – камэнтуе праваабаронца. Аднак перадача Расеі Мурада Амрыева і Ўладзімера Ягорава зь цяжкасьцю ўкладваюцца ў рамкі міжнародных юрыдычных нормаў.

Вольга Саламатава: Лёс чалавека застаецца ў руках праваахоўных ворганаў. Ён ня мае магчымасьці абскардзіць дадзенае рашэньне, хоць такія правы ў яго ёсьць. Працэдура адбываецца занадта хутка й закрыта. Гэта недапушчальна. Такая працэдура не адпавядае агульнапрынятым нормам і стандартам.

Можна ўпэўнена сьцьвярджаць, што Беларусь не зьяўляецца бясьпечным месцам для ўцекачоў з постсавецкай прасторы, якія спрабуюць атрымаць палітычны прытулак ва Ўкраіне ці Эўразьвязе. Беларускія сілавікі могуць імгненна перадаць іх у краіну паходжаньня.

Што рабіць замежнаму дысыдэнту, які воляй лёсу затрымаўся на тэрыторыі Беларусі? Такі чалавек павінен як мага хутчэй зьвярнуцца да праваабаронцаў і абавязкова падпісаць дамову зь беларускім адвакатам. Таксама неабходна публічна, за пасярэдніцтвам СМІ ці афіцыйнага ліста, агучыць сваё жаданьне атрымаць статус уцекача – раіць праваабаронца Вольга Саламатава.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт