Logo Polskiego Radia
Print

«Ожэл» - гісторыя найбольш славутай польскай падводнай лодкі (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 03.10.2017 08:07
  • Orzeł.mp3
Падводная лодка прапала бязь вестак ля берагоў Нарвэгіі ў чэрвені 1940 года.

Польшча была слаба падрыхтаваная да Другой сусьветнай вайны ў пляне ваеннай тэхнікі ды ўзбраеньня. Прычына, як мы ўжо казалі, была банальная: маладая польская дзяржава звычайна ня мела дастаткова фінансавых сродкаў на разьвіцьцё арміі. Але былі аднак і выключэньні, напрыклад, Ваенна-марскія сілы.

Гонарам Ваенна-марскіх сілаў Польшчы былі дзьве падводныя лодкі тыпу «Ожэл» (Orzeł): «Ожэл» і «Сэнп» (Sęp). Падлодка «Ожэл» (Арол) была галаўным суднам сэрыі. Палякі плянавалі пабудаваць чатыры падводныя лодкі, але да пачатку вайны ўдалося толькі дзьве. Гісторыя «Сэнпа» (Грыф) склалася так, што ў пачатку вайны падлодка была інтэрнаваная ў Швэцыі. Пасьля яе заканчэньня яна вярнулася ў Польшчу, дзе й праслужыла ў ВМС краіны да 1969 году. Гісторыя ж падлодкі «Ожэл» больш складаная ды й нават трагічная. Распавядае прафэсар гістарычных навук Павал Вечаркевіч.

П. Вечаркевіч: Ваенна-марскія сілы Польшчы пасьля таго, як краіна стала незалежнай, ствараліся практычна з нуля. Зразумела, што пакупка тэхнікі і ўзбраеньня для абароны невялікай марской мяжы была прыярытэтам. У палове 1920-х гадоў зьявілася ініцыятыва стварэньня добраахвотнага грамадзкага фонду для збору грошай на флёт. Калі ў 1930 годзе ў Нямеччыне пачалі зьяўляцца галасы наконт таго, каб патрабаваць у Польшчы згоды на будаўніцтва экстэрытарыяльнага калідору зь Нямеччыны ў Прусію, і калі Бэрлін пачаў будаваць лінкары, тады ў Варшаве зьявілася ідэя наконт будаўніцтва падводных лодак. Гэта меў быць адказ на крокі Нямеччыны.
Прапановы па будаўніцтве падлодак высунулі кампаніі з ЗША, Вялікабрытаніі й Францыі, але Польшчы выбрала прапанову нідэрляндзкай каралеўскай верфі De Schelde. У 1936 годзе Польшча заказала ў Галяндыі дзьве тарпэдныя падводныя лодкі. На той час гэта былі найсучасьнейшыя падводныя судны – вялікія, прызначаныя для нясеньня службы працяглы час у аддаленасьці ад базы. Падлодку «Ожэл» пачалі будаваць у 1936 годзе, у Польшчу яна прыбыла ў лютым 1939 году.

Пасьля прыбыцьця ў Гдыню лодка прыняла ўдзел у парадзе ў гонар Дня ВМС. Да пачатку вайны лодка ўвесь час праводзіла ў баявых паходах, што дазволіла экіпажу атрымаць неабходны вопыт службы.

Пад'ём
Пад'ём сьцягу пасьля спуску лодкі на ваду ў верфі ў Галяндыі

Згодна з ваенным плянам, у пачатку вайны лодка выйшла на патруляваньне ў прызначаны раён Балтыйскага мора. З-за захопу немцамі ваенна-марской базы Хэль «Ожэл» ня змог вярнуцца назад.

Лодка атрымала пашкоджаньне ад глыбіннай бомбы, таму было прынятае рашэньне ісьці ў нэйтральны порт. Пасьля разважаньняў капітан прымае рашэньне ісьці ў Талін, хоць загад прадпісваў адвесьці лодку ў нэйтральную Швэцыю. «Ожэл» прыбыў у эстонскую сталіцу 14 верасьня, і гэта была памылка, бо эстонцы падлодку інтэрнавалі.

/

Польскія афіцэры й матросы вырашылі ўцячы. Апоўначы 18 верасьня экіпаж захапіў лодку, зьвязаўшы эстонскіх вартавых. Было прынятае рашэньне ісьці ў Вялікабрытанія. Зь вялікімі цяжкасьцямі «Ожэл» дабраўся да берагоў Англіі 14 кастрычніка.

Пасьля рамонту, пераабсталяваньня й дазапраўкі лодка была ўведзеная ў склад 2-й падводнай флятыліі Каралеўскага флёта. 8 красавіка 1940 года лодка патапіла свой першы нямецкі транспарт каля берагоў Нарвэгіі.

1 і 2 чэрвеня лодка атрымала загады аб перадыслакацыі ў іншы раён, але адказы аб атрыманьні загаду не паступілі. 5 чэрвеня паступіў загад вярнуцца на базу, але адказ ад лодкі так і не прыйшоў. 8 чэрвеня 1940 года было прынятае рашэньне лічыць лодку зьніклай бязь вестак. Да гэтага часу дакладна не ўстаноўлена, што стала прычынай гібелі лодкі. Большасьць схіляецца да таго, што лодка наляцела на міну ў раёне праліва Скагерак.

/


У ліпені й жніўні 2008 года была зробленая спроба знайсьці лодку. Польская экспэдыцыя дасьледавала дно Паўночнага мора ў раёне меркаванай гібелі лодкі. Было знойдзена шмат абломкаў суднаў, але абломкаў падлодкі «Ожэл» сярод іх не аказалася.

У 1959 годзе на экраны выйшаў аднайменны мастацкі фільм, прысьвечаны гісторыі падлодкі «Ожэл», а сёлета на экраны павінен выйсьці фільм «Ожэл» і 13-сэрыйны сэрыял для тэлебачаньня.

Валеры Саўко

слухайце далучаны гукавы файл

фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт