Logo Polskiego Radia
Print

Навальны заклікаў да ўсерасейскага пратэсту

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 05.10.2017 10:17
Апазыцыйны палітык прапануе правесьці мерапрыемства ў дзень нараджэньня Пуціна.
Аляксей НавальныАляксей Навальныwikimedia commons/MItya Aleshkovskiy/CC BY-SA 3.0


Апазыцыйны палітык Аляксей Навальны заклікаў жыхароў Расеі выйсьці з акцыяй масавага пратэсту ў розных гарадах 7 кастрычніка, у дзень нараджэньня прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Паведамленьне апублікаванае на сайце палітыка.

У 80 расейскіх гарадах, дзе былі адкрыты штабы Навальнага, пройдуць пікеты, да якіх заклікаюць далучыцца ўсіх жадаючых са сьцягамі Расеі.

Галоўнае мерапрыемства пройдзе ў Санкт-Пецярбургу на Марсавым поле, нягледзячы на тое, што ўлады адмовіліся ўзгадняць месца. У штабе Навальнага ж заявілі, што адказ гарадзкой адміністрацыі не атрымалі ва ўстаноўлены тэрмін, таму акцыя лічыцца ўзгодненай.

Улады Масквы не задаволілі першапачатковую заяўку на мітынг на Пушкінскай плошчы без прадастаўленьня альтэрнатыўнага месца або часу. Таму апазыцыянэр заклікае выйсьці на Цьвярскую — „у поўнай адпаведнасьці з пастановай Канстытуцыйнага суду Расеі”. Адміністрацыя таксама адхіліла заяўкі ў іншых месцах Масквы 7-8 кастрычніка, у тым ліку на праспэкце акадэміка Сахарава. Але ў мэрыі ўсё яшчэ знаходзяцца на разглядзе некалькі заявак.

Сярод асноўных патрабаваньняў кампаніі Навальнага: забясьпечыць палітычную канкурэнцыю ў Расеі.

На дадзены момант Аляксей Навальны адбывае 20-дзённы адміністратыўны арышт за „неаднаразовыя заклікі да ўдзелу ў няўзгодненым публічным мерапрыемстве”. Разам зь ім да 20 сутак асудзілі й кіраўніка яго перадвыбарчага штаба Леаніда Волкава, які на знак пратэсту абвясьціў галадоўку.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла ў падтрымку Аляксея Навальнага й Леаніда Волкава й заклікала „неадкладна й безумоўна” вызваліць абодвух арыштаваных.

На мінулай усерасейскай антыкарупцыйнай акцыі, якая прайшла 12 чэрвеня, па ўсёй Расеі былі затрыманыя больш за 1700 чалавек.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт