Logo Polskiego Radia
Print

Ці існуе панацэя ад «ольгінскіх троляў»?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 05.10.2017 18:54
  • Ці існуе панацэя ад «ольгінскіх троляў».mp3
Як змагацца з дэзінфармацыяй у эпоху Інтэрнэту, вырашалі ў Варшаве журналісты з Польшчы, Летувы Беларусі, Украіны й Расеі.
Удзельнікі канфэрэнцыі «Мэдыя-Расея. Пагрозы прапаганды»: журналісты Віктар Сьветлік і Паўлюк Быкоўскі, мэдыяэкспэрт прафэсар Пётр Джэвецкі, журналіст Вацлаў Радзівіновіч і публіцыст прафэсар Гжэгаж Лэнціцкі. Удзельнікі канфэрэнцыі «Мэдыя-Расея. Пагрозы прапаганды»: журналісты Віктар Сьветлік і Паўлюк Быкоўскі, мэдыяэкспэрт прафэсар Пётр Джэвецкі, журналіст Вацлаў Радзівіновіч і публіцыст прафэсар Гжэгаж Лэнціцкі.

Чаму краіны Эўропы занепакоеныя інфармацыйнымі атакамі з боку Расеі? Чаму сучаснае грамадзтва так лёгка верыць у няпраўду й перастае давяраць раней шанаваным газэтам, сайтам і тэлеканалам? Як навучыць грамадзянаў і саміх журналістаў адрозьніваць праўду ад фэйкаў? Гэтыя патаньні абмяркоўвалі ў Варшаве вядомыя журналісты й мэдыяаналітыкі. Экспэрты з Польшчы, Летувы, Беларусі, Украіны й Расеі прынялі ўдзел у канфэрэнцыі «Мэдыя-Расея. Пагрозы прапаганды».

Пра небясьпеку дэзінфармацыі, якую распаўсюджваюць афіцыйныя расейскія СМІ, сумнеўныя сайты, тролі й боты ў сацыяльных сетках, у Эўропе пачалі казаць пасьля пачатку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. Сёньня крамлёўскіх хакераў, прапагандыстаў і троляў абвінавачваюць у спробах маніпуляваць грамадзкай думкай і нават уплываць на вынік выбараў у ЗША, Францыі й Нямеччыне. Расейскую інфармацыйную зброю абмяркоўваюць ужо ня толькі журналісты, але й палітыкі вельмі высокага ўзроўню – кажа беларускі журналіст і мэдыяаналітык Паўлюк Быкоўскі.

Паўлюк Быкоўскі: Зьвесткі, якія мы маем, даюць падставы разважаць ужо ня проста пра прапаганду ў мэдыях, а пра інфармацыйную «зброю», якую Расея выкарыстоўвае для таго, каб дасягаць сваіх інтарэсаў. На жаль, даволі часта Крэмль разумее свае інтарэсы ў тым, каб яго партнэры былі аслабленыя, занятыя хаосам ва ўласных краінах, і ня ўмешваліся ў тое, што адбываецца ў самой Расеі.

Госьці канфэрэнцыі «Мэдыя-Расея. Пагрозы прапаганды» ня толькі прыгадвалі фэйкі ў расейскіх дзяржаўных СМІ, распаўсюд «інфармацыйнага шуму» ці допісы ольгінскіх троляў у Твітары. Яны разважалі, чаму сучаснае грамадзтва так лёгка верыць у фэйкі.

У тэлебачаньня, газэтаў і вялікіх сайтаў зьнікла манаполія на распаўсюд інфармацыі – тлумачыць Паўлюк Быкоўскі. Людзі абменьваюцца навінамі наўпрост. «Арыстакратычных» СМІ, якія задавалі тон грамадзкай дыскусіі, ужо не існуе. Але ў сучасным моры інфармацыі людзі не навучыліся адрозьніваць праўду ад хлусьні – кажа Паўлюк Быкоўскі.

Паўлюк Быкоўскі: Новыя пакаленьні маюць іншую мадэль спажываньня інфармацыі. Вельмі шмат зьвестак яны атрымліваюць з сацыяльных сетак. Яны не пераходзяць на першакрыніцы інфармацыі, чытаюць толькі загалоўкі. Гэта тае магчымасьць падсунуць ім скажоную карціну сьвету. На жаль, сёньняшняя шырокая аўдыторыя мае востры дэфіцыт ведаў наконт таго, як працаваць з інфармацыяй і крытычна ўспрымаць тое, што нам прапануе той ці іншы яе стваральнік.

Інтэрнэт ня толькі адкрывае шырокае поле дзеяньня для маніпулятараў, але й дае ня бачаныя раней магчымасьці спраўджваць інфармацыю – зазначае шматгадовы карэспандэнт Gazety Wyborczej у Маскве Вацлаў Радзівіновіч (Wacław Radziwinowicz). Змагацца з дэзінфармацыяй сёньня можна вельмі таннымі сродкамі – перакананы журналіст.

Вацлаў Радзівіновіч: Прыкладам можа паслужыць міжнародная журналісцкая група група Bellingcat. Гэта праграмісты, журналісты, экспэрты, якія не выяжджаюць далёка, а аналізуюць інфармацыю, седзячы за сваімі кампутарамі. Менавіта яны раскрылі, як расейскі ракетны комплекс зьбіў малаазійскі «Боінг» у Данбасе. Гэтая група паказала, як пры дапамозе інтэрнэту можна разьвеяць інфармацыйны шум, які распаўсюджвалі сотні троляў і дзяржаўных расейскіх СМІ. У Расеі падобную працу робіць каманда Аляксея Навальнага. Яна знаходзіць у адкрытым доступе вельмі цікавыя зьвесткі аб карупцыі ў расейскім кіраўніцтве.

Ёсьць яшчэ адзін важны сродак: мы павінныя вызначаць павестку дня. Заходнія СМІ павінныя не рэагаваць на інфармацыю, якую распаўсюджвае Крэмль, а самі першыя казаць, колькі грошай мае Пуцін, у якім стане насамрэч знаходзіцца расейская эканоміка, да чаго гэта прывядзе. Мы павінныя запрашаць у свае студыі расейскіх экспэртаў, да якіх прыслухаюцца самі расейцы.

Перамагчы сёньняшні інфармацыйны хаос можна толькі вярнуўшыся да прынцыпаў якаснай журналістыкі – перакананы дырэктар ІІІ каналу Польскага радыё Віктар Сьветлік (Wiktor Świetlik). Журналістаў трэба вучыць не проста гнацца не за лайкамі й рэпостамі, а спраўджваць факты.

Віктар Сьветлік: Адзіным эфэктыўным мэтадам супрацьстаяць маніпуляцыям зьяўляецца вяртаньне да традыцыйных журналісцкіх канонаў. Журналістам трэба абавязкова правяраць крыніцы інфармацыі, атрымліваць зьвесткі з які мінімум дзьвюх крыніцаў – рабіць усё тое, чаму журналістаў вучылі сто гадоў таму. Калі казаць пра прапаганду, то сёньня зьмяніліся толькі інструмэнты яе распаўсюду. Сёньня ключавую ролю адыгрываюць сацыяльныя СМІ, аднак гэта не азначае, што зьмяніліся самі мэханізмы маніпуляцыі, распаўсюду ілжывых зьвестак, скажэньня, інтэрпрэтацыі. Мэтады маніпуляцыі, якія прапагандысты і агенты ўплыву выкарыстоўвалі 30 гадоў таму, пазьней перайшлі ў рэкляму, а сёньня добра працуюць у сфэры Інтэрнэту.

Аднак невядома ці застануцца людзі, здольныя прысьвячаць шмат працы спраўджаньню фактаў і журналісцкім расьсьледаваньням. Заробкі журналістаў ва ўсім сьвеце зьніжаюцца, традыцыйныя СМІ не вытрымліваюць канкурэнцыі з блёгамі й сацыяльнымі сеткамі. Людзі з высокімі кваліфікацыямі пакідаюць гэтую прафэсію і пераходзяць у іншыя, больш фінансава выгадныя сфэры.

На думку Паўлюка Быкоўскага, ў недалёкай будучыні якасныя СМІ будуць фінансавацца, дзякуючы платнай падпісцы. Мэдыясфэра канчаткова падзеліцца на невялікую групу платных высакаякасных выданьняў, скіраваных на вузкую аўдыторыю, і вялікую масу папулярных СМІ, якія будуць больш збаўляць аўдыторыю, чым яе адукаваць і інфармаваць.

Як будзе выглядаць грамадзтва, у якім спраўджаную інфармацыю будзе атрымліваць толькі невялікая доля людзей – гэта ўжо зусім іншае пытаньне.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт