Паміж ЗША й Расеяй - візавая вайна
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
21.08.2017 20:20
На сем дзён – з 23 жніўня да 1 верасьня – будзе прыпыненая выдача амэрыканскіх віз грамадзянам Расеі.
photo: vk.com
Пакуль што Масква ня будзе прымаць крокаў у адказ у адносінах да ЗША ў сувязі з тым, што Вашынгтон прыпыніў выдачу амэрыканскіх віз грамадзянам Расеі. Пра гэта паведаміў міністар замежных справаў Расейскай Фэдэрацыі Сяргей Лаўроў.
Сёньня амбасада ЗША ў Маскве паведаміла, што на сем дзён – з 23 жніўня да 1 верасьня – будзе прыпынены працэс выдачы ўязных дакумэнтаў ЗША грамадзянам РФ. Пасольства таксама паінфармавала, што зь верасьня візы будуць выдавацца толькі ў пасольстве ЗША, а консульствы ў Санкт-Пецярбургу, Екацярынбургу ды Ўладзівастоку перастануць увогуле аказваць гэтую паслугу.
Да гэтага грамадзяне Беларусі маглі атрымліваць амэрыканскія візы ў пасольстве ЗША ў Маскве. Зь верасьня гэтага нельга будзе зрабіць. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь змогуць падаваць дакумэнты на амэрыканскую візу ў Варшаве, Кіеве альбо Вільні. Нагадаем, візы ў Менску не выдаюцца з моманту беларуска-амэрыканскага дыпляматычнага напружаньня 2008 года.
ЗША абмяжоўвае выдачу віз у Расеі з-за таго, што Крэмль запатрабаваў у Вашынгтона абмежаваць колькасьць дыпляматычнага й тэхнічнага пэрсаналу ў амэрыканскім пасольстве й консульствах на тэрыторыі РФ на 755 чалавек.
Масква тлумачыць свае крокі контрсанкцыямі: раней падобнае патрабаваньне, але адносна меншай колькасьці супрацоўнікаў, высунуў Вашынгтон. Такім чынам, пасьля 1 верасьня колькасьць дыпляматычнага й тэхнічнага пэрсаналу ЗША ў Расеі й Расеі ў ЗША будзе аднолькавай і складзе 455 чалавек.
вс