Logo Polskiego Radia
Print

Сьвет рэагуе на ядзерныя выпрабаваньні КНДР

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 04.09.2017 10:48
Сёньня зьбіраецца надзвычайнае паседжаньне Рады бясьпекі ААН.
Foto: YONHAP S/PAP/EPA.

Паўночнакарэйскія СМІ паведамілі, што «поўным посьпехам» завяршылася выпрабаваньне ядзернай бомбы. Гэта ўжо шостае выпрабаваньне за апошні час. Новым зарадам магутнасьцю 70 кілятон будуць узброеныя міжкантынэнтальныя балістычныя ракеты (ICBM).

Сусьветныя лідары зрэагавалі вострай крытыкай на гэтыя дзеяньні кіраўніцтва КНДР. Прэзыдэнт ЗША завіў пасьля выпрабаваньня, што КНДР разумее толькі адно. Вашынгтон ня выключыў ваеннага ўдару ды абвясьціў, што рыхтуе новыя санкцыі й гатовы спыніць гандлёвыя адносіны з краінамі, якія таргуюць з Пхеньянам.

Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй назвала КНДР пагрозай для міжнароднай супольнасьці ды падтрымала ідэю больш жорсткіх санкцый у дачыненьні да Паўночнай Карэі. Таксама Эўразьвяз заявіў, што далучыцца да новых санкцый ды заклікаў правесьці пазачарговую сэсію Рады бясьпекі.

Сёньня а 16 гадзіне зьбярэцца Рада бясьпекі ААН. ЗША, Францыя, Вялікабрытанія, Японія ды Паўднёвая Карэя заклікаюць накласьці санкцыі на КНДР, уводзячы эмбарга на набыцьцё вугалю, жалеза, ды марскіх рыбапрадуктаў у Паўночнай Карэі.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт