Logo Polskiego Radia
Print

«Палянэз» - легенда польскага аўтамабілебудаваньня (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 06.10.2017 19:55
  • POLONEZ.mp3
Агулам цягам 24 гадоў вытворчасьці з канвэера сышло 1 млн 61 тыс. 807 экзэмпляраў аўтамабіляў.
«Палянэз» праекту 1978 года«Палянэз» праекту 1978 годаcommons.wikimedia.org/Goldrs/CC BY-SA 4.0 CC

У апошнія тыдні ў гістарычнай рубрыцы мы апавядалі пра польскую ваенную тэхніку часоў Другой сусьветнай вайны. Сёньня ж распавядзём пра тэхніку грамадзянскага прызначэньня, а дакладней – пра бадай што найбольш легендарны польскі аўтамабіль.

Аўтамабіль «Палянэз» (Polonez) выпускаўся 24 гады – з 1978 па 2002 год. Агулам з канвэера сышло 1 млн 61 тыс. 807 экзэмпляраў аўтамабіляў, не беручы пад увагу пікапаў. «Палянэз» выпускаўся ў Варшаве, у горадзе Ныса на захадзе краіны, а зборка аўто адбывалася ў Кітаі й Эгіпце.

Гісторыя легкавога аўтамабіля «Палянэз» пачынаецца ў 1972 годзе, калі ўлады Польскай Народнай Рэспублікі прынялі рашэньне пачаць выпуск новага аўто як замену машыне Polski Fiat 125p. Задача была даручаная Варшаўскаму заводу легкавых аўтамабіляў (Fabryka Samochodów Osobowych FSO).

У 1974 годзе Польшча зьвярнулася па дапамогу да італьянскага канцэрну «Фіят». Дарэчы, супраца польскіх і італьянскіх інжынэраў у аўтамабілебудаваньні мае доўгую гісторыю й сягае даваенных часоў. І так, італьянцы разам з палякамі ўзяліся за працу й пачалі ствараць аўтамабіль, які адпавядаў бы міжнародным стандартам, каб яго можна было прадаваць у краінах Заходняй Эўропы. Унутраны й зьнешні дызайн аўто быў распрацаваны ў Centro Stile Fiat з удзелам польскіх дызайнэраў.

Задняя
Задняя частка аўто, праект '78/commons.wikimedia.org/Pitak/CC BY-SA 3.0 CC

У 1976 годзе ў Польшчу прыбыў першы тэставы экзэмпляр «Палянэза» сярэбранага колеру. Пасьля пазытыўнай ацэнкі прэм’ер-міністра Пятра Ярашэвіча праект быў прыняты й накіраваны ў вытворчасьць, але перад гэтым была праведзеная мадэрнізацыя заводу. Першыя экзэмпляры, якія трапілі ў продаж, былі выпушчаныя ў Турыне – гэта было сем аўтамабіляў, дастаўленых у Польшчу ў верасьні 1977 году. Сэрыйная вытворчасьць стартавала ў Варшаве 3 траўня 1978 году. У першы год вытворчасьці было выпушчана 5506 аўтамабіляў, якія цяпер лічацца сапраўдным рарытэтам у калекцыянэраў.

1978
1978 год/commons.wikimedia.org/Goldrs/CC BY-SA 4.0 CC

Спачатку на машыны ставіліся італьянскія рухавікі, пазьней пачалі ставіць айчынныя. «Палянэз» праектаваўся й выпускаўся як хэтчбэк, толькі ў 1994 годзе быў выпушчаны ўнівэрсал, які, аднак, не карыстаўся вялікім зацікаўленьнем у пакупнікоў. У тым жа годзе быў выпушчаны сэдан.

Аўто
Аўто праекту 1983 году/commons.wikimedia.org/KrzysztofLis/CC BY-SA 4.0 CC

Дарэчы, аўтамабілі выпускалі ў некалькіх вэрсіях камплектацыі, што было нечым не да канца звычайным як на краіны сацыялістычнага лягеру. У 1980 годзе ў сувязі з эканамічнымі праблемамі стандарт «Палянэзаў» крыху зьнізіўся, але й так у машыне вышэйшай камплектацыі можна было ўбачыць квадратныя фары (стандартныя былі круглыя), шырокія колы і лепшыя дыскі, задні спойлер, лепшы радыёпрыёмнік й праграматар лабавых шчотак. Адным словам, «Палянэз» быў вялізнай марай польскіх сямей, і ня толькі польскіх, бо ў 1980 годзе пачынаецца зборка машын з польскіх машынакамплектаў у Эгіпце, якая працягвалася да 1992 году.

Цягам гадоў аўтамабілі экспартаваліся ў Нідэрлянды, Балівію, Вялікабрытанію, Кітай (дзе аўтамабілі зьбіралі ў 1990-1995 гадах), Грэцыю, Італію, Фінляндыю, Гішпанію, Партугалію, а таксама ў некаторыя краіны Лацінскай Амэрыкі.
У 1983 і 1985 гадах былі праведзеныя глыбейшыя мадэрнізацыі «Палянэза», а ў 1979 годзе быў выпушчаны трохдзьверны экзэмпляр. Агулам завод пакінула каля 200 экзэмпляраў згаданай вэрсіі, і цяпер такія аўто – гэта проста самародкі, які шукаюць аўтакалекцыянэры.

«Палянэз»
«Палянэз» 1996 года выпуску/commons.wikimedia.org/Goldrs/CC BY-SA 4.0 CC

Чарговыя мадэрнізацыі адбыліся ў 1986, 1987 і 1989 гадах, а таксама у 1993-м. У 1997 годзе завод быў куплены карэйскім канцэрнам Daewoo, і на жаль, гэтую дату можна лічыць пачаткам канца «Палянэза». Спачатку аўтамабілі былі выцесьненыя з замежных рынкаў, пазьней пачалі прайграваць канкурэнцыю ў Польшчы ў сувязі з разнастайнасьцю даступных марак аўтамабіляў, а ў канцы канцэрн Daewoo збанкрутаваў.

Другая
Другая палова 1990-х гадоў/commons.wikimedia.org/Goldrs/CC BY-SA 4.0 CC

«Палянэз» выпускаўся таксама як спэцтэхніка: завод вырабляў аўтамабілі для міліцыі (пазьней паліцыі), мэдыцынскіх службаў, пажарнікаў, дзяржаўных чыноўнікаў, быў нават «Палянэз» кемпер.

А ў палове 1990-х гадоў спэцыяльнай вэрсіяй «Палянэза» перамяшчаўся тагачасны прэм’ер-міністар Вальдэмар Паўляк, які такім чынам вырашыў рэклямаваць айчынную аўтамабілебудаўнічую прамысловасьць.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт