Logo Polskiego Radia
Print

15 верасьня – адкрыцьцё Міжнароднага кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 14.09.2017 14:21
У гэтым годзе ў кангрэса ўзьніклі праблемы з фінансаваньнем, але яны ня зробяць форум менш цікавым – кажуць арганізатары.
Дырэктар інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.Дырэктар інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.Aliaksandr Papko/radyjo.net

Больш за 600 удзельнікаў з 20 краінаў прымуць удзел у VII Міжнародным кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі. Ён распачне сваю працу ўжо ў пятніцу 15 верасьня. Навуковы форум адкрые дыскусія, прысьвечаная ролі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў беларускай гісторыі. Пра галоўныя тэмы кангрэсу, экспэртаў, якія прыехалі ў Варшаву, каб прадставіць свае працы, і пляны на будучыню нам расказвае адзін з арганізатараў Міжнароднага кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі, дырэктар інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.

15 верасьня ў Палацы культуры й навукі ў Варшаве пачне сваю працу адзін з галоўных беларускіх навуковых форумаў. VII Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі будзе рэкордным па колькасьці ўдзельнікаў – кажа дырэктар інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч. Больш за 600 навукоўцаў з усяго сьвету прадставяць свае працы на 17 тэматычных сэкцыях. Яшчэ каля 200 чалавек прымуць удзел у кангрэсе як слухачы. Тэмы дакладаў вельмі разнастайныя – ад гісторыі й літаратуразнаўства да рэгіянальнай бясьпекі – кажа Андрэй Казакевіч.

Андрэй Казакевіч: Беларускія ўдзельнікі традыцыйна складаюць каля дзьвюх трацінаў агульнай колькасьці дакладчыкаў. Па зразумелых прычынах, у гэтым годзе будзе значна больш дасьледчыкаў з Польшчы. Шмат людзей прыедзе з Летувы, Украіны, Расеі. Будуць удзельнікі з Нямеччыны, Злучаных Штатаў і Вялікабрытаніі ды іншых дзяржаваў.

Кангрэс распачнецца дыскусіяй «Рэвалюцыя 1917 году й досьвед камунізму для Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы». Удзельнікамі яе стануць вядомыя нямецкія гісторыкі Фелікс Акерман і Томас Бон, а таксама беларускі філёзаф Уладзімір Мацкевіч. Арганізатары кангрэсу не маглі абыйсьці ўвагай два вялікія юбілеі, якія адзначаюцца ў гэтым годзе – стагодзьдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі, а таксама 500-годзьдзе беларускага кнігадрукаваньня.

Андрэй Казакевіч: На кангрэсе будзе шырока абмяркоўвацца камуністычная рэвалюцыя 1917 году, а таксама ўсё, што зьвязана з рэвалюцыямі, войнамі, гвалтам у беларускай гісторыі. Кангрэс ня мог абмінуць і іншай важнай даты – 500-годзьдзя выданьня першай друкаванай беларускай кнігі. Самому Скарыне ўвагі будзе нададзена ня так шмат. Галоўны націск будзе рабіцца на дасьледаваньне фэномэну кнігадрукаваньня, перакладу на беларускую мову, фэномэну Рэнэсансу й яго ўплыву на сучасную беларускую культуру. Будзе закранацца і тэма бясьпекі, ролі Расеі ў рэгіёне, актуальныя праблемы беларускай эканомікі, і многае іншае.

Як даведалася «Польскае радыё» з неафіцыйных крыніцаў, у сёлета Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі меў значна меншы бюджэт, чым у папярэднія гады. Прычынай стала нечаканая адмова польскіх унівэрсытэтаў і дзяржаўных установаў падтрымаць навуковы форум, хоць спачатку такія намеры польскі бок выказваў.

Гэтую інфармацыю ўскосна пацьвердзіў і сам Андрэй Казакевіч.

Андрэй Казакевіч: Цікавасьць да Беларусі ў нашым рэгіёне падае, зьмяняюцца прыярытэты. Значна больш увагі суседзі Беларусі надаюць супрацоўніцтву зь беларускімі дзяржаўнымі ўстановамі. Адпаведна, значна менш яны зацікаўленыя ў супрацоўніцтве зь беларускімі грамадзкімі ініцыятывамі. Сапраўды, у гэтым годзе значна больш складаней, чым раней, атрымаць фінансаваньне, таму ад многіх рэчаў прыйшлося адмовіцца: ад кава-паўзаў, ад прамацыйных матэрыялаў, прыйшлося зьнізіць стандарты пасяленьня гасьцей.

Праблемы з фінансаваньнем, якія ўзьніклі ў гэтым годзе, не зрабілі кангрэс менш цікавым – пераконвае Андрэй Казакевіч.

Андрэй Казакевіч: Нягледзячы на тое, што ў гэтым годзе фінансаў у нас менш, праграма – большая. Колькасьць удзельнікаў сёлета большая, чым год таму. Многія людзі гатовыя ехаць за ўласны кошт, адмовіцца ад падтрымкі арганізацыйнага камітэту і ўдзельнічаць у кангрэсе самастойна. Колькасьць такіх людзей расьце. Таму я гляджу на пэрспэктывы кангрэсу аптымістычна.

Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі ў 2011-2016 гадах праходзіў у Каўнасе ў Летуве. У гэтым годзе арганізатары кангрэсу – Інстытут Вялікага Княства Літоўскага, унівэрсытэт Вітаўта Вялікага ў Коўне, інстытут палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра», міжнародны кансорцыюм «ЭўраБеларусь» ды іншыя – прынялі рашэньне штогод зьмяняць сталіцу беларускага навуковага форуму. Першым месцам па-за Коўна, у якім праходзіць кангрэс, стане Варшава. У сьпісе гарадоў, дзе можа прайсьці Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі, знаходзяцца Менск, Беласток і Вільня.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт