Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы плянуюць забараніць гандаль у нядзелю

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 06.10.2017 19:18
  • handel.mp3
Гандаль у інтэрнэце можа застацца без абмежаваньняў, але ўпакоўку й дастаўку тавару ў нядзелю забароняць.
pixabay.com/Public Domain CC0

У Польшчы могуць абмежаваць гандаль у нядзелю. Неўзабаве Сэйм краіны будзе разглядаць законапраект, у якім прапануецца, каб прадпрыемствы буйнога гандлю не працавалі ў дзьве нядзелі цягам месяца. Як і ў кожнай ініцыятывы, у гэтай таксама ёсьць праціўнікі й прыхільнікі. Больш за тое, падзеленыя нават польскія прафсаюзы.

Пытаньне абмежаваньня гандлю ў нядзелю ў Польшчы падымаецца ўжо даўно й вяртаецца ў парадак дня Сэйму як бумэранг. Найбольшым прыхільнікам забароны зьяўляецца Каталіцкі касьцёл, які, калі б мог, увогуле забараніў бы гандляваць у нядзелю. У якасьці аргумэнту іерархі нагадваюць, што паводле Бібліі ў нядзелю трэба адпачываць. Крытыкі ж касьцёла зазначаюць, што ня кожны веруючы й што царква мае матэрыяльны інтарэс: чым больш людзей прыйдзе ў нядзелю ў касьцёл, тым больш пакіне грошай на ахвяраваньне.

Прыхільнік забароны гандлю ў нядзелю – некалі легендарны прафсаюз “Салідарнасьць”. Лідары арганізацыі сьцьвярджаюць, што забарона патрэбная, каб дбаць пра правы працаўнікоў буйнога гандлю. Пры гэтым крытыкі ідэі кажуць, што якраз у гандлі членаў “Салідарнасьці” нямнога, а пазыцыя прафсаюзу вынікае зь яго цесных кантактаў з касьцёлам і кіруючай кансэрватыўнай партыяй “Права й справядлівасьць”.

Вялікім праціўнікам якіх-колечы забаронаў на гандаль у нядзелю зьяўляецца парлямэнцкая лібэральная партыя Nowoczesna (Сучасная). Яе лідарам зьяўляецца вядомы польскі эканаміст Рышард Пэтру. Лібэралы пачалі акцыю пад назвай “Я раблю пакупкі калі хачу”. Яе мэта – збор подпісаў сярод грамадзян з заклікам да дэпутатаў Сэйму адмовіцца ад падтрымкі абмежаваньня нядзельнага гандлю.

Рышард Пэтру кажа, што абмежаваньне – гэта кепская ідэя, якая прынясе шмат нэгатыву як працаўнікам, так і прадпрыемствам гандлю.

Р.Пэтру: Мы хочам, каб у палякаў быў выбар, бо ёсьць людзі, якія, напрыклад, ня маюць дзяцей і хочуць працаваць у нядзелю. Ёсьць студэнты, якія могуць падзарабляць толькі ў нядзелю, бо ў іншыя дні ў іх заняткі. Трэба таксама памятаць пра тое, што менавіта ў нядзелю да нас у Польшчу за пакупкамі прыяжджаюць украінцы, беларусы, немцы.

Дарэчы, штогод беларусы пакідаюць у польскіх крамах больш за 100 млн эўра, таму скарачэньне гандлёвых дзён адаб'ецца на гандлю ў памежных рэгіёнах ва ўсходняй Польшчы, а таксама ў заходняй, на мяжы зь Нямеччынай.

У сваю чаргу міністар фінансаў і разьвіцьця, віцэ-прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі лічыць, што забарона гандлю ў дзьве нядзелі не акажа нэгатыўнага ўплыву на эканоміку.

М.Маравецкі: На разьвіцьцё й фінансы гэта не акажа нэгатыўнага ўплыву, таму што людзі, калі ня змогуць рабіць пакупак у нядзелю, будуць ехаць у гандлёвыя цэнтры ў будні дзень.

Але ў гэтым выпадку крытыкі абмежаваньня зазначаюць, што цягам тыдня людзі вельмі стомленыя працай, больш за тое, працуюць дапазна. І пасьля працы ім прыйдзецца ехаць за пакупкамі! Акрамя таго, можа акажацца, што гандлёвым цэнтрам прыйдзецца прадоўжыць гадзіны працы, каб у будні дзень усе пасьпелі зрабіць пакупкі.

Дарэчы, супраць абмежаваньняў нядзельнага гандлю выступае другі па велічыні пасьля “Салідарнасьці” польскі прафсаюз – левай арыентацыі Агульнапольскае паразуменьне прафсаюзаў. Яны прапануюць, каб замест забароны ў нядзелю працаўнікам павялічыць стаўкі – 200% стаўкі буднага дня.

Цікава тое, што нядаўна было праведзенае апытаньне грамадзкай думкі, у выніку якога аказалася, што больш за 60% рэспандэнтаў выступаюць супраць якіх-колечы абмежаваньняў у нядзельным гандлі.

Калі закон будзе прыняты, абмежаваньні гандлю будуць тычыцца ўсіх гандлёвых сетак, акрамя аптэк, аўтазаправачных станцый, пякарняў, сувэнірных крам, кіёскаў з прэсай, кветкавых крамаў і крамаў, разьмешчаных на тэрыторыі вакзалаў, аўтобусных станцый і аэрапортаў. Гандаль таксама дазволяць невялікім крамам у спальных мікрараёнах, але пры ўмове, што ў гэты дзень будзе працаваць толькі ўладальнік. Гандаль у інтэрнэце можа застацца без абмежаваньняў, але ўпакоўку й дастаўку тавару ў нядзелю забароняць.

Праект прадугледжвае дазвол на гандаль у нядзелю сем разоў у год. Крамы павінны будуць працаваць, у прыватнасьці, у нядзелю напярэдадні Калядаў і Вялікадня, а таксама ў пэрыяд вялікіх распродажаў.

Паводле ацэнак часткі эканамістаў, абмежаваньне прывядзе да зьмяншэньня працаўладкаваньня ў гандлі на 36 тыс. чалавек, а абароты могуць упасьці на 2 млрд 300 млн эўра.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт