Logo Polskiego Radia
Print

Польская тэхніка часоў вайны: бамбавік «Лось» (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 08.09.2017 17:36
  • Лось.mp3
«Лось» лічыўся найсучасьнейшай машынай у ВПС Польшчы й адным з найбольш сучасных бамбавікоў у Эўропе.
Рэпліка бамбавіка «Лось» (PZL.37 Łoś), створаная ў 2012 годзе Рэпліка бамбавіка «Лось» (PZL.37 Łoś), створаная ў 2012 годзе youtube.com/screen

Роўна 78 гадоў таму, у верасьні 1939 года, Польшча змагалася супраць гітлераўцаў. Сілы былі няроўныя, бо Нямеччыны працяглы час рыхтавалася да вайны, а Польшчы на разьвіцьцё арміі не магла дазволіць эканамічная сытуацыя. Аднак і палякі мелі свае сучасныя распрацоўкі ў галіне ўзбраеньня й ваеннай тэхнікі.

Войска Польскае перад вайной не было ў самым найлепшым стане, калі казаць пра зброю й тэхніку. Для прыкладу, у Берасьцейскай крэпасьці была раскватараваная вайсковая адзінка, на ўзбраеньні якой знаходзіліся танкі «Рэно» часоў Першай сусьветнай вайны. Прычына – банальная: маладая польская дзяржава, якая стала незалежнай толькі ў 1918 годзе, проста ня мела фінансавых сродкаў на армію. Але, нягледзячы на цяжкое становішча, войска купляла сучасную на той момант тэхніку й зброю за мяжой, а таксама вырабляла сваю. Польскім інжынэрам удалося сканструяваць даволі пасьпяховыя ўзоры тэхнікі й зброі, прычым для розных родаў войск, і адным з такіх прыкладаў зьяўляецца сярэдні бамбавік «Лось» (PZL.37 Łoś).

Самалёты
Самалёты на аэрадроме - даваенны час/Public Domain


Праца над канструяваньнем самалёту «Лось» пачалася ў 1934 годзе, першы прататып падняўся ў паветра ў 1936 годзе. Галоўным канструктарам быў інжынэр Ежы Дамброўскі, а месцам вытворчасьці – Дзяржаўны авіяцыйны завод №1 у Варшаве. У той час у Польшчы і ўвогуле ў Эўропе была папулярнай тэорыя італьянскага генэрала Джуліё Дуэ, які лічыў, што вайну можна выйграць дзякуючы авіяцыі і ў вялікай ступені дзякуючы бамбавікам, наносячы ўдары з паветра па пазыцыях праціўніка. І вось, камандаваньне Войска Польскага й ВПС Польшчы вялікі акцэнт рабіла менавіта на бамбавікі.

«Лось» - гэта двухматорны нізкаплян. Бамбавік увабраў у сябе перадавыя канцэпцыі самалётабудаваньня паловы 1930-х гадоў, сярод якіх былі, для прыкладу, свабоднанясучая манаплянная схема добра абцякаемых формаў, гладкая мэталічная абшыўка, закрытая кабіна экіпажа і ўзьлётна-пасадачная мэханізацыя крыла.

Дарэчы, адным зь першых замежнікаў, якія ўбачылі новы самалёт, стаў кіраўнік МЗС Італіі Галеаца Чыяна. На авіязаводзе ён убачыў 54 выпушчаныя самалёты (нагадаем, усяго было выпушчана каля 120 машын), аднак зь іх у поўнай баявой гатоўнасьці было 27 машын. Пасьля вяртаньня ў Італію Чыяна адправіў даклад аб новым самалёце ў міністэрства авіяцыі. Цікавы факт: адначасова той жа даклад патрапіў у Нямеччыну, бо ж Рым быў саюзьнікам Бэрліна.

Зрэшты, самалёт быў вядомы яшчэ раней: машына пабывала на авіявыставах у Парыжы й Бялградзе, паказаўшы на хуткасных выпрабаваньнях хуткасьць 445 км/г пры бомбавай нагрузцы ў 2500 кг, і стала першым самалётам-бамбавіком, чыя максымальная хуткасьць аказалася вышэйшай за хуткасьць зьнішчальнікаў.

Было выпушчана некалькі мадыфікацый самалётаў «Лось», адрозьненьні паміж якімі былі невялікія, для прыкладу, адрозьніваліся тыпам рухавіка.

Вага самалёта складала каля 5000 кг, сярэдняя агульная з бомбамі і ўзбраеньнем – больш за 8800 кг. Дальнасьць палёту – 1500 км з поўнай нагрузкай, максымальная зь меншай нагрузкай – каля 3000 км. Сярэдняя хуткасьць – 345 км/г, мінімальная – 125 км/г. Экіпаж бамбавіка складаўся з 4 чалавек: пілёта-камандзіра, другога пілёта, стралка й стралка-радыста.

Рэпліка
Рэпліка машыны, кабіна/youtube.com/screen

«Лось» быў першым польскім самалётам, у якога поўнасьцю прыбіралася шасі. Бамбавік таксама лічыўся найсучасьнейшай машынай у ВПС Польшчы й адным з найбольш сучасных бамбавікоў у Эўропе. У сэрыйную вытворчасьць «Лось» быў запушчаны ўсяго толькі за 6 месяцаў да пачатку вайны, таму шмат паваяваць не пасьпеў. Бамбавік выкарыстоўваўся ў абароннай вайне зь Нямеччынай у верасьні 1939 году, пазьней Румынія выкарыстоўвала самалёт у ваенных дзеяньнях супраць Савецкага Саюзу.

«Лось» служыў толькі ў ВПС Польшчы й Румыніі, хоць яго пакупкай быў зацікаўлены шэраг дзяржаў, напрыклад, Гішпанія, Югаславія, Балгарыя, Турцыя й Грэцыя. Але міжнародную кар’еру польскага бамбавіка перапыніла вайна.

фота:
фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe

На жаль, да нашых дзён не захаваўся ані адзін экзэмпляр.

На Польскім авіязаводзе ў горадзе Мелец спэцыялісты рэканструявалі бамбавік - яны стварылі рэпліку. Самалёт «Лось» быў упершыню прэзэнтаваны 29 верасьня 2012 году.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт