Logo Polskiego Radia
Print

Археолягі знайшлі парэшткі Кастуся Каліноўскага

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 01.09.2017 17:05
«Маецца дастаткова доказаў таго, што сярод выяўленых астанкаў ёсьць парэшткі Канстанціна Каліноўскага», – заяўляюць навукоўцы зь Летувы.
Кастусь Каліноўскі,1863 годКастусь Каліноўскі,1863 годPublic Domain

Пры раскопках на гары Гедыміна ў Вільні, археолягі, верагодна, знайшлі парэшткі абодвух найбольш значных лідараў паўстаньня 1863 году супраць Расейскай Імпэрыі – Кастуся Каліноўскага й Зыгмунта Серакоўскага. Пра гэта паведамляе партал Delfi.

«Маецца дастаткова доказаў таго, што сярод выяўленых астанкаў ёсьць парэшткі Канстанціна Каліноўскага», – сказаў інфармагенцтву Baltic News Service прафэсар катэдры анатоміі Віленскага ўнівэрсытэту Рымантас Янкаўскас. Паводле яго словаў, гэтя гіпотэза не супярэчыць сабраным археалягічным і антрапалягічным дадзеным.

Рымантас Янкаўскас адзначыў, што для канчатковага пацьверджаньня здагадкі неабходна завяршыць дасьледаваньне ўсіх парэшткаў, знойдзеных на гары Гедыміна.

«Іншымі словамі, калі мы ня выявім іншага, больш цьвёрдага кандыдата, з якім бы супала больш доказаў, то будзем сьцьвярджаць, што гэта астанкі Канстанціна Каліноўскага», – сказаў прафэсар.

Наконт ідэнтыфікацыі парэшткаў Зыгмунта Серакоўскага ўжо няма сумневаў, паколькі быў знойдзены заручальны пярсьцёнак з ініцыяламі камандзіра паўстанцаў й яго жонкі.

Кастусь Каліноўскі зьяўляецца адным з нацыянальных герояў Беларусі. Юрыст, беларускі публіцыст і паэт, ён быў адным з лідараў паўстаньня 1863 года на землях Летувы й Беларусі. 9 лютага 1864 года Каліноўскі быў арыштаваны, а 22 сакавіка павешаны ў Вільні.

Доўгі час месцазнаходжаньне яго магілы заставалася невядомым. Неаднаразова выказваліся здагадкі, што яго цела было пахаванае на гары Гедыміна, дзе ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя разьмяшчалася расейская вайсковая частка.

delfi.lt/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт