Logo Polskiego Radia
Print

«Ня бойцеся «Захаду-2017» і ўцягвайце Беларусь у супрацоўніцтва»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 13.09.2017 15:46
  • «Ня бойцеся «Захаду-2017» і ўцягвайце Беларусь у супрацоўніцтва».mp3
Такія парады заходнім палітыкам даюць у новым дакладзе вядомыя эўрапейскія экспэрты-міжнароднікі.
Ілюстрацыя: European Council on Foreign RelationsІлюстрацыя: European Council on Foreign Relationswww.ecfr.eu

Эўрапейскім урадам ня трэба баяцца, што падчас вучэньняў «Захад-2017» Расея акупуе Беларусь ці нападзе на Ўкраіну. Нягледзячы на ўдзел у сумесных манэўрах, беларускае кіраўніцтва стараецца праводзіць усё больш незалежную палітыку. Захаду трэба ўцягваць Аляксандра Лукашэнку ў супрацоўніцтва, каб атрымаць большы ўплыў як на зьнешнюю палітыку Менска, так і на пытаньні дэмакратыі й правоў чалавека. Аднак заходнія дыпляматы павінныя памятаць, што дэмакратам Аляксандар Лукашэнка ніколі ня стане. Такія парады эўрапейскім палітыкам даюць экспэрты-міжнароднікі Фрэдрык Вэслаў і Эндру Ўілсан у новым дасьледаваньні, апублікаваным Эўрапейскай радай замежных стасункаў. Чаму вучэньні «Захад» ня страшныя, і ці ўдасца Эўропе «прыручыць» Лукашэнку? На гэтыя тэмы з адным з аўтараў дакладу размаўляе Аляксандар Папко.

«Страхі, што Расея выкарыстае «Захад-2017» як прыкрыцьцё для гібрыднай агрэсіі супраць Беларусі, перабольшаныя. Масква мае іншыя інструмэнты, каб прымусіць Менск выконваць сваю волю. Акрамя таго Расея цяпер не зацікаўленая ў чарговай ваеннай авантуры […].

Эўрапейскі зьвяз павінен паспрыяць узмацненьню незалежнасьці Беларусі, будаваць зь ёй сувязі, пашыраць супрацоўніцтва. Гэта дасьць больш магчымасьцяў паўплываць на Менск у пытаньнях правоў чалавека й дэмакратыі», – пішуць аўтары дакладу «Так далёка ад Бога й так блізка да Расеі: Беларусь і вайсковыя вучэньні «Захад». Аналіз вядомых экспэртаў-міжнароднікаў Фрэдрыка Вэслаў (Fredrik Wesslau) і Эндру Ўілсана (Andrew Wilson) нядаўна апублікаваў уплывовы дасьледчы цэнтар «Эўрапейская рада замежных стасункаў».

Пад прыкрыцьцём вучэньняў «Захад-2017» Расея не зьбіраецца пачаць Трэцюю сусьветную вайну – перакананы швэдзкі аналітык Фрэдрык Вэслаў. Масква не намерваецца ані скінуць Лукашэнку, ані прымусіць яго разьмясьціць у Беларусі авіябазу. Расейскае кіраўніцтва бачыць, што беларускі лідар даўно паводзіць сябе не як саюзьнік. Аднак ягоная неляяльнасьць пакуль не выклікае трывогі Крамля – кажа дасьледчык.

Фрэдрык
Фрэдрык Вэслаў. Фота: ecfr.eu

Фрэдрык Вэслаў: Расеі не патрэбна ўжываць вайсковых сродкаў. Беларусь структурна залежыць ад Расеі. Масква можа выкарыстаць эканамічныя сродкі, каб прымусіць Лукашэнку выконваць сваю волю. Таму мы лічым, што гэтыя страхі наконт вучэньняў «Захад-2017» проста раздзьмутыя.

Швэдзкі й брытанскі экспэрты прызнаюць, што Аляксандар Лукашэнка ніколі ня будзе дэмакратызавацца, не ліквідуе цеснай эканамічнай і палітычнай залежнасьці ад Расеі й ня стане саюзьнікам Эўразьвязу. Пры гэтым дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што Лукашэнка стараецца пазьбегнуць такой залежнасьці, якая пагражае яго ўладзе. У 2016 годзе беларускае кіраўніцтва агучыла пляны дывэрсыфікаваць эканамічныя сувязі. Аляксандар Лукашэнка жадае, каб 30% гандлёвага звароту Беларусі прыпадала на Расею, 30% – на Эўразьвяз і 30% – на краіны «далёкага замежжа».

Фрэдрык Вэслаў і Эндру Ўілсан прапануюць скарыстацца геапалітычным шанцам і прынесьці больш Эўропы ў Беларусь. Гэтая ідэя далёка ня новая. Многія заходнія й беларускія экспэрты агучваюць яе прынамсі з 2008 году. Аднак пляны эўрапеізацыі беларускай эканомікі, грамадзтва й палітыкі ўжо разьбівалася аб суровую рэальнасьць. У 2008-2010 гадах Аляксандар Лукашэнка карыстаўся падтрымкай банкаў і экспэртаў Эўразьвязу, але ў адпаведны момант адправіў дзесяткі апанэнтаў у турмы й «сышоў пад крыло» Масквы.

Эўрапейскі зьвяз павінен вызначыць вельмі выразныя «чырвоныя лініі», выхад за якія будзе азначаць спыненьне супрацоўніцтва – раіць Фрэдрык Вэслаў.

Фрэдрык Вэслаў: Адна відавочная «чырвоная лінія» – гэта палітычныя зьняволеныя. Аднак я думаю, што Эўразьвяз можа ставіць значна больш выразныя ўмовы. Яны могуць датычыць, напрыклад, права на свабоду маніфэстацыяў, жорсткіх паводзінаў міліцыянтаў, і гэтак далей. Аднак Лукашэнка будзе тэставаць межы дазволенага, парушаць дамоўленасьці й назіраць, як на гэта будзе рэагаваць Эўразьвяз. Калі Брусэль будзе выразна агучваць свае ўмовы, гэта ўтрымае ўлады Беларусі ад парушэньня правоў чалавека.

Прыклад «тэставаньня межаў» беларускія ўлады падалі ўжо на гэтым тыдні. Стала вядома, што Міністэрства юстыцыі Беларусі пазбавіла ліцэнзіі некалькіх адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў палітычных працэсаў, у тым ліку абвінавачаных па «справе патрыётаў». Эўрапейскія дыпляматы не павінныя пакідаць такія дзеяньні Менску без увагі – перакананы Фрэдрык Вэслаў.

Фрэдрык Вэслаў: Эўрапейскі зьвяз павінен паінфармаваць беларускія ўлады, што яны бачаць у гэтым праблему й пачаць перамовы. Аднак, каб размаўляць на такія тэмы, трэба захоўваць каналы камунікацыі. Пастаяннае супрацоўніцва неабходнае й па іншай прычыне – каб мець магчымасьці ўплываць на Менск і каб эўрапейскія патрабаваньні ўспрымаліся ўсур’ёз».

Ідэя дыялёгу зь беларускімі ўладамі й «мяккай эўрапеізацыі» займае розум заходніх аналітыкаў і дыпляматаў ужо шмат гадоў гадоў – камэнтуе публікацыю Фрэдрыка Вэслаў і Эндру Ўілсана аналітык Польскага інстытуту міжнародных стасункаў Анна Дынэр.

Аднак самая галоўная праблема Эўразьвяза заключаецца акурат у вызначэньні «чырвоных лініяў». Ніхто ня ведае, якія ўмовы неабходна ставіць беларускім уладам, а самае галоўнае, як прымушаць іх гэтыя ўмовы выконваць.

/

Анна Дынэр: Вельмі лёгка пералічыць «чырвоныя лініі», якія намалявала Менску Расея. Беларусь павінна застацца ляяльным удзельнікам АДКБ; Беларусь павінна застацца ўдзельнікам Эўразійскага эканамічнага зьвязу. А вось Эўрапейскі зьвяз ня можа акрэсьліць такіх выразных лініяў, бо ён ня мае дастатковых інструмэнтаў уплыву. Брусэль можа патрабаваць ад Менска паважаць правы чалавека, не саджаць у турмы палітычных апанэнтаў. Але большага ён патрабаваць ня можа.

Ёсьць яшчэ адно пытаньне, на якое палітыкі Эўразьвязу ня могуць адказаць. Яны так і ня вырашылі, што ім больш патрэбна: стабільныя краіны-суседзі ці дэмаратычныя краіны-суседзі. Прыклад Украіны, а таксама, у пэўным сэнсе, і Беларусі паказвае, што гэтыя мэты часта не спалучаюцца.

Рэкамэндацыі экспэртаў Эўрапейскай рады замежных стасункаў у чарговы раз пацьвярджаюць, што як эўрапейскія аналітыкі, так і дыпляматы не жадаюць ізаляваць беларускія ўлады. Эўропа па-ранейшаму хоча весьці з Аляксандрам Лукашэнкам дыялёг. Аднак якім чынам яго весьці й як зрабіць так, каб ён прывёў да эўрапеізацыі Беларусі – застаецца невядомым.

«Падчас «Захаду-2017» расейскія войскі ўвойдуць на тэрыторыю Беларусі, але пасьля вучэньняў яны выйдуць. А вось дылема Захаду і Расеі наконт таго, як будаваць адносіны зь Беларусьсю, застанецца», – канстатуюць у сваім дасьледаваньні Фрэдрык Вэслаў і Эндру Ўілсан.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт