Logo Polskiego Radia
Print

«Я б не дашукваўся ў «Вейшнорыі» маскоўска-лубянскай правакацыі»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 07.09.2017 01:54
  • «Я б не дашукваўся ў «Вейшнорыі» маскоўска-лубянскай правакацыі».mp3
Палітоляг: у ЗША, вайскоўцы разыгрываюць сцэнары зомбі-апакаліпсісу ці нападу іншапланетнікаў, і ніхто не зьвяртае на гэта ўвагі.
Фота: акаўнт "Рэспубліка Вейшнорыя" ў сацсетцы "Вконтакте". Фота: акаўнт "Рэспубліка Вейшнорыя" ў сацсетцы "Вконтакте". vk.com/vaisnoria

Беларускія вайскоўцы агучылі плян вучэньняў «Захад-2017», Менск і Горадню наведала дэлегацыя польскага парлямэнту, а беларускія сілавікі ў чарговы раз перадалі Маскве расейскага ўцекача, які спрабаваў выехаць на захад. Створаная расейскімі й беларускімі вайскоўцамі сэпаратысцкая краіна «Вейшнорыя» – гэта нагода для жартаў ці трывогі? Якіх посьпехаў дабіліся Менск і Варшава ва ўзаемных стасунках за год? Чаму беларускія ўлады масава перадаюць Расеі ўцекачоў, і чаму беларускія дзяржаўныя тэлеканалы ўсё часьцей паказваюць малодшага сына Лукашэнкі? На гэтыя тэмы ў «Палітычным люстэрку» размаўляюць Аляксандар Папко й Максім Руст.

«Гэта ўсяго толькі сцэнар вучэньняў»

29 жніўня ў беларускай інфармацыйнай прасторы нарадзілася віртуальная дзяржава «Вейшнорыя». У гэты дзень намесьнік Міністра Абароны Алег Белаконеў прадставіў сцэнар вучэньняў «Захад-2017». Згодна зь ім Беларусь і Расея будуць змагацца супраць сэпаратыстаў з самаабвешчанай «Вейшнорыі», паўсталай на паўночна-заходніх рубяжах Беларусі пры падтрымцы заходніх суседзяў. Інтэрнэт напоўніўся жартамі пра новую краіну, грамадзянамі Вейшнорыі захацелі стаць сотні карыстальнікаў сацсетак, ёй прыдумалі сьцяг, герб пашпарт і грошы. Віртуальная Вейшнорыя стала ўвасабленьнем мары многіх пра «нармальную» Беларусь. Аднак, ці не выклікае трывогі тое, што беларускія ўлады акрэсьлілі частку сваёй краіны з пераважным каталіцкім насельніцтвам як «пятую калёну» і дапусьцілі думку пра магчымасьць сэпаратызму й грамадзянскай вайны?

Максім Руст: «Вейшнорыя» сапраўды стала хітам сеціва, але толькі той яго часткі, якую мы можам назваць апазыцыйнай альбо нацыянальна сьвядомай – а гэта даволі абмежаваны сэгмэнт інтэрнэт-карыстальнікаў. Я думаю, што звычайны абывацель пра гэтую віртуальную краіну ня чуў, таму цяжка казаць пра Вейшнорыю як пра агульнанацыянальны фэномэн. Я б не перабольшваў значэньне й сымболіку сцэнару вучэньняў. Перадусім, манэўры называюцца «Захад», таму лягічна, што патэнцыйны вораг будзе на Захадзе. А ў тым, што віртуальная краіна зьяўляецца каталіцкай суседкай NATO, я б не шукаў маскоўска-лубянскай правакацыі. У шматлікіх краінах NATO, напрыклад у ЗША, вайскоўцы разыгрываюць сцэнары зомбі-апакаліпсісу ці нападу іншапланетнікаў. Але гэта толькі сцэнары вучэньняў, якія трэба рэалізаваць. І галоўнае, каб сцэнар «Захаду-2017» застаўся толькі сцэнарам.

Пытаньні дэмакратызацыі Беларусі для Варшавы адышло на другі плян

На мінулым тыдні Беларусь з трохдзённым візытам наведаў віцэ-сьпікер Сэйму Польшчы Рышард Тэрлецкі. Журналістам паведамілі, што ў Менску польская парлямэнцкая дэлегацыя вяла перамовы пра навучаньне польскай мове ў школах Беларусі, трансьляцыі тэлеканалу Polionia і правядзеньня расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017». Рышард Тэрлецкі наведаў Менск год і адзін месяц пасьля першага свайго візыту ў Беларусь. Што было дасягнута за гэты год?

Максім Руст: На дадзены момант цяжка ацаніць, ці польска-беларускія стасункі кардынальна зьмяніліся. У эканамічным пляне назіраецца ўзрост, але каб падвесьці вынікі трэба пачакаць да канца году. Галоўнай мэтай візытаў польскіх дэлегацыяў была ўнутраная, а не замежная палітыка. Большасьць пытаньняў закранала статус польскай меншасьці ў Беларусі ці магчымасьцяў для польскага бізнэсу ў нашай краіне. Мне падаецца, што бакі прагнуць захаваць своеасаблівы статус кво – Мінск асабліва не перашкаджае польскай меншасьці, а Варшава ня ўмешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі й не абвінавачвае публічна беларускія ўлады. Галоўным вынікам году для мяне зьяўляецца тое, што так важныя для Польшчы раней пытаньні дэмакратызацыі, разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці паступова адыходзяць на другі альбо нават трэці плян.

Чаму беларускія праваахоўнікі ўсё часьцей выдаюць расейскіх уцекачоў?

4 верасьня ў аэрапорце Менска беларуская міліцыя затрымала й перадала расейскаму боку маладую чачэнку Луізу Дудуркаеву, якой пагражалі расправай на радзіме. Юрысты дапамаглі дзяўчыне атрымаць статус уцекача ў Нарвэгіі, але вылецець у Осла зь Менска яна так і не змагла. У аэрапорце яе затрымалі і перадалі прадстаўнікам яе сямʼі, якая абʼявіла Луізу ў вышук. За апошнія тры месяцы гэта ўжо чацьверты выпадак, калі беларускія сілавікі перадаюць Расеі расейскага грамадзяніна, які спрабуе выехаць на Захад. Чаму Беларусь пачала масава выдаваць уцекачоў? Якія наступствы будзе мець такая палітыка?

Максім Руст: Адчувальных наступстваў для Беларусі ня будзе. Зьявяцца заявы праваабарончых арганізацыяў, але ня больш за тое. Беларусь, з аднаго боку, не можа асабліва супрацьстаяць ціску Масквы, асабліва напярэдадні Захаду-2017. Але з іншага боку, Менск выконвае большасьць абавязкаў па пытаньні міграцыі на падставе міжнародных пагадненьняў і дамоваў з ЭЗС. Таму дадзеныя выпадкі заходнія ўрады, хутчэй за ўсё, проста назавуць эксцэсамі і не прымуць ніякіх дзеяньняў дачыненьні да Менска. Галоўным пытаньнем застаецца тое, на колькі беларускія службы самастойныйныя ў сваёй дзейнасьці й ці расійскія службы не пераходзяць мяжу і не парушаюць беларускае заканадаўства.

Перадача ўлады Мікалаю Лукашэнку – малаверагодная

31 жніўня сыну Аляксандра Лукашэнкі Мікалаю споўнілася 13 гадоў. Ён усё часьцей прымае ўдзел у масавых мерапрыемствах, яго ўсё часьцей паказваюць па тэлебачаньні. За апошнія 3 месяцы яго імя ўзьнікала на старонках беларускіх СМІ ня менш за 4 разы. Чаму з Лукашэнкі-малодшага робяць мэдыйную пэрсону? Ці сьведчыць гэта пра тое, што Аляксандар Лукашэнка рыхтуе сына ў пераемнікі?

Максім Руст: Я ўжо неаднаразова чуў, што «апэрацыя пераемнік» сапраўдная і Мікалая рыхтуюць да перадачы трону. Але гэта, нават у Беларусі, быў бы нонсэнс. Мы усё ж-такі не Сярэдняя Азія. Натуральна, можна зьнізіць узрост для кандыдата ў прэзыдэнты, алe Колю й так прыйдзецца пачакаць яшчэ як мінімум гадоў 15. Але сапраўды ў гэтых дзеяньнях я ня бачу нічога акрамя кампаніі па ацяпленьні іміджу прэзыдэнта і вэртыкалі ўлады, якая праводзілася ў жніўні.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт