Logo Polskiego Radia
Print

Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі: было няпроста, але форум удаўся

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.09.2017 14:43
  • Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі было няпроста, але форум удаўся.mp3
Вялікае мерапрыемства ў Варшаве ўдалося правесьці за сьціплыя сродкі, сярод новых сталіц Кангрэсу разглядаюцца Вільня, Беласток і Менск.
Завяршальнае паседжаньне VII Міжнароднага кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі. Варшава, 17 верасьня 2017 г.Завяршальнае паседжаньне VII Міжнароднага кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі. Варшава, 17 верасьня 2017 г.Aliaksandr Papko/radyjo.net

У нядзелю ў Варшаве завяршыўся VII Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі. Новае месца правядзеньня навуковага форуму, рэкордная колькасьць англамоўных дакладаў, нечаканыя праблемы, зьвязаныя зь недахопам фінансаваньня – чым запомніўся Кангрэс, нам расказваюць яго ўдзельнікі і арганізатары.

У VII Міжнародным кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі ў Варшаве прынялі ўдзел каля 400 навукоўцаў. Яны прыехалі зь Беларусі, Польшчы, Летувы, Украіны, Нямеччыны, Расеі ды іншых дзяржаваў рэгіёну. Кангрэс сабраў прадстаўнікоў пераважна гуманітарных дысцыплінаў, якія прадставілі дасьледаваньні, прысьвечаныя мінуўшчыне і розным аспэктам жыцьця сёньняшняга беларускага грамадзтва.

Прэміі Кангрэсу за найлепшыя публікацыі атрымалі гісторыкі Алена Маркава, Натальля Гардзіенка й Алесь Пагарэлы, культуроляг Андрэй Масквін, філёлягі Ганна Міхальчук і Герман Бідэр (Hermann Bider), а таксама сацыёляг Алена Гапава.

Кангрэс становіцца ўсё больш інтэрнацыянальным – кажа галоўны арганізатар навуковага форуму, дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч. Галоўнымі дасягненьнямі гэтага году можна назваць рэкордную колькасьць англамоўных працаў і вялікі, у параўнаньні зь мінулым, удзел польскіх навукоўцаў.

Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі – гэта сапраўдны фэномэн беларускага навуковага жыцьця, лічыць кіраўнік Катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту Ніна Баршчэўская. Яе ўстанова была адной з суарганізатараў Кангрэсу. Ужо сёмы год запар за межамі Беларусі зьбіраюцца сотні беларускіх дасьледчыкаў, якія ня толькі прадстаўляюць свае дасягненьні, але й наладжваюць сувязі з калегамі з-за мяжы, падкрэсьлівае прафэсар Баршчэўская.

Ніна
Ніна Баршчэўская

Ніна Баршчэўская: У адным месцы сабралася больш за 400 дасьледчыкаў. Цяжка сабе ўявіць, як над гэтым можна запанаваць. Аднак усё ўдалося, і «Палітычная сфэра» – арганізацыя, якую ўзначальвае Андрэй Казакевіч – даказала, што яна здольная сабраць такую колькасьць дасьледчыкаў, арганізаваць усё так, каб адбылася цікавая дыскусія, і яшчэ правесьці падсумаваньне гэтай дыскусіі.

Кангрэс прайшоў у вельмі прэстыжных месцах: у хмарачосе Палацу навукі і культуры, а таксама сьценах Варшаўскага ўнівэрсытэту. Аднак з расьсяленьнем удзельнікаў і кампэнсацыяй праезду ўзьніклі праблемы. З-за недахопу сродкаў, навукоўцаў прыйшлося разьмяшчаць у студэнцкіх інтэрнатах. Некаторым было прапанавана ехаць у Варшаву за свой кошт. Арганізатарам прыйшлося адмовіцца ад фірмовых тэчак, блякнотаў і іншай прамацыйнай прадукцыі.

У сувязі зь немагчымасьцю кампэнсаваць праезд, многія ўдзельнікі адмовіліся ад удзелу ў форуме. Менавіта таму з заяўленых 650 выступоўцаў на кангрэсе прысутнічалі толькі 400 – тлумачыць Андрэй Казакевіч.

Андрэй
Андрэй Казакевіч

Андрэй Казакевіч: Вялікая колькасьць удзельнікаў зь Беларусі ў апошні момант была вымушана адмовіцца да прыезду. Тым ня менш, Кангрэс адбыўся. Колькасьць удзельнікаў была дастаткова высокая, а час, які вызваліўся, быў заняты дыскусіямі й выступамі. Удзельнікі атрымалі больш часу на абмеркаваньне. Таму Кангрэс можна лічыць пасьпяховым.

Праблемы ўзьніклі з-за таго, што польскія дзяржаўныя ўстановы, якія першапачаткова выказвалі сваю зацікаўленасьць у падтрымцы Кангрэсу, незадоўга да старту мерапрыемства вырашылі не аказваць дапамогі – кажа адзін зь яго суарганізатараў, прадстаўнік Усходнеэўрапейскага дэмакратычнага цэнтру Лукаш Бырскі.

Лукаш
Лукаш Бырскі

Лукаш Бырскі: Нам вельмі дапамагла польская амбасада ў Менску, нас падтрымаў Польскі фонд міжнароднага супрацоўніцтва. Аднак па невядомых прычынах МЗС Польшчы вырашыў не падтрымліваць Кангрэсу, які ўпершыню праходзіць у Варшаве. Тое, што мы змаглі правесьці такі вялікі Кангрэс за тыя сродкі, якія мелі – гэта посьпех. Аднак адсутнасьць падтрымкі МЗС Польшчы, адсутнасьць удзелу такіх установаў, як Польскі інстытут міжнародных справаў, Цэнтар усходніх дасьледаваньняў – гэта параза. Гэта яшчэ раз пераконвае нас, што такія мерапрыемствы трэба праводзіць у Польшчы, каб падымаць цікавасьць да Беларусі.

Арганізатары Кангрэсу абяцаюць дывэрсыфікаваць крыніцы фінансаваньня, каб падобныя сытуацыі не паўтарыліся, і ўжо задумваюцца, дзе правесьці наступны навуковы форум. Падчас выніковай дыскусіі гучалі прапановы арганізаваць яго, як і ў мінулыя гады, у Коўне, правесьці ў горадзе меншага памеру ў Польшчы, Чэхіі ці Славаччыне, а таксама зладзіць Кангрэс у сталіцы Беларусі.

Ідэя правесьці кангрэс у Менску вельмі заманлівая, але крые ў сабе рызыку – кажа беларускі філёзаф Уладзімер Мацкевіч.

Уладзімер
Уладзімер Мацкевіч. Фота: racyja.com

Уладзімер Мацкевіч: Мне вельмі хацелася б, каб Кангрэс прайшоў у Менску. Але гэта крые шмат небясьпекаў. Небясьпека першая: калі ўлады будуць па-ранейшаму перашкаджаць, то Кангрэс пройдзе амаль падпольна, людзі будуць баяцца ў ім удзельнічаць. Небясьпека другая: калі беларускі рэжым раптам падтрымаў бы Кангрэс, то ён лёгка ператварыўся б у афіцыйнае мерапрыемства, пазбаўленае свабоды думкі.

Канцэпцыя новага, VIII Міжнароднага кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі, будзе прадстаўлена ўжо на пачатку наступнага году – кажа Андрэй Казакевіч. Арганізатары прытрымліваюцца думкі, што Кангрэс штогод трэба праводзіць у іншым горадзе, каб навуковы форум станавіўся больш інтэрнацыянальным. Сярод наступных месцаў правядзеньня Кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі разглядаюцца такія гарады, як Вільня, Беласток і Менск.

Аляксандар Папко

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт