Logo Polskiego Radia
Print

Нашчадак габрэяў зь Ліды ідзе шляхам, які ўратаваў яго продкаў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 23.08.2017 19:47
  • Нашчадак габрэяў зь Ліды ідзе шляхам, які ўратаваў яго продкаў.mp3
Ліда – Коўна – Ўладзівасток – Кобэ: амэрыканец Дэвід Манскі паўтарае шлях бацькі, якога ад Галакосту ўратаваў японскі консул.
Міра, Саўл, Самуіл Манскія й карціны даваеннай Ліды. 1931 год. Фота з кнігі ўспамінаў Самуіла Манскага With God's Help (З Божай дапамогай). Міра, Саўл, Самуіл Манскія й карціны даваеннай Ліды. 1931 год. Фота з кнігі ўспамінаў Самуіла Манскага With God's Help (З Божай дапамогай). Фота з кнігі ўспамінаў Самуіла Манскага With God's Help

З беларускай Ліды ў летувіскі Коўна а адтуль – праз усю Расею да Ўладзівастоку, у Японію й ЗША. Амэрыканскі біёляг Дэвід Манскі паўтарае шлях свайго бацькі й бабулі, якія вырваліся з ахопленай вайной Усходняй Эўропы й пазьбеглі гібелі ў Галакосьце. Пра драматычную гісторыю ўратаваньня сваёй сям’і ды свае ўражаньні ад Беларусі, Польшчы й Летувы Дэвід Манскі расказвае Аляксандру Папко.

Дэвід Манскі (David Manski) – біёляг і спэцыяліст у прыродаахоўнай галіне. Ён жыве ў невялікім амэрыканскім гарадку Бар Харбар на беразе Атлянтыкі. Пасьля сьмерці свайго бацькі, Дэвід з жонкай Шырай вырашыў зьдзейсьніць даўнюю мару. Ён прыехаў на радзіму продкаў, каб паўтарыць шлях, якім яны выратаваліся ад немінучай гібелі на самым пачатку Другой сусьветнай вайны.

Бацька Дэвіда Манскага – Шлома Манскі – нарадзіўся ў 1929 годзе ў Лідзе. Яго маці Рыва валодала крамай, а бацька Ісак быў пажарным. Напярэдадні вайны ў Лідзе жылі каля 10 тысячаў габрэяў, якія складалі палову насельніцтва гораду.

У верасьні 1939 міжваенную Польшчу падзялілі паміж сабой нацысцкая Нямеччына і камуністычны Савецкі Саюз. На землях, акупаваных Трэцім Рэйхам габрэяў пазбавілі ўсіх правоў, пачалі бязьлітасна перасьледаваць. Савецкія ж улады на падкантрольнай сабе тэрыторыі пачалі арыштоўваць прадстаўнікоў «буржуазных клясаў».

Бежанцы як зь нямецкай, так і савецкай акупацыйных зонаў хлынулі ў незалежную Летуву. Баючыся быць арыштаванымі НКВД, Рыва Манская з сям’ёй уцякла ў летувіскі Эйшышкес. Аднак ужо летам 1940 году Летуву анэксуе СССР. Пагроза новай вайны для многіх становіцца відавочнай. Адзінай надзеяй для Рывы й траіх яе дзяцей застаецца пераезд у ЗША, куды незадоўга да вайны перабраўся яе муж Ісак.

Чыунэ
Чыунэ Сугіхара

Шлях да ўратаваньня сям’і Манскіх і тысячам іншых габрэяў адкрыў чалавек па імені Чыунэ Сугіхара. Японскі консул у Коўне насуперак інструкцыям свайго ўраду выдаў больш за 2 тысячы транзытных візаў. Гэтыя дакумэнты далі бежанцам права праз Савецкі Саюз прыбыць у Японію, а адтуль працягнуць свой шлях за акіян.

«Гэта вельмі захапляльнае, радаснае, але адначасова сумнае падарожжа», – кажа Дэвід Манскі, які адправіўся па сьлядах свайго бацькі й бабулі. З часоў вайны ніхто з яго родных ня быў ва Ўсходняй Эўропе.

Амэрыканскі навуковец вельмі засмучаны тым, што пра даваенную Ліду, якую ў кнізе ўспамінаў апісаў яго дзядзька Самуіл, сёньня не нагадвае амаль нічога. Ад большасьці старых камяніцаў, сынагогаў, могілкаў не засталося й сьледу. Крыху суцяшае той факт, што памяць пра лідзкіх габрэяў захоўваецца ў мясцовым музэі. Сямейныя фота Манскіх выклікалі захапленьне ў музэйных супрацоўнікаў.

Дэвід
Дэвід Манскі ў архіве ў польскім горадзе Радам. Фота сям'і Манскіх.

Дэвід Манскі: Мы былі вельмі прыемна ўражаныя падчас візыту ў гістарычны музэй Ліды. Мы хацелі даведацца, ці ёсьць там фатаграфіі, рэчы, якія б маглі расказаць нам пра даваенную гісторыю гораду, пра тое, як там жылі габрэі. Я паказаў пару здымкаў, якія прывезла з сабой у Злучаныя Штаты мая сям’я. Экскурсаводка была настолькі ўсхваляваная, што спыніла экскурсію й адразу запрасіла нас да дырэктара. З кіраўніком дасьледчага аддзелу музэя мы размаўлялі каля дзьвюх гадзінаў! Ён расказаў нам шмат пра горад, пра даваеннае габрэйскае жыцьцё, а мы расказалі яму гісторыю сваёй сям’і й перадалі копіі фота, зробленых у Лідзе ў 1920-я і 1930-я гады. Ён быў у захапленьні, бо ніколі раней ня бачыў гэтых здымкаў.

Супрацоўнікі лідзкага гісторыка-мастацкага музэя паказалі Манскім школу, у якую хадзілі бацька й дзядзька Дэвіда, а таксама месцы, дзе нацысты забілі ўсіх габрэйскіх жыхароў Ліды.

Дэвід Манскі: Я быў вельмі ўзрушаны, стоячы на месцы, дзе стаяў мой бацька й мой дзядзя. Таксама мы наведалі некалькі месцаў на ўскраіне Ліды, дзе былі расстраляныя тысячы габрэяў. Мы ўшанавалі іх памяць. Вельмі магчыма, што мае сваякі былі забітыя там. Прыемнае ўражаньне на нас зрабіў Лідзкі піўзавод. Мы паднялі тост за нашую сям’ю, п’ючы цудоўны лідзкі квас.

Пасьля Ліды Дэвід і Шыра Манскія наведалі Навагрудак, Мір і Менск. Амэрыканская сямʼя скарысталася магчымасьцямі, якія даў нядаўна ўведзены 5-дзённы бязьвізавы рэжым. Манскія вельмі спадзяюцца, што Беларусь надалей будзе адкрывацца для турыстаў.

Шыра
Шыра і Дэвід Манскія на піўзаводзе ў Лідзе. Фота сям'і Манскіх.

Дэвід Манскі: Мы сустрэлі вельмі многа людзей, якія праявілі да нас выключнаю гасьціннасьць і прыязнасьць! Пачынаючы з аэрапорту, нам паўсюль стараліся дапамагчы, паказаць дарогу. Беларусь – вельмі прыгожая краіна. Я спадзяюся, у мяне будзе больш часу, каб яе наведаць. Мы скарысталіся нядаўна ўведзеным 5-дзённым бязьвізавым рэжымам. Я спадзяюся, што некалі гэты тэрмін зробяць даўжэйшым, і мы зможам лепш паглядзець краіну.

Кантакты паміж людзьмі робяць сьвет больш бясьпечным. Людзі павінныя больш падарожнічаць і прымаць гасьцей. Гэта адна з самых галоўных высноваў, якую зрабіў Дэвід Манскі падчас сваёй усходнеэўрапейскай паездкі.

Дэвід Манскі: Я шмат езьдзіў па сьвеце і жыў у многіх краінах. Таму магу ўпэўнена сказаць, што кантакты паміж людзьмі дапамогуць нам падтрымаць мір. Непасрэдныя размовы людзей розных краінаў разбураюць недавер, стэрэатыпы й нават варожасьць. Едучы ва Ўсходнюю Эўропу, мы крыху трывожыліся. Мы ведалі пра трагедыю габрэяў і жахлівы антысэмітызм, які панаваў тут да вайны. Я нэрваваўся, бо я габрэй і ня ведаў, як на мяне будуць рэагаваць. Аднак мы ані хвіліны не адчувалі сябе ў небясьпецы. Мы сустрэлі надзвычай прыязных людзей. Кантакты паміж людзьмі могуць сапраўды зьмяніць сьвет.

У Коўне Дэвід Манскі наведаў вельмі важнае для яго сямʼі месца – будынак былога консульства, дзе Чыунэ Сугіхара выдаў яго бабулі ратавальную візу. Нашчадак аднаго з уратаваных японскім консулам габрэяў сустрэў там групу школьнікаў з Японіі й Летувы.

Былы
Былы будынак японскага консульства ў Коўне, дзе працаваў Чыунэ Сугіхара. Фота: wikimedia commons/Bonio/ CC BY-SA 3.0

«Гісторыя маіх продкаў павінна вучыць людзей спагадзе й чалавечнасьці. Трагедыя бежанцаў не павінна больш паўтарацца, аднак яна, на жаль, паўтараецца ў нашыя дні», – нагадвае Дэвід Манскі.

Дэвід Манскі: Знаходзячыся ў гэтым музэі ў Коўне я ня мог перастаць думаць пра тое, што цяпер адбываецца ў сьвеце, а менавіта пра бежанцаў з Сірыі, бежанцаў з паўночнаафрыканскіх краінаў. Яны стараюцца патрапіць туды, дзе могуць нармальна жыць і адчуваць сябе ў бясьпецы. Аднак раўнадушнасьць людзей і ўрадаў становіцца для многіх зь іх непераадольнай сьцяной. Я вельмі спадзяюся, што такія месцы, як музэі Сугіхары ў Летуве й Японіі, дапамогуць людзям зразумець, што гісторыя не павінна паўтарацца. У нас розныя культуры, розныя рэлігіі, але мы ўсе чалавечыя істоты, і мы павінны адносіцца да іншых так, як хочам, каб адносіліся да нас.

Бацька Дэвіда Манскага разам з маці, сястрой і братам патрапіў у Злучаныя Штаты ў красавіку 1941 году – за два месяцы да таго, як Нямеччына напала на СССР і за паўгоду да таго, як Японія атакавала Злучаныя Штаты. Усе родныя Манскіх, якія засталіся на землях Беларусі, Польшчы й Летувы, загінулі ў Галакосьце.

Сёньня на сьвеце жывуць 30 нашчадкаў 4 асобаў з сям’і Манскіх, якім Чыунэ Сугіхара выдаў японскія візы. Усяго ж на сьвеце жыве каля 50 тысячаў нашчадкаў тых, каго, насуперак службовым інструкцыям, з ахопленай вайной Эўропы выцягнуў японскі консул.

Пашпарт
Пашпарт Самуіла Манскага зь візай, выстаўленай консулам Сугіхарам. Фота з кнігі ўспамінаў Самуіла Манскага With God's Help (З Божай дапамогай).

«Вы хочаце пачуць маю матывацыю, ці ня так? – тлумачыў Сугіхара свае дзеяньні дзесяцігодзьдзі пасьля вайны. – Гэта такі від суперажываньня, які адчуў бы кожны, хто ўбачыў у твар гэтых уцекачоў, што прасілі са сьлязьмі на вачох.[…] Сярод уцекачоў былі і старыя, і жанчыны. Яны былі ў такой роспачы, што кідаліся цалаваць мае ногі […] Дух гуманнасьці, філянтропіі, добрасуседзтва. З гэтым духам я рызыкнуў зьдзейсьніць тое, што зьдзейсьніў».

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт