Logo Polskiego Radia
Print

«Нас абʼядноўваюць не палітычныя амбіцыі, а ідэя»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 06.09.2017 20:49
  • «Нас абʼядноўваюць не палітычныя амбіцыі, а ідэя».mp3
«Маладому Фронту» споўнілася 20 гадоў.
Прысяга сябраў маладафронтаўскага вайскова-патрыятычнага клюбу "Ваяр" у Слуцку. Лістапад 2016 г. Фота: Радыё "Свабода". Прысяга сябраў маладафронтаўскага вайскова-патрыятычнага клюбу "Ваяр" у Слуцку. Лістапад 2016 г. Фота: Радыё "Свабода". svaboda.org

Самай буйной і вядомай моладзевай апазыцыйнай арганізацыі Беларусі споўнілася 20 гадоў. 6 верасьня 1997 году быў створаны «Малады Фронт». Узьніклы як моладзевы пратэстны рух, «Малады Фронт» паступова ператварыўся ў цэнтраправую паводле сваёй палітычнай ідэалёгіі арганізацыю. Маладафронтаўцы неаднаразова падвяргаліся рэпрэсіям беларускіх уладаў, аднак разьбіць арганізацыю ім не ўдалося. Пра тое, як «Малады Фронт» нарадзіўся, дзякуючы чаму перажыў некалькі хваляў перасьледу, і чым займаецца цяпер, нам расказваюць заснавальнік арганізацыі Павал Севярынец і яе цяперашні кіраўнік Зьміцер Дашкевіч.

«Малады Фронт» узьнік на хвалі палітычных пратэстаў 1996-1997 гадоў. Яго стварылі людзі, якія падзялялі патрыятычныя ідэалы Беларускага народнага фронту, але былі расчараваныя паразамі палітыкаў старэйшага пакаленьня. У Беларусі імкліва ўсталяваўся аўтарытарны рэжым, і моладзі хацелася гэтаму супрацьстаяць – тлумачыць першы старшыня «Маладога Фронту» Павал Севярынец.

Павал
Павал Севярынец. Фота: "Беларускі партызан"

Павал Севярынец: Развалілася імпэрыя, паўстала незалежная дзяржава, і амаль адразу дыктатура паспрабавала забраць будучыню ў моладзі гэтай незалежнай дзяржавы. Зьявілася моладзевая хваля. Пра тое, што трэба аб’ядноўвацца, гаманілі ўсе. У лютым 1997 году суполка «Маладога фронту» зьявілася ў Менску. Затым 6 верасьня Менску ў палацы культуры «Сукно» сабраліся 230 дэлегатаў, якія пастанавілі стварыць новы рух. У Беларускага народнага фронту ў той час назіралася ўжо інэрцыя, стомленасьць ад барацьбы. Мы бачылі, што акцыі становяцца ўсё больш дзяжурнымі. Таму моладзь перахапіла эстафэту.

Напрыканцы 90-х у шэрагах «Маладога Фронту» былі больш за 5 тысячаў чалавек, зь якіх актыўных сябраў было каля 1500 – кажа Павал Севярынец. Ужо ў пачатку 2000-х гадоў «Малады Фронт» стаў арганізацыяй, ідэалёгія якой грунтуецца на хрысьціянскіх каштоўнасьцях.

Маладафронтаўцы агітавалі за апазыцыйных кандыдатаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2000 году. У 2001 годзе яны абаранялі ад зьнішчэньня мэмарыял сталінскіх рэпрэсіяў «Курапаты», а ў 2004 годзе пратэставалі супраць рэфэрэндуму, падчас якога Аляксандар Лукашэнка даў сабе права знаходзіцца на прэзыдэнцкай пасадзе неабмежаваную колькасьць тэрмінаў. У 2006 годзе маладафронтаўцы былі аднымі з самых актыўных удзельнікаў пратэстаў на Кастрычніцкай плошчы.

Малады фронт вывешваў нацыянальныя сьцягі, праводзіў акцыі «Люблю Беларусь»на Дзень сьвятога Валянціна, вучыў грамадзкіх і культурных лідараў на курсах «Дыджэі адраджэньня».

У 2006 годзе беларускія сілавікі пачалі жорсткі перасьлед маладафронтаўцаў. У Крымінальны кодэкс быў упісаны сумнавядомы артыкул 193.1 «Дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі». У верасьні 2006 году паводле гэтага артыкулу быў адпраўлены за краты Зьміцер Дашкевіч, які ўзначаліў «Малады Фронт» двума гадамі раней. Крымінальныя справы былі заведзеныя супраць дзесяткаў актывістаў.

Павал Севярынец: У 2007 годзе для таго, каб разграміць «Малады Фронт» рэжым арганізаваў 42 крымінальныя справы ў дзесятках гарадоў Беларусі. На той момант «малады фронт уяўляў сабой масавую і геаграфічна шырокую пагрозу для рэжыму. Але маладафронтаўцы выстаялі. Паўтары тысячы чалавек запісаліся ў судовыя дакумэнты як сябры «Маладога Фронту». Тым самым яны казалі: «Калі вы судзіце людзей за прыналежнасьць да «Маладога Фронту», то судзіце й нас – паўтары тысячы чалавек. Гэта спрацавала. Ўлады зразумелі, што «Малады Фронт» не разбурыць

Якім чынам арганізацыі ўдалося вытрымаць перасьлед? Маладафронтаўцаў аб’ядноўвала ідэя, а не змаганьне за ўладу ці пэрсанальныя амбіцыі – кажа цяперашні старшыня «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч.

Зьміцер
Зьміцер Дашкевіч. Фота: Радыё "Свабода".

Зьміцер Дашкевіч: «Малады Фронт» базаваўся не на нейкіх палітычных лёзунгах і мэтах, а на ідэі. Гэта хрысьціянскія каштоўнасьці й нацыянальная ідэя. Трымаючыся за іх, мы ішлі празь любы перасьлед.

Улады па-ранейшаму ўспрымаюць маладафронтаўцаў як пагрозу. Нядаўні довад гэтага – арышт чацьвярых актывістаў «Маладога Фронту» ў рамках так званай «справы патрыётаў».

Сёньня ў шэрагах арганізацыі знаходзіцца некалькі соцень чалавек. Гэта ў разы менш, чым 15-20 гадоў таму. «Малады Фронт» зьяўляецца часткай беларускага грамадзтва, і агульная палітычная апатыя не магла не адбіцца на ім – тлумачыць Зьміцер Дашкевіч. Пры гэтым ён зьвяртае ўвагу не на колькасьць, а на якасьць актывістаў.

Зьміцер Дашкевіч: Трэба вельмі крытычна падыходзіць да слова «актывіст». Які сэнс мы ў яго ўкладаем? Падчас кампаніі збору подпісаў за бела-чырвона-белы сьцяг у 2016 годзе ўсяго 6 чалавек без аніякіх грошаў, праектаў, не адрываючыся ад працы й вучобы сабралі 10 тысячаў. Усе ў захапленьні! Усе з радасьцю глядзяць, калі без аніякіх «пантоў» і прэтэнзіяў на мэсіянства 6 чалавек праводзяць такую кампанію! Калі хаця б нейкая палітычная сіла ў Беларусі мела хаця б 50 актывістаў, як гэтыя шасьцёра маладафронтаўцаў, то ні перад кім не стаяла б вечнае пытаньне, як сабраць 100 тысячаў подпісаў. Уся апазыцыя раз на пяць гадоў вырашае, як ёй аб’яднацца, каб 100 тысячаў подпісаў сабраць!

Самымі яскравымі акцыямі, які зладзіў «Малады Фронт» за апошні час, зьяўляецца збор подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, стварэньне вайскова-патрыятычнага клюбу «Ваяр», акцыі пратэсту супраць усталяваньня на тэрыторыі трактарнага заводу помніка Леніну. Магчыма, самай значнай акцыяй гэтай вясны стаў пасьпяховы пратэст супраць пабудовы офіснага цэнтру насупраць мэмарыялу ў Курапатах.

Стваральнік арганізацыі Павал Севярынец раіць «Маладому Фронту» больш працаваць у сацыяльных сетках, супрацоўнічаць з блёгерамі й геймэрамі, арганізоўваць скаўцкі рух, працаваць у асяродзьдзі маладых вернікаў.

Ці рэлігійныя акцэнты не адштурхоўваюць ад «Маладому Фронту» велізарную частку моладзі? Наадварот, яны аб’ядноўваюць арганізацыю – перакананы Павал Севярынец. «Лепшага рэцэпту для таго, каб дзейнічаць згуртавана, няма. У часы Полацкага княства, і ў часы Вялікага Княства Літоўскага княская дружына, а таксама шляхта маліліся й хадзілі ў храмы мінімум раз на дзень. Беларусь была моцнай тады, калі верыла ў Бога», – аргумэнтуе палітык.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт