Logo Polskiego Radia
Print

Нашчадкі Ігната Дамейкі наведваюць Польшчу

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 12.08.2017 11:39
Прапраўнукі геоляга сустрэнуцца з польскімі навукоўцамі й прымуць удзел у імшы, якая пройдзе ў Вавэльскім саборы ў Кракаве.
Ігнат ДамейкаІгнат Дамейкаwikimedia commons/public domain

Нашчадкі знакамітага геоляга, ураджэнца Наваградчыны й нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі наведваюць Польшчу. Пас Дамейка Леа-Пласа (Paz Domeyko Lea-Plaza) з Аўстраліі, Сэсілія Дамейка (Cecilia Domeyko) са Злучаных Штатаў і Мігель Дамейка (Miguel Domeyko) з Чылі ўжо наведалі Беларусь і Летуву, а цяпер вырашылі прайсьці шляхам свайго прапрадзеда, які незадоўга да сваёй сьмерці наведаў польскія землі ў 1885 годзе.

Галоўнай мэтай прыезду нашчадкаў Дамейкі ў Эўропу стала міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная спадчыне геоляга, якая нядаўна прайшла ў Вільні. Пасьля Вільні прапраўнукі Дамейкі пабывалі ў Менску, а затым адправіліся ў Варшаву й Кракаў. У пятніцу яны наведалі знакамітыя саляныя шахты ў гарадку Вялічка. Нашчадкі Ігната Дамейкі плянуюць сустрэцца з польскімі навукоўцамі, прыняць удзел у імшы ў гонар іх продка, якая пройдзе ў Вавэльскім саборы ў Кракаве, а таксама наведаць музэй нямецкага канцэнтрацыйнага лягеру Аўшвіц.

Геоляг і географ Ігнат Дамейка нарадзіўся ў 1802 годзе ў маёнтку Мядзьведка пад Наваградкам. Ён навучаўся ў Віленскім унівэрсытэце, прыняў удзел у паўстаньні 1830 году супраць расейскай імпэрыі. Пасьля паразы паўстаньня ён вымушаны быў пакінуць радзіму і зрабіў бліскучую навуковую кар’еру ў Чылі. На схіле сваіх гадоў Ігнат Дамейка на 4 гады прыехаў у Эўропу, каб наведаць родныя мясьціны й пападарожнічаць па Польшчы. Памёр Ігнат Дамейка ў 1889 годзе ў чылійскай сталіцы Санцьяга неўзабаве пасьля вяртаньня з падарожжа.

PAP/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт