Logo Polskiego Radia
Print

Дамова Ўкраіна-ЭЗ запрацавала ў поўным аб’ёме

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 01.09.2017 19:59
  • Дамова Ўкраіна-ЭЗ запрацавала ў поўным аб’ёме.mp3
Урад Украіны цяпер абавязаны рэфармаваць эканоміку, а Беларусь мае партнэра, дзякуючы якому можна выйсьці на эўрапейскі рынак.
pixabay.com/Public Domain/CC0

1 верасьня ў поўным аб’ёме ўступае ў дзеяньне Дамова аб асацыяцыі Украіны з Эўрапейскім зьвязам. Дакумэнт адчыняе рынак Эўрапейскага зьвязу для ўкраінскіх тавараў і абавязвае Ўкраіну перайсьці на эўрапейскія стандарты ў вытворчасьці, правілах вядзеньня бізнэсу й ня толькі. Што ўступленьне ў жыцьцё Дамовы аб асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ прынясе Ўкраіне, а што – Беларусі? Пра гэта з экспэртамі з Кіева размаўляў Аляксандар Папко.

Дамова аб асацыяцыі – адно з самых значных і драматычных пагадненьняў у навейшай гісторыі Ўкраіны. Распрацоўка дакумэнту пачалася яшчэ 10 гадоў таму. Напрыканцы 2011 году перамовы балі завершаныя, а дакумэнт – гатовы да падпісаньня. Аднак у лістападзе 2013 году тагачасны прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч нечакана вырашыў не заключаць пагадненьня аб асацыяцыі.

Адмову Януковіча ад інтэграцыі з Эўразьвязам многія ўкраінцы ўспрынялі як крушэньне надзеяў на годнае жыцьцё. У шматлікіх гарадах успыхнулі пратэсты. У Кіеве доўгае вулічнае супрацьстаяньне перарасло ў кровапралітныя сутычкі, у выніку якіх Вярхоўная Рада адхіліла Віктара Януковіча ад улады. У адказ на праэўрапейскую рэвалюцыю ў Кіеве Расея ўвяла свае войскі на Крым і справакавала сэпаратысцкі канфлікт у Данбасе.

Нягледзячы на ўсе перашкоды, у сакавіку 2014 году ўкраінскі ўрад падпісаў палітычную частку дамовы, а ў чэрвені – эканамічную. З 1 студзеня 2016 году пачала працаваць зона вольнага гандлю паміж Украінай і Эўразьвязам. Нарэшце, з 1 верасьня 2017 году дамова запрацавала ў поўным аб’ёме.

Дамова аб асацыяцыі – гэта дакумэнт, які зацьвярджае эканамічнае й палітычнае збліжэньне з Эўразьвязам як прыярытэт украінскай зьнешняй палітыкі. Больш за тое, ён падрабязна апісвае, як гэтае збліжэньне павінна адбывацца – тлумачыць Аляксей Мельнік, кіраўнік праграмаў зьнешняй палітыкі ва Ўкраінскім цэнтры эканамічных і палітычных дасьледаваньняў імя Разумкова.

Аляксей Мельнік: Гэта не азначае, што без падпісаньня Дамовы Ўкраіна не інтэгравалася б у эўрапейскую палітычную ды эканамічную прастору. Асноўная каштоўнасьць гэтага дакумэнту заключаецца ў тым, што ён падрабязна апісвае, як гэты працэс павінен адбывацца. У ім дакладна прапісаныя абавязкі двух бакоў.

Дамова аб асацыяцыі абавязвае прэзыдэнтаў, кіраўнікоў урадаў і парлямэнтарыяў Украіны праводзіць рэгулярныя сустрэчы са сваімі калегамі з кіроўных ворганаў Эўрапейскага зьвязу. Кіраўніцтва Ўкраіны бярэ на сябе абавязак рэфармаваць адміністрацыю, судовую й фінансавую сыстэмы, а таксама разьвіваць канкурэнтную рынкавую эканоміку. Украіна таксама абавязваецца прывесьці тэхнічныя й спажывецкія стандарты ў адпаведнасьць з нормамі Эўрапейскага зьвязу.

У адказ Эўразьвяз адчыняе свой рынак для ўкраінскіх тавараў, дае фінансавую падтрымку, дапамагае ўкараняць сучасныя тэхналёгіі, а таксама дапамагае Ўкраіне ўмацаваць яе вайсковую бясьпеку.

Як зьмянілася сытуацыя з 1 верасьня? Калі раней Украіна выкарыстоўвала Дамову аб асацыяцыі толькі як нагоду для правядзеньня рэформаў, то цяпер урад мае абавязак рэфармаваць краіну – тлумачыць выканаўчы дырэктар Эўрапейскай Бізнэс-Асацыяцыі Ўкраіны Ганна Дзеравянка.

Дамова аб асацыяцыі прадугледжвае ня толькі палітычнае супрацоўніцтва, эканамічныя рэформы й адкрыцьцё рынку. Эўрапейскія стандарты павінныя быць уведзеныя ў шматлікіх сфэрах – ад экалёгіі па адукацыю, кажа экспэрт.

Ганна Дзеравянка: Дамова прадугледжвае ўсталяваньне эфэктыўнага дзяржаўнага кіраваньня. Мы павінныя правесьці шэраг рэформаў, скіраваных на ўсталяваньне вяршэнства закону. Гэтая дамова прадугледжвае рэформы ў сацыяльнай сфэры, закранае пытаньні экалёгіі, грамадзянскіх правоў, правоў спажыўцоў, пытаньні моладзі, адукацыі. Насамрэч, яна прадугледжвае вельмі шырокі спэктар крокаў, скіраваных на тое, каб наблізіць Украіну да ўмоваў і стандартаў, якія працуюць у Эўрапейскім зьвязе.

За апошнія гады Ўкраіна відавочна пераарыентавала свой гандаль на Захад. У 2013 годзе 26 % украінскага экспарту ішло ў краіны Эўразьвязу, а 23% – у Расею. У 2016 годзе Ўкраіна прадала ў Эўразьвяз ужо 37% сваіх тавараў, а ў Расею – толькі 10%. У вялікай ступені гэты фэномэн тлумачыцца вайной і абмежаваньнямі, накладзеным абедзьвюмя дзяржавамі на ўзаемны гандаль. Аднак вельмі важна тое, што экспарт Украіны ў Эўразьвяз у абсалютных лічбах пастаянна расьце. Эўрапейскі фірмы таксама актыўна замацоўваюцца на ўкраінскім рынку.

Працэдуры вядзеньня бізнэсу ва Ўкраіне ў апошнія гады былі значна спрошчаныя й набліжаныя да эўрапейскіх. Самай галоўнай праблемай, аднак, застаецца вяршэнства права – зазначае Ганна Дзеравянка.

Дамова аб асацыяцыі дае Ўкраіне больш магчымасьцяў для ўступленьня ў Эўрапейскі зьвяз, аднак не гарантуе яго. «У будучыні ўсё будзе залежаць ад таго, ці здолеюць украінская ўлада й грамадзтва зьмяніць сваю дзяржаву настолькі, каб лідары краінаў Эўразьвязу згадзіліся прыняць яе ў свае шэрагі», – камэнтуе аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

Як паўплывае асацыяцыя Ўкраіны з Эўразьвязам на Беларусь? Менск атрымлівае магчымасьці ствараць сумесныя прадпрыемствы й выходзіць на рынкі Эўразьвязу – кажа экспэрт.

Ігар Тышкевіч: Беларусь мае партнэра, на тэрыторыі якога можа разьмяшчаць сумесныя прадпрыемствы. Тое самае можна сказаць пра Ўкраіну. Такім чынам, беларускія прадпрыемствы машынабудаваньня электронікі й г.д. атрымліваюць больш шырокі выхад на эўрапейскі рынак, не зважаючы на наяўнасьць альбо адсутнасьць санкцыяў Эўрапейскага зьвязу. Зь іншага боку, Украіна праз сумесныя прадпрыемствы атрымае такі ж самы доступ да расейскага рынку – незалежна ад санкцыяў, накладзеных Крамлём.

Дамова аб асацыяцыі Украіны з Эўразьвязам выгадная для Менска й па палітычных прычынах – кажа Ігар Тышкевіч. Украіна становіцца больш важкім гульцом на міжнароднай сцэне, і палітычнае супрацоўніцтва зь ёй зьмяншае ўплыў Крамля на падзеі ў Беларусі – падсумоўвае палітоляг.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт