Logo Polskiego Radia
Print

Польская «Błyskawica» – найстарэйшы эсьмінец часоў вайны (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 29.09.2017 07:02
Карабель быў пабудаваны па замове ВМС Польшчы ў Вялікабрытаніі ў 1936 годзе, на службе – з восені 1937 года.
commons.wikimedia.org/Antoni Dubowicz/CC BY-SA 3.0

Сёньня ў гістарычнай рубрыцы працягнем знаёмства з польскай ваеннай тэхнікай часоў Другой сусьветнай вайны. Для гэтага накіруемся ў балтыйскую Гдыню, дзе знаходзіцца ўнікальны ў сусьветным маштабе карабель.

Тут, у Гдыні, на вечнай стаянцы прышвартаваўся карабель «ORP Błyskawica» («Маланка»). Гэта эсьмінец тыпу «Гром», які служыў у ВМС Польшчы ў 1937-1976 гадах. Цяпер ён стаіць у порце Гдыні як карабель-музэй. У гады Другой сусьветнай вайны быў адным з самых сучасных эсьмінцаў сьвету. «Błyskawica» – найстарэйшы эсьмінец часоў Другой сусьветнай, якія прайшлі ўсю вайну й якія захаваліся да нашых дзён. Гэта таксама адзінае судна, узнагароджанае прэстыжнейшым польскім ваенным ордэнам Virtuti Militari.

commons.wikimedia.org/Public
commons.wikimedia.org/Public Domain

Лёс карабля вельмі цікавы й захапляльны. Ён быў пабудаваны па замове ВМС Польшчы ў Вялікабрытаніі ў 1936 годзе. На службе – з позьняй восені 1937 года. Падчас нападу гітлераўскай Нямеччыны на Польшчу эсьмінец не прымаў удзелу ў баях, бо за два дні да агрэсіі па загаду камандаваньня ВМС разам з двума іншымі караблямі пайшоў у Вялікабрытанію.

Польскія караблі адразу ж далучыліся да апэрацый саюзьнікаў. «Błyskawica» прымала ўдзел у шматлікіх акцыях, сярод якіх – суправаджэньне канвояў, патрульныя апэрацыі, паляваньне на падводныя лодкі «Крыгсмарынэ» й г.д. У 1940 годзе карабель прымаў удзел у абстрэльваньні нарвэскага Нарвіка. У тым жа годзе эсьмінец ледзь не пайшоў на дно: нямецкая падводная лодка зьдзейсьніла пуск тарпэды, якая ўзарвалася ў 100 мэтрах ад карабля. Нямецкія матросы вырашылі, што «Błyskawica» патопленая, і перасталі яе перасьледаваць.

У лістападзе 1942 года эсьмінец прымаў удзел у Маракана-Алжырскай апэрацыі, падчас якой разам зь іншымі караблямі патапіў некалькі падводных лодак праціўніка. А вось у чэрвені 1944 года «Błyskawica» ўдзельнічала ў вядомейшай Нармандзкай апэрацыі.

Пасьля вайны эсьмінец служыў у Каралеўскім ВМФ Вялікабрытаніі да траўня 1946 года. У ліпені 1947-га «Błyskawica» вярнулася на радзіму й была ўключаная ў склад ВМС Польшчы.

commons.wikimedia.org/Public
commons.wikimedia.org/Public Domain

У 1975 годзе эсьмінец вывелі са складу флёту, і з 1 траўня 1976 года ён знаходзіцца на вечнай стаянцы ў Гдыні. У 1987 годзе за асаблівыя заслугі «Błyskawica» была ўзнагароджаная Залатым крыжам ордэна Virtuti Militari.

У кармавых адсеках карабля знаходзіцца асноўная частка музэя Ваенна-марскіх сіл Польшчы. «Błyskawica» адкрытая для наведвальнікаў і радая іх прымаць: штогод карабель наведваюць 70-80 тыс. турыстаў. Нягледзячы на тое, што «Błyskawica» – гэта карабель-музэй, яна мае сваю каманду, якая нясе вахту кругласутачна. На борце карабля адбываюцца таксама важнейшыя мерапрыемствы Ваенна-марскіх сіл Польшчы.

Валеры Саўко

commons.wikimedia.org/Palladinus/CC
commons.wikimedia.org/Palladinus/CC BY-SA 2.5
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт