Logo Polskiego Radia
Print

У Менску адбудуцца першыя польска-беларускія літаратурныя чытаньні

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 02.09.2017 10:37
Польскі інстытут у Менску запрашае ўсіх жадаючых прачытаць урывак п’есы польскага клясыка Станіслава Выспяньскага.
Станіслаў Выспяньскі, аўтапартрэт, 1902Станіслаў Выспяньскі, аўтапартрэт, 1902wikimedia commons/cyfrowe.mnw.art.pl/public domain

2 верасьня а 17 гадзіне Польскі Інстытут у Менску ладзіць першыя польска-беларускія літаратурныя чытаньні. Кожны жадаючы можа прыйсьці ў Польскі Інстытут па адрасе вул. Захарава 28, каб разам зь беларускімі й польскімі артыстамі прачытаць урывак п’есы польскага клясыка Станіслава Выспяньскага.

Праект пад дэвізам «Літаратура бязь межаў» зьяўляецца працягам акцыі «Нацыянальныя чытаньні», якая праходзіць цяпер у Польшчы. Мэта «Нацыянальных чытаньняў» – нагадаць сучасьнікам пра асалоду ад чытаньня, важнасьць друкаванай кнігі й мастацкай літаратуры.

Творам, які будзе чытаць уся краіна ў гэтым годзе, польскія інтэрнэт-карыстальнікі выбралі вершаваную п’есу «Вясельле» аўтарства драматурга, мастака і паэта-мадэрніста пачатку XX стагодзьдзя Станіслава Выспяньнскага.

«Літаратурнымі чытаньнямі ў Менску мы імкнемся падкрэсьліць сяброўства, супольную спадчыну й блізкія культурныя сувязі паміж народамі Польшчы й Беларусі. 2 верасьня мы будзем чытаць «Вясельле» на дзьвюх мовах, на выбар удзельнікаў: у арыгінале на польскай мове і ў перакладзе Лявона Баршчэўскага на беларускую мову», – паведамляе ў сваім прэс-рэлізе Польскі інстытут.

«Кожны, хто любіць чытаць, можа далучыцца й публічна прачытаць абраны кавалак разам з дыпляматамі, літаратарамі, перакладчыкамі, мастакамі, дзеячамі беларускай і польскай культур, студэнтамі паляністыкі, слухачамі курсаў польскай мовы, а таксама ўсімі, каму блізкая польская мова й каго цікавіць польская культура», – запрашае Польскі Інстытут у Менску.

Для таго, каб прыняць удзел у міжнародным чытаньні, трэба запоўніць заяўку, якую можна знайсьці на сайце ўстановы www.instpol.by.

instpol.by/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт