Logo Polskiego Radia
Print

Улады Кракава заклікаюць жыхароў адмовіцца ад пячэй і катлоў на вугаль

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 28.09.2017 11:30
Мэрыя выдзяляе датацыю на замену абсталяваньня ў памеры 80% кошту да канца бягучага года й 60% у 2018-м.
pixabay.com/Public Domain CC0

Улады Кракава заклікаюць жыхароў адмовіцца ад пячэй і катлоў на вугаль і перавесьці ацяпленьне на газ ці электрычнасьць альбо падключыцца да цэнтральнага ацяпленьня. Мэрыя былой польскай сталіцы праводзіць кампанію пад назвай «Будзьма разам у барацьбе за чыстае паветра ў Кракаве». Адначасова гарадзкія ўлады нагадваюць, што з 1 верасьня 2019 году ў горадзе будзе ўведзеная поўная забарона на выкарыстаньне вугалю ў мэтах ацяпленьня. На грамадзкую акцыю Кракаў выдаткуе 300 тыс. злотых (каля 70 тыс. эўра). У рамках мерапрыемства заклікі зьявяцца на 50 білбордах, 120 прыпынках і некалькіх тысячах плякатаў. Акрамя таго, заклікі зьявяцца на адным трамваі й васьмі аўтобусах.

Паводле мэрыі Кракава, у горадзе надалей выкарыстоўваецца каля 8 тыс. пячэй і катлоў, у якіх спальваецца вугаль. Калі жыхар гораду вырашыць адмовіцца ад такога роду ацяпленьня, то да канца бягучага году можа разьлічваць на датацыю ад мэрыі ў памеры 80% кошту замены абсталяваньня альбо падключэньня, у 2018 годзе гэтая сума складзе 60%.

Кракаў працяглы час змагаецца з праблемай чыстага паветра, якое зьяўляецца адным з найбольш забруджаных у Польшчы. У бязьветранае надворʼе ў горадзе часта назіраецца смог.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт