Logo Polskiego Radia
Print

«Пратэсты ў Беларусі будуць, толькі ня восеньню, а вясной»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 13.09.2017 17:23
  • «Пратэсты ў Беларусі будуць, толькі ня восеньню, а вясной».mp3
Эканамічны спад завяршаецца, але «камуналка» даражэе, а пошук працы для многіх застаецца цяжкім квэстам – тлумачыць экспэрт.
Пратэсты супраць Дэкрэту № 3 ў Бабруйску. Кадр з відэатрансьляцыі газэты "Наша Ніва". Сакавік 2017 г. Пратэсты супраць Дэкрэту № 3 ў Бабруйску. Кадр з відэатрансьляцыі газэты "Наша Ніва". Сакавік 2017 г. YouTube/screen/nn.by

У мінулыя 7 дзён беларускія ўлады пераконвалі замежных дыпляматаў у абарончым характары вучэньняў «Захад-2017», у Менску прайшла акцыя пратэсту супраць гэтых манэўраў, а самая вядомая недзяржаўная моладзевая арганізацыя «Малады Фронт» адзначыла сваё 20-годзьдзе. Ці супакоіцца ажыятаж вакол вайсковых гульняў? Ці маюць будучыню масавыя моладзевыя палітычныя арганізацыі? Ці восеньню належыць чакаць палітычных ці сацыяльных пратэстаў? На гэтыя ды іншыя тэмы ў «Палітычным люстэрку» размаўляюць Аляксандар Папко й аналітык Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня.

«У моладзевых апазыцыйных структураў будучыня пакуль не праглядаецца»

6 верасьня «Маладому Фронту» споўнілася 20 гадоў. Напрыканцы 1990-х гэтая легендарная арганізацыя налічвала каля 5 тысячаў чалавек. Яе актывісты бралі ўдзел у агітацыі за апазыцыйных кандыдатаў, абароне помнікаў сталінскіх рэпрэсіяў, ладзілі маршы пратэсту на вуліцах. «Малады Фронт» неаднаразова жорстка прасьледаваўся ўладамі, але ня зьнік, як іншыя масавыя арганізацыі 90-х. Аднак цяпер у шэрагах МФ – усяго некалькі соцень чалавек. Ці ёсьць у моладзевых апазыцыйных арганізацыяў будучыня?

Рыгор Астапеня: Для пачатку трэба сказаць, што ў «Маладым Фронце» ўжо няма сотняў людзей. Гаворка хутчэй пра некалькі дзесяткаў актывістаў, зь якіх ніводны ня мае сталай працы ў арганізацыі. І паколькі МФ – флягман моладзевага апазыцыйнага сэктару, то ў іншых арганізацыях справы яшчэ горш. Калі наагул іншыя структуры ўсё яшчэ можна называць арганізацыямі. І на гэта ўплываюць два чыньнікі. Па-першае, улады ўсімі сіламі адбіваюць жаданьне быць у апазыцыі, таму моладзевы сэктар дэградаваў разам з астатняй апазыцыяй. Па-другое, сёньня існуе багата іншых, больш бясьпечных, магчымасьцяў для самарэалізацыі ў грамадзкай сфэры. Можна быць сябрам, напрыклад, «Арт-сядзібы» і мець шмат у чым аналягічны маладафронтаўскаму сьветапогляд, але займацца нечым менш раздражняльным для ўладаў. Зважаючы на гэтыя чыньнікі, у моладзевых апазыцыйных структураў будучыня пакуль не праглядаецца – прынамсі да таго моманту, пакуль не адбудзецца палітызацыя грамадзтва.

Аўталаўкі ад Тапузідзіса будуць таньнейшымі за дзяржаўныя

8 верасьня Аляксандар Лукашэнка даручыў кіраўніку кампаніі «Тытунь-інвэст» і ўладальніку супэрмаркетаў «Карона» Паўлу Тапузідзісу разьвіваць сетку прыватных крамаў і аўталавак у вёсцы. Па словах Лукашэнкі, гаворка ідзе не пра закрыцьцё крамаў «Белкаапсаюзу», а пра стварэньне канкурэнцыі, якая пакажа сапраўдныя кошты дзейнасьці дзяржаўных гандлёвых сетак. Ці пасьля прыходу «Кароны» прадукты ў вясковых крамах патаньнеюць?

Рыгор Астапеня: Я думаю, што так. Па-першае, наўрад ці «Белкаапсаюз» з’яўляецца прыкладам эфэктыўнай эканамічнай структуры. То бок, прыватная кампанія, праўдападобна, зможа арганізаваць гандаль лепш. Па-другое, я думаю, Тапузідзіс зацікаўлены ў тым, каб задаволіць жаданьні Лукашэнкі, нават працуючы ў мінус. Ён, канешне, ня можа працаваць так заўсёды, але нейкае кароткатэрміновае дасягненьне паказаць павінен. Хоць у практыцы, канешне, ў вялікіх гарадах крамы зўсёды будуць больш рэнтабэльныя, чым у вёсцы, бо там маштабы большыя. Таму ў прынцыпе разьлічваць, што ў вёсцы тавары будуць таньнейшыя, чым у горадзе, ня варта.

Пратэсты будуць, але не цяпер

8 верасьня каля 300 чалавек пратэставалі ў Менску супраць вучэньняў «Захад-2017». Удзельнікаў акцыі, арганізаванай экс-кандыдатам у прэзыдэнты Мікалаем Статкевічам, сілавікі не затрымлівалі. Чаму мітынг супраць такіх гучных вучэньняў прыцягнуў няшмат народу? Ці варта чакаць восеньню новых, больш шматлюдных пратэстаў – зь іншых нагодаў?

Рыгор Астапеня: Насамрэч 300 чалавек для гэтага пратэсту не так і мала, зважаючы, што гэтыя вучэньні для беларусаў мала што значаць. Што з таго, што да нас прыехала некалькі тысяч вайскоўцаў, калі ў нас увесь час на тэрыторыі знаходзяцца расійскія вайсковыя аб’екты? Для палітызаванай публікі «Захад-2017», безумоўна, падзея, але грамадзтва можа вучэньні й не заўважыць. Прагназаваць пратэсты ў прынцыпе няўдзячная праца. Цяпер адчуваецца, што мы з рэцэсіі выходзім у стагнацыю. То бок людзі могуць выдыхнуць і гэта можа зьнізіць пратэстныя настроі. Але з іншага пункту гледжаньня камунальныя аплаты працягваюць расьці, а пошук працы для многіх застаецца цяжкім квэстам. Таму я б хутчэй сказаў, што пратэсты будуць, але бліжэй вясны, калі людзі болей азлобяцца.

«Захад-2017»: ня верце ў страшылкі!

Беларусь і Расея завяршылі падрыхтоўку да сумесных вучэньняў «Захад-2017». З гэтай нагоды 11 верасьня МЗС Беларусі правёў брыфінг для замежных дыпляматаў.Намесьнік міністра замежных справаў Валянцін Рыбакоў акцэнтаваў увагу на абарончым характары вучэньняў. Ці сапраўды манэўры на заходніх межах Беларусі – абарончыя? Ці павераць у гэта заходнія ўрады й СМІ?

Рыгор Астапеня: Безумоўна, гэтыя вучэньні абарончыя. Цяжка сабе ўявіць, што Беларусь можа ўдзельнічаць у нечым наступальным – у нас для гэтага ні здольнасьцяў, ні матываў. Хоць, канешне, Расія выкарыстоўвае гэтыя вучэньні, каб паказаць Захаду зубы, а свайму саюзьніку, хто гаспадар. То бок, «Захад-2017» – гэта частка расейска-заходняга канфлікту, але ў страшылкі пра атаку на каго-небудзь наўрад ці нехта верыць. СМІ ці палітыкі могуць раздуваць нейкія ўяўленьні пра гэтыя вучэньні, але насамрэч да вайны ніхто не рыхтуецца.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт