Logo Polskiego Radia
Print

Гішпанія: затрыманы трэці падазраваны ў арганізацыі тэрактаў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.08.2017 10:17
У выніку тэрактаў у трох гішпанскіх гарадах загінулі ня менш за 14 чалавек.
Паліцыя на месцы тэракту ў горадзе Камбрыльс. Паліцыя на месцы тэракту ў горадзе Камбрыльс. PAP/EPA/JAUME SELLART

Паліцыя арыштавала трэцяга падазраванага ў арганізацыі тэрактаў, якія адбыліся 17 жніўня ў гішпанскіх гарадах Барсэлёна і Камбрыльс. Пра гэта паведаміў міністар унутраных справаў рэгіёну Каталёнія Хаакім Форн (Joaquim Forn).

Учора былі затрыманыя грамадзянін Гішпаніі й грамадзянін Марока, падазраваныя ў арганізацыі тэракту ў Барсэлёне. Пры гэтым непасрэдны выканаўца тэракту – кіроўца фургону, які ўрэзаўся ў натоўп людзей – пакуль ня знойдзены.

А 17 гадзіне ў сталіцы гішпанскай Каталёніі горадзе Барсэлёна фургон уехаў у натоўп людзей. Былі забітыя 13 чалавек. Каля сотні былі параненыя. Чарговы тэракт адбыўся ў прыморскім горадзе Камбрыльс. Там легкавы аўтамабіль таксама ўрэзаўся ў групу людзей. Раненьні атрымалі 7 чалавек, сярод іх – адзін паліцыянт. Паліцэйскія застрэлілі пецярых тэрарыстаў.

Паліцыя таксама паведаміла, што выбух у адным з каталёнскіх гарадоў Альканар, які адбыўся ў чацьвер раніцай, таксама зьвязаны з тэрактам у Барсэлёне. У выніку гэтага выбуху загінуў адзін чалавек, а шасьцёра былі параненыя.

Ад тэракту ў Барсэлёне пацярпелі грамадзяне 18 краінаў: Гішпаніі, Францыі, Нямеччыны, Галяндыі, Аргентыны, Вэнэсуэлы, Бэльгіі, Аўстраліі, Пэру, Румыніі, Ірляндыі, Грэцыі, Кубы, Вугоршчыны, Македоніі, Кітая, Італіі й Альжыру. Грамадзянаў Беларусі й Польшчы сярод пацярпелых няма.

Адказнасьць за тэракт у Барсэлёне ўзяла на сябе так званая Ісламская дзяржава. Прэм’ер Гішпаніі Марыяна Рахой (Mariano Rajoy) аб’явіў трохдзённую жалобу.

IAR/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт