Logo Polskiego Radia
Print

Палякі – самы праэўрапейскі народ у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 16.08.2017 14:13
Усё больш палякаў выступаюць за паглыбленьне эканамічнай інтэграцыі ў Эўразьвязе.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Палякі зьяўляюцца самым праэўрапейскімі сярод грамадзянаў краінаў Вышэградзкай групы, куды ўваходзяць Польшча, Вугоршчына, Чэхія і Славаччына. 88% палякаў выступае за тое, каб іх краіна заставалася ў Эўрапейскім зьвязе. Найбольш скептычнымі зьяўляюцца чэхі, сярод якіх узровень падтрымкі Эўразьвязу раўняецца 56%. Вынікі апытаньня апублікаваў польскі цэнтар сацыялягічных дасьледаваньняў CBOS.

Супраць сяброўства ў Эўрапейскім зьвязе выступаюць толькі 9% палякаў, тады як 88% падтрымліваюць ЭЗ. За знаходжаньне сваіх краінаў у эўрапейскай супольнасьці выступаюць 82% вугорцаў, 74% славакаў і 56% чэхаў.

Прыхільнікі сяброўства Польшчы ў Эўрапейскім зьвязе дамінуюць абсалютна ва ўсіх сацыяльна-дэмаграфічных групах і сярод выбарцаў усіх парлямэнцкіх партыяў.

Усё больш палякаў выступаюць таксама за паглыбленьне эканамічнай інтэграцыі. 58% апытаных лічыць, што ў выпадку, калі краіны Эўразьвязу пачалі б будаваць «Эўропу дзьвюх хуткасьцяў», то Польшча павінна будзе далучыцца да групы краінаў, якія ўзмацняюць эканамічнае й палітычнае супрацоўніцтва. За 3 месяцы колькасьць такіх людзей павялічылася на 8 працэнтных пунктаў.

Сацыялягічнае апытаньне было праведзенае ў чэрвені гэтага году. У Польшчы ўдзел у дасьледаваньні прынялі 1020 дарослых грамадзянаў краіны.

PAP/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт