Logo Polskiego Radia
Print

«Лукашэнка й Кадыраў дэманструюць незалежнасьць ад Крамля»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 27.09.2017 18:25
  • «Лукашэнка й Кадыраў дэманструюць незалежнасьць ад Крамля».mp3
Паездка кіраўніка Чачні ў Менск абумоўлена ня толькі эканомікай – лічыць палітоляг.
Аляксандар Лукашэнка й Рамзан Кадыраў у Менску, 25 верасьня 2017 г. Фота з афіцыйнага сайта прэзыдэнта Беларусі. Аляксандар Лукашэнка й Рамзан Кадыраў у Менску, 25 верасьня 2017 г. Фота з афіцыйнага сайта прэзыдэнта Беларусі. president.gov.by

У мінулыя 7 дзён Менск наведаў кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў, беларускія ўлады паабяцалі скараціць колькасьць праверак малых прадпрыемстваў, а тысячы грамадзянаў прынялі ўдзел у пошуках 10-гадовага Максіма Мархалюка, які зьнік у Белавескай пушчы. Пра што ў Менску вялі перамовы два аўтарытарныя кіраўнікі? Ці ўзрасьце ў Беларусі бізнэс-актыўнасьць і ці не разьбіваюць пошукі хлопчыка стэрэатып пра абыякавасьць беларускага грамадзтва? Гэтыя тэмы ў «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць Аляксандар Папко й палітоляг Максім Руст.

Візыт Кадырава ў Менск – гэта ня проста эканамічныя перамовы

25 верасьня Менск упершыню наведаў кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў разам са сваімі бліжэйшымі паплечнікамі. «Мы знайшлі адказы на ўсе пытаньні», – заявіў па выніках візыту лідар расейскага рэгіёну. Афіцыйна заяўляецца, што Кадыраў з Лукашэнкам і прэм’ерам Кабяковым абмяркоўвалі пастаўку ў Чачню беларускіх аўтазапчастак, грузавікоў ды зборку сельскагаспадарчага абсталяваньня. Ці толькі пра МАЗы ды сеялкі размаўлялі два аўтарытарныя кіраўнікі?

Максім Руст: Асноўнай тэма перамоваў была канкрэтная, эканоміка, якая выражаецца ў сумах грошай. Чачня – гэта рэгіён, у якім вельмі шмат грошай з маскоўскіх датацыяў. Акрамя таго – і гэта вельмі істотна для Беларусі – Чачня, дзякуючы свайму статусу, зьяўляецца адзіным суб’ектам РФ, зь якім Менск можа дамаўляцца непасрэдна, амаль у абыход Масквы. Натуральна, ёсьць і палітычны фактар. Я думаю, пасьля правалу візыту Пуціна ў Беларусь і Лукашэнкі ў Расію падчас «Захаду-2017» беларускі кіраўнік пасылае мэсэдж Крамлю: «добра, не хочаце сустракацца з намі, то мы самі будзем дамаўляцца з вашымі топавымі палітыкамі». Гэта своеасаблівая дэманстрацыя сілы. І Беларусь, і Чачня вельмі сябруюць з Расіяй, але адначасова падкрэсьліваюць, што яны незалежныя ад Масквы й могуць гуляць зь ёй па сваіх правілах.

Беларускае грамадзтва актыўнае, але не ў палітыцы

Больш за 3 тысячы людзей 23 верасьня ўдзельнічалі ў пошуках 10-гадовага Максіма Мархалюка, які зьнік у Белавескай пушчы. Гэта была самая масавая пошукавая акцыя ў гісторыі Беларусі. На пошукі хлопчыка выйшлі тысячы валянцёраў, некалькі соцень міліцыянтаў, ратавальнікі й вайскоўцы. Што гэтая акцыя можа распавесьці пра беларускае грамадзтва? Ці можна надалей называць яго пасіўным?

Максім Руст: Гэта вельмі прыгожы й кранальны жэст. Ён дэманструе, што беларускае грамадзтва, усё ж-такі, вельмі салідарнае. Няхай сабе на побытавым узроўні, у сытуацыі сямейнай трагедыі, але салідарнае. Пошукавыя атрады не ад сёньня дзейнічаюць у краіне, проста канкрэтная сытуацыя з пошукамі Максіма набыла такі грамадзкі і мэдыйны рэзананс. Але па гэтым прыкладзе нельга ацэньваць актыўнасьць беларусаў у іншых сфэрах грамадзкага жыцьця – напрыклад, у палітыцы. У ёй беларусы надалей даволі пасіўныя. Ааднак у сытуацыі, калі трэба праявіць простую чалавечую салідарнасьць, яны гэта робяць, і гэта нам усім велізарны плюс.

Бізнэс-лібералізацыя ідзе, але пераважна на паперы

Беларускія ўлады заяўляюць, што неўзабаве радыкальна скароцяць праверкі малога бізнэсу. Пра гэта 22 верасьня распавёў старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі Леанід Анфімаў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. «Сьпіс кантралюючых ворганаў скароціцца на траціну. Калі будуць нейкія адступленьні ад прапісаных правілаў, то будуць накладацца адпаведныя санкцыі на кантралёра», – зазначыў Анфімаў. Чым выкліканае новае спрашчэньне правілаў вядзеньня бізнэсу? Ці варта чакаць, што прадпрымальніцкая актыўнасьць у Беларусі вырасьце?

Максім Руст: Тут усё вельмі проста – лібэралізацыя вядзеньня бізнэсу ў Беларусі адбываецца ўжо некалькі гадоў, але толькі на паперы. Усе мы ведаем, што дзяржава можа стварыць для канкрэтных фірмаў вельмі добрыя, амаль цяплічныя ўмовы. Але стварыць роўныя й спрыяльныя ўмовы для ўсіх прадпрымальнікаў яна не сьпяшаецца. Таму няхай спачатку пакажуць дакумэнт, які сапраўды дзейнічае, пацьвердзяць яго канкрэтнымі прыкладамі, і тады новы праект можна будзе ацаніць. Толькі тады, калі калі скарачэньне праверак пяройдзе з тэарэтычнай у практычную плоскасьць, умовы для прадпрымальніцкай дзейнасьці ў Беларусі сапраўды палепшацца й вырасьце актыўнасьць.

«Справу патрыётаў» будуць разыгрываць настолькі доўга, наколькі палічаць патрэбным»

21 верасьня Сьледчы камітэт Беларусі вырашыў працягнуць сьледзтва па «Справе патрыётаў» яшчэ на паўгода. Вядома, што сьледчых дзеяньняў з фігурантамі справы не праводзіцца ўжо некалькі месяцаў. Нядаўна поўнасьцю зьмяніўся склад групы, якая вяла расьсьледаваньне. Колькі яшчэ справа пратрымаецца ў падвешаным стане, і чым яна завершыцца?

Максім Руст: Нельга казаць толькі пра фігурантаў «Справы патрыётаў», трэба ўзгадаць і нядаўнія ператрусы ў экалягічных актывістаў ды анархістаў. Улады пачалі прэвэнтыўную кампанію каб не дапусьціць пратэстаў, якія чакаюцца гэтай восеньню. І, на жаль, для ўладаў зараз вельмі спрыяльны момант. Пасьля заканчэньня вучэньняў «Захад-2017» Менск разьвеяў напружанасьць заходніх партнэраў, прадэманстраваў, што ён ня так ужо й залежны ад Расіі, што ён гарантуе стабільнасьць у рэгіёне. І Захад, здаецца, прымае ўмовы Менска. Прыкладам можа паслужыць учорашні візыт прадстаўніка МЗС Вялікабрытаніі Алана Дункана.

Беларусь заўсёды можа спаслацца на тое, што «Справа патрыётаў» і іншыя працэсы – гэта толькі кампанія па падтрыманьні парадку ў дзяржаве, а для Захаду цяперашнія адносіны з Беларусьсю важнейшыя чым некалькі затрыманых актывістаў. Мне падаецца, што беларускія ўлады ня пойдуць на тое, каб у краіне з’явіліся новыя палітзьняволеныя, але «Справу патрыётаў» будуць разыгрываць настолькі доўга, наколькі палічаць патрэбным.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт