Logo Polskiego Radia
Print

Спэцслужбы Польшчы пракамэнтавалі дэпартацыю грамадзяніна Расеі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 13.10.2017 11:17
Выкладчык Дзьмітры К. падрываў польска-ўкраінскія адносіны й дыскрэдытаваў польскае кіраўніцтва ў СМІ – гаворыцца ў заяве.
pixabay.com/Public Domain CC0

Прэс-служба міністра, адказнага за каардынацыю спэцслужбаў Польшчы, Марыюша Каміньскага апублікавала афіцыйную заяву з нагоды дэпартацыі грамадзяніна Расеі Дзьмітрыя К. Расеец, які выкладаў у Гуманітарнай акадэміі ў горадзе Пултуску, быў выдалены з Польшчы 11 кастрычніка па ініцыятыве Агенцтва ўнутранай бясьпекі.

Паводле інфармацыі гэтай польскай спэцслужбы, Дзьмітры К. «рэалізаваў элемэнты гібрыднай вайны» супраць Польшчы, а таксама падтрымліваў кантакты з расейскай выведкай. Афіцыйна ён знаходзіўся ў Польшчы як навуковец і прадстаўнік Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (РИСИ). Дзьмітры К. актыўна заводзіў кантакты ў асяродзьдзі гісторыкаў і журналістаў, знаходзіў людзей з пракрамлёўскімі поглядамі й ўцягваў іх у супрацоўніцтва – гаворыцца ў заяве каардынатара польскіх спэцслужбаў.

Расейскі выкладчык праводзіў інфармацыйныя дзеяньні, скіраваныя на падрыў польска-ўкраінскіх адносінаў, супраціў дэмантажу ў Польшчы савецкіх помнікаў, а таксама дыскрэдытацыю польскіх уладаў у замежных СМІ. Людзям, якіх Дзьмітры К. уцягнуў у супрацоўніцтва, пра свае сувязі з Расейскім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў, ён не паведамляў.

Агенцтва ўнутранай бясьпекі прыйшло да высновы, што дзеяньні расейскага выкладчыка супадаюць з дзеяньнямі расейскай выведкі, якія шкодзяць інтарэсам Польшчы. Расейскі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў быў створаны як навукова-аналітычны цэнтар расейскіх спэцыяльных службаў. Цяпер ім кіруе былы дырэктар Службы зьнешняй выведкі Расеі – гаворыцца ў заяве Марыюша Камінькага.

ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт