Logo Polskiego Radia
Print

Як сацыялістычны ўрад Партугаліі пасьпяхова выцягвае краіну з крызысу

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 10.09.2017 07:06
Міжнародныя фінустановы рэкамэндуюць ашчаджаць і рэзаць сацыяльныя выдаткі, а урад краіны павышае заробкі й пэнсіі.
На вуліцы ЛісабонаНа вуліцы ЛісабонаКацярына Дрожжа/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Тыднёвік левай арыентацыі “Przegląd” паведамляе пра тое, што Партугалія, якая ў апошнія гады трапіла ў эканамічны крызыс, паступова пачынае выходзіць з рэцэсіі. Крызыс быў настолькі цяжкім, што ў пошуках працы, лепшых заробкаў і жыцьця партугальцы пакідалі радзіму й нават шукалі шчасьця ў былых партугальскіх калёніях, напрыклад, у Анголе й Мазамбіку. Цяпер ібэрыйская краіна зноў пачынае разьвівацца, і перш за ўсё дзякуючы, паводле тыднёвіка, леваму ўраду краіны, які ўзначальвае сацыяліст Антоніў да Кошта. Ён, у прыватнасьці, быў мэрам Лісабона й членам ураду Партугаліі, у 2014 годзе стаў старшынём партыі партугальскіх сацыялістаў.

У выніку пагадненьня паміж Сацыялістычнай партыяй і левымі партыямі - Камуністычнай партыяй Партугаліі, «Зялёнымі» й Левым блёкам - парлямэнт падтрымаў сацыялістычны ўрад на чале з Антоніў да Кошта, які быў прызначаны прэм'ер-міністрам у лістападзе 2015 года.

Часопіс паведамляе, што сацыялістычны прэм’ер, у адрозьненьні ад папярэдніх урадаў, спыніў палітыку ашчаджаньня, якой патрабавалі Эўразьвяз і міжнародныя фінансавыя ўстановы. Наадварот: левы ўрад Партугаліі пачаў павышаць даходы. Для прыкладу, мінімальная зарплата была павышаная на 25 эўра (да ўзроўню 530 эўра) – да 2019 году Кабінэт міністраў Антоніў да Кошта хоча падняць мінімальны заробак да ўзроўню 600 эўра. Акрамя таго, былі вернутыя дзяржаўныя пэнсіі й час працы, які дзейнічаў да паліткі ашчаджаньня, уведзенай папярэднім правым урадам. Дзякуючы гэтым, а таксама іншым захадам зьнізіўся бюджэтны дэфіцыт – з 4,4% у 2015 годзе да 2,1% - у 2016-м. Акрамя таго, упала беспрацоўе: у 2015 годзе яно складала 13%, а цяпер – 9%.

Тыднёвік “Przegląd” зазначае, што змагацца з крызысам можна таксама іншымі мэтадамі, а ня толькі пры дапамозе жорсткіх ашчаднасьцяў, якія рэкамэндуюць уводзіць міжнародныя фінансавыя ўстановы й лібэральныя эканамісты. Паводле часопіса, вывад краіны з крызысу ўзмацняе шанцы Сацыялістычнай партыі Партугаліі пад кіраўніцтвам Антоніў да Кошта на перавыбар, а таксама на перамогу ў муніцыпальных выбарах, якія неўзабаве пройдуць у краіне.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт