Logo Polskiego Radia
Print

Расея адмаўляецца пускаць украінскіх лекараў да Паўла Грыба

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 13.10.2017 12:12
Насуперак рашэньню суду, Расея не дапускае ўкраінскіх мэдыкаў да ўкраінца, выкрадзенага ў Гомелі.
Павал Грыб. Фота з сацсетак. Павал Грыб. Фота з сацсетак. facebook.com/eugeniyazz

Насуперак патрабаваньням Эўрапейскага суду па правах чалавека Расея адмаўляецца дапускаць украінскіх лекараў да 19-гадовага Паўла Грыба, якога расейскія спэцслужбы выкралі ў Гомелі.

У чацьвер група ўкраінскіх мэдыкаў па запрашэньні суду прыехала ў Краснадар, каб правесьці мэдыцынскае абсьледаваньне маладога ўкраінца, які ўтрымліваецца ў мясцовым СІЗА. Групу ўзначальвае доктар Васіль Прытула, які лячыў сур’ёзнае захворваньне Паўла Грыба з часоў, калі той быў дзіцём – паведамляе Харкаўская праваабарончая група.

Павал Грыб зь дзяцінства хварэе на партальную гіпэртэнзію – парушэньне структуры сасудаў печані, таму штодзённа павінен прымаць прэпараты. Украінскі бок не атрымаў пераканаўчай інфармацыі, ці маладому чалавеку аказваюць неабходную мэдыцынскую дапамогу.

Сям’я Паўла грыба мяркуе, што расейскія ўлады выкарыстоўваюць дрэнны стан здароўя хлопца, каб прымусіць яго «прызнацца» ў тэрарыстычнай дзейнасьці.

Група ўкраінскіх мэдыкаў будзе ўзнаўляць свае спробы прабіцца да Паўла Грыба да 15 кастрычніка. На пастаяннай сувязі з лекарамі знаходзяцца Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства замежных справаў Украіны.

24 жніўня Павал Грыб быў выкрадзены расейскімі спэцслужбамі ў Гомелі, куды ён прыехаў на сустрэчу з расейскай дзяўчынай, зь якой перапісваўся ў сацыяльных сетках. ФСБ Расеі завяло супраць 19-гадовага хлопца крымінальную справу па артыкуле «Тэрарыстычны акт». Сям’я Паўла называе абвінавачаньне абсурдным і лічыць, што хлопца выкралі з-за яго выказваньняў у сацсетках.

Сям’я Паўла Грыба падала ў Эўрапейскі суд па правах чалавека скаргу на Расею з-за выкраданьня ўкраінскага грамадзяніна. У сацыяльных сетках пачаўся флэшмоб з мэтай змусіць расейскія ўлады дапусьціць да Паўла Грыба ўкраінскіх лекараў.

ап/khpg.org

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт